Top.Mail.Ru

Выстаўка Ірыны Гаспадарскай працуе ў арт-галерэі «Сфера»

Аўтар: Лізавета Крупянькова
07.10.2026 | 14:39
Там, дзе спеюць мары

Праект «Восеньскі сад тваіх жаданняў» прапаноўвае гледачам зазірнуць ва ўнутраны свет жанчыны і ўбачыць там дзіўны сад, напоўнены спелымі пладамі яе мараў і ціхімі сцежкамі ўспамінаў. Віцебская мастачка засяроджваецца на стварэнні асабістай прасторы, дзе захоўваюцца думкі, пачуцці і самыя патаемныя жаданні. У экспазіцыі дэманструюцца каля 30 жывапісных работ, выкананых у пазнавальнай аўтарскай тэхніцы.

Ірына Гаспадарская скончыла Віцебскі дзяржаўны тэхналагічны ўніверсітэт па спецыяльнасці «мастак-тэхнолаг» (факультэт дызайну). Працуе ў розных тэхніках, эксперыментуе з матэрыяламі. Актыўна ўдзельнічае ў рэспубліканскіх і міжнародных выстаўках і пленэрах, член Беларускага саюза дызайнераў і Еўразійскай мастацкай садружнасці. Аўтар серыі работ «Лялечны горад». Любімыя тэмы мастачкі — фантастычныя казачныя сусветы і персанажы, кветкі і букеты. Працуе творца ў рэчышчы сімвалізму і абстракцыі, ствараючы чароўную прастору для паглыблення і самааналізу.

У экспазіцыі арт-галерэі «Сфера» дэманструюцца работы Ірыны Гаспадарскай, выкананыя ў змешанай тэхніцы і напоўненыя непаўторным святлом. Багацце дэталяў — характэрная рыса творчасці аўтара, якая надае карцінам шматслойнасць: кожны фрагмент нібы запрашае спыніцца, разгледзець і знайсці нешта сваё.

Праз поры года, асабліва восень, творца даследуе шматграннасць жаночай душы, візуалізуе невымоўнае і закранае інтымнае. У масавай культуры прынята параўноваць жанчыну з кветкай, таму мастачка выбрала метафару саду як адлюстраванне ўнутранага свету, які патрабуе ўвагі і любові.

Работы Ірыны Гаспадарскай вылучаюцца дэкаратыўнасцю, актыўным выкарыстаннем рэльефнай фактуры, добрай прапрацоўкай дэталяў (арнаментальнасць) і сімвалічным падтэкстам. Творца таленавіта спалучае жывапіс з элементамі дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, ствараючы выразныя фактурныя пано.

Прыцягвае ўвагу серыя работ, прысвечаная казачным і міфічным персанажам. Карціны «Каралева матылькоў» (2010), «Прынцэса і матылькі» (2010–2011), «Зімняя казка» (2009), «Раманс» (2011), «Чаканне» (2009–2010) аб’яднаны вытанчанай жаноцкасцю і атмасферай маскараду. Мастачка звяртаецца да стылістыкі часоў барока ці ракако, выкарыстоўвае раслінны арнамент, смела эксперыментуе з адценнямі, дзякуючы якім карціны становяцца падобнымі на старажытныя фрэскі ці габелен. Каліграфічная графіка паўзверх жывапісных слаёў і складаная тэхніка нанясення фарбы надаюць работам глыбокае, амаль ювелірнае гучанне і ператвараюць палатно ў шматслойнае артэфактнае пано. 

У экспазіцыі прадстаўлены і нацюрморты Ірыны Гаспадарскай, якія адлюстроўваюць яе асаблівую любоў да кветак. «Півоні» (2024), «Цюльпаны» (2025), «Букет» (2024), «Дачны букет» (2022), «Чэрвень» (2024) уяўляюць сабой чысты алейны жывапіс у імпрэсіянісцкай манеры. Дзякуючы актыўнай рабоце з рэльефам мазка бутоны выглядаюць аб’ёмнымі. Здаецца, што пялёсткі не проста намаляваны фарбамі, а вылеплены на паверхні палатна. Фон на карцінах ніколі не бывае плоскім і «глухім». Гэта заўсёды дынамічнае экспрэсіўнае асяроддзе, якое стварае неабходны для кампазіцыі  настрой.

Праект пакідае адчуванне цэльнага мастацкага сусвету, дзе казка ажывае і напаўняе прастору цеплынёй, святлом і ціхім сузіраннем прыгожага.

Выстаўка працуе да 18 кастрычніка.

Лізавета КРУПЯНЬКОВА

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю