Top.Mail.Ru

Выстаўка мастака-авангардыста адкрылася у галерэі DK

Аўтар: Лізавета Крупянькова
17.12.2024 | 14:24

У галерэі DK адкрылася выстаўка беларускага мастака-авангардыста Аляксандра Забаўчыка «ЗабаўчыкS». Яго жывапіс дзесьці на памежжы абстрактнага і рэальнага. Мастак цесна ўзаемадзейнічае з філасофіяй, даследуе вобразы і пластыку навакольнага асяроддзя.


У 1987 годзе Аляксандр Забаўчык скончыў аддзяленне прамысловага мастацтва Беларускага тэатральна-мастацкага інстытута і з таго часу цалкам прысвяціў сябе жывапісу. Персанальныя выстаўкі яго работ рэгулярна праходзяць не толькі ў Беларусі, але і ў краінах СНД і Заходняй Еўропы. З 2004 года Аляксандр уваходзіць у творчае аб’яднанне мастакоў «Арцель».

Знаходжанне ў Кітаі, дзе мастак паглыбіўся ў мясцовую гісторыю і жывапіс, а затым па запрашэнні кітайскага ўрада прыняў удзел у сумеснай кітайскабеларускай выстаўцы, моцна паўплывала на філасофскі падтэкст яго творчасці.

Аляксандр Забаўчык працуе ў адметнай тэхніцы, якая не мае аналагаў у свеце. Інструменты для жывапісу ён стварае сваімі рукамі. Пра сваю дзейнасць Аляксандр гаворыць так: «Мастацтва — толькі сродак прыкладання намаганняў для змянення сябе ў лепшы бок. Ты сам ёсць сэнс гэтага жыцця. Таксама сэнс жыцця ў тым, каб пазбавіцца дзіцячага эгаізму. Ты павінен у канцы аддаць больш, чым ты ўзяў у пачатку. Такі закон жыцця».

У экспазіцыі галерэі DK прадстаўлены работы розных перыядаў творчасці аўтара. Мастак працуе ў стылі абстракцыянізму. Аляксандр Забаўчык эксперыментуе з формамі і адценнямі, ствараючы новыя вобразы рэчаіснасці. Абстракцыі мастака не толькі алюстроўваюць ўнутраны стан чалавека, але і трансліруюць нябачныя воку змены ў вонкавым свеце.

Жывапіс Аляксандра непрадказальны, быццам нястрымны горны паток, для якога не існуе пастаяннага рэчышча, і ён упарта выходзіць з вызначаных традыцыямі берагоў. Мастак стварае свае работы падобна джазавай імправізацыі, не ведаючы, куды павядзе яго рука наступны раз.

Цэнтральная кампазіцыя «Радзіма» (2015) прыцягвае ўвагу лірычнымі матывамі і мяккімі колерамі. Тут няма характэрных для абстракцыянізму вострых вуглоў, геаметрыі і яркіх фарбаў. У плаўных лініях можна ўбачыць дарагія сэрцу краявіды, а цёплыя аранжава-карычневыя адценні надаюць твору ласкавы восеньскі настрой. Магчыма, гэта ўзаранае поле, якое рыхтуецца да доўгага зімовага сну. А можа, прыгожы лес яшчэ не скінуў яркае лісце.

У прадстаўленых работах аўтар выкарыстоўвае супрацьлеглыя колеры. У адной прасторы знаходзяцца папяліста-шэрыя сілуэты, манахромныя вобразы і барвова-чырвоныя фантазіі. У творчасці Аляксандра Забаўчыка пераважаюць асноўныя колеры любога кірунку жывапісу: чорны, белы, шэры, а таксама колеры, што раскрываюць мастацкую індывідуальнасць

аўтара: чырвоны, сіні, зялёны, жоўты і ружовы. Нярэдка мастак спалучае гэтыя супрацьлегласці для лепшага адлюстравання рэчаіснасці.

Прыродныя матывы, а дакладней вобразы лясных масіваў, можна ўбачыць на работах, выкананых у розных адценнях шэрага. У цэнтры кампазіцыі «Без назвы» (2024) — звычайны чорны лес, які часта назіраем падчас паездкі на аўтамабілі. Незвычайная аўтарская тэхніка нанясення фарбы стварае ўражанне, быццам на гэты пахмурны шэры пейзаж глядзіш праз акенца, за якім ідзе праліўны дождж. Усе адценні шэрага асацыіруюцца ў людзей з меланхоліяй і сумам, аднак Аляксандр Забаўчык падае іх у такой мяккай і шчырай форме, што хочацца паглыбіцца ў атмасферу твора. 

Мастак цесна ўзаемадзейнічае з навакольным асяроддзем, натхняецца прыродай. Работа «Янот» (2024) — гэта даніна павагі зямлі, што спарадзіла ўсіх нас, яе таленту ствараць абсалютныя рэчы, з’явы і істот. Творца захапляецца фактурамі і сімволікай, якую можна знайсці ў простых аб’ектах. Гэтая работа быццам запрашае гледачоў спыніцца і знайсці прыгажосць у наваколлі.

Праз яркія колеры, строгія ці плаўныя лініі аўтар спрабуе перадаць душэўны стан чалавека, паразважаць пра такія важныя рэчы, як каханне, давер, адзінота, сумненне, роспач і захапленне. Гэтыя работы адлюстроўваюць спантанны характар людзей і іх учынкі, жаданне цеснай сувязі з сабе падобнымі і эмацыянальную буру, што падшурхоўвае чалавецтва да вар’яцтва.

Падчас работы экспазіцыі можна паслухаць класічныя і сучасныя джазавыя кампазіцыі для лепшага паглыблення ў творчасць майстра. Выстаўка працуе да 12 студзеня 2025 года.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю