Фестываль «Сузор’е» кожныя тры гады збірае разам аматарскія калектывы, каб іх удзельнікі прадэманстравалі свае напрацоўкі. Выстаўка «Ад прадзедаў...» — заключны этап фэсту: шырокаму колу гледачоў прэзентуюць найлепшыя работы юных аўтараў. Кожны з прадстаўленых калектываў, як адзначаюць арганізатары, здолеў прадэманстраваць сваю ўнікальнасць.
А мэта, якая была пастаўлена перад імі, — адлюстраваць жывую традыцыйную культуру і нацыянальныя асаблівасці беларусаў. І выяўленчае мастацтва, і традыцыйныя віды творчасці дазваляюць дасягнуць гэтага, няхай вынікі і дастаткова розныя.
Першае, што заўважаеш на выстаўцы «Ад прадзедаў...», — творы з керамікі. Магчыма, таму, што адразу пазнаеш так званую бабруйскую школу мастацкай керамікі. Аднак гэта не дзіўна і не супярэчыць канцэпцыі выстаўкі. Справа ў тым, што ў экспазіцыі шмат твораў удзельнікаў Узорнай студыі дэкаратыўна-прыкладной творчасці «Мастацкая кераміка». Кіруе творчым працэсам, дапамагае падапечным, якія робяць упэўненыя шляхі да авалодання майстэрствам керамікі, Максім Калтыгін. Мастак і педагог — сын Валерыя Калтыгіна, старшыні Бабруйскай гарадской арганізацыі Беларускага саюза мастакоў і кіраўніка міжнароднага пленэру па кераміцы «Арт-Жыжаль». Тыя, хто знаёмы з творчасцю славутых майстроў, адразу заўважаць падабенства іх твораў з работамі пачаткоўцаў.
Тут ёсць нагода паразважаць не толькі пра місію і магчымасці настаўніка як правадніка ведаў і ўменняў, пра яго ўплыў на дзяцей, але і пра сапраўдную пераемнасць — у адзін з аўтарскіх калектываў уваходзяць некалькі юных мастакоў з адным прозвішчам — Калтыгіны.
Кожны з калектываў прадэманстраваў тое, над чым ішла работа апошнім часам, аднак хацелася б вылучыць творы ўдзельнікаў Народнай студыі выяўленчага мастацтва «Востраў». Рознаўзроставыя аўтары — розныя і іх работы, створаныя пад кіраўніцтвам розных педагогаў. Аднак ужо сёння відавочныя і намаганні старэйшага пакалення, і творчы патэнцыял дзяцей, юнакоў і дзяўчат... Ды, безумоўна, для ўсіх удзельнікаў гарадскі фестываль, фінальная выстаўка ў цэнтры Мінска сталі сведчаннем недарэмнай працы, штуршком для далейшай творчасці і, будзем спадзявацца, нагодай вяртацца да традыцый продкаў.
Наведаць экспазіцыю «Ад прадзедаў...» у галерэі «Універсітэт культуры» можна да 18 снежня.
Фота аўтара