Top.Mail.Ru

XXX Міжнародны фестываль «Званы Сафіі» збірае сяброў

Аўтар: Яўгенія Шыцька
17.10.2025 | 19:00
Да 40-годдзя полацкага аргана

У Беларусі ёсць шмат фестываляў, якія збіраюць безліч гасцей, пастаянных і новых — арганізатары знаходзяць, чым іх прывабіць, хоць, зразумела, не заўсёды гэты поспех трывалы: ці вернецца той наведвальнік у новым годзе?.. Аднак ёсць фэсты са сталай публікай, выпадковыя і абыякавыя людзі на іх завітваюць рэдка. Міжнародны фестываль арганнай музыкі «Званы Сафіі» ў Полацку можна аднесці якраз да такіх — мерапрыемствы ў яго рамках шмат гадоў збіраюць дасведчаных слухачоў, здольных ацаніць прапанаваную ім праграму. 

Сёлета Міжнародны фестываль арганнай музыкі «Званы Сафіі» пройдзе ў 30-ы раз. 

У канцэртнай зале Сафійскага сабора ў Полацку з 26 кастрычніка да 30 лістапада выступяць вядомыя выканаўцы. Арганізатары абяцаюць парадаваць цікавымі дуэтамі, сярод якіх — спалучэнне клавішнага духавога музычнага інструмента з трамбонам, флейтай і вакалам. Аднак усю ўвагу ўдзельнікаў і гасцей скіруюць на полацкі арган: юбілейны фэст прысвечаны акурат яго 40-годдзю (у 1985 годзе спецыяльна для полацкай канцэртнай залы майстры найстарэйшай чэшскай фірмы «Riеger-Kloss» спраектавалі і ўстанавілі інструмент, што стаў славутым на Беларусі). 

Гэтым разам на фестывалі «Званы Сафіі» прагучаць шэдэўры эпохі барока, а таксама творы кампазітараў XIX і XX стагоддзяў. У праграме — музыка Тамаза Альбіноні, Вольфганга Амадэя Моцарта, Людвіга ван Бетховена, Роберта Шумана, Ферэнца Ліста, Сезара Франка, Габрыэля Фарэ... Знайшлося месца і створанаму нашым сучаснікам — японскім аўтарам Юі Какінумай. 

Між тым канцэрт-адкрыццё будзе прысвечаны 340-годдзю з дня нараджэння Іагана Себасцьяна Баха і Георга Фрыдрыха Гендэля. Музыку выдатных прадстаўнікоў эпохі барока выканаюць заслужаная артыстка Рэспублікі Беларусь, салістка Сафійскага сабора Ксенія Пагарэлая і камерны аркестр «Еўропа-Цэнтр» пад кіраўніцтвам Раіля Садыкава. Запланаваны выступленні расійскіх арганістаў Аляксея Шмітава і Наталлі Міхайлавай, а таксама Людмілы Трацэўскай (каларатурнае сапрана), якая ў свой час скончыла Беларускую дзяржаўную акадэмію музыкі, а цяпер выкладае ў Каледжы музычна-тэатральнага мастацтваімя Г. П. Вішнеўскай у Маскве. Сярод айчынных выканаўцаў на форуме — Вера Латышава і Канстанцін Мазюк, Кацярына Нікалаева і Таццяна Кармазінава. 

З сольнай праграмай у Полацк завітае арганістка з Японіі Хірока Іноўэ. 

Яўгенія ШЫЦЬКА

Фота з архіва БелТА

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю