У Цэнтры даследаванняў беларускай культуры мовы і літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук прайшоў круглы стол «Беларуская народная казка ў кніжных ілюстрацыях». Яго арганізатарамі выступілі аддзел фалькларыстыкі і культуры славянскіх народаў і сектар этналінгвістыкі і фальклору. Асноўная мэта сустрэчы — знайсці новыя шляхі для актуалізацыі беларускай казкі. Удзельнікі, сярод якіх былі фалькларысты, ілюстратары, педагогі, разважалі пра тое, чаму сучасныя кніжныя праекты часта не даходзяць да юнага чытача, якімі павінны быць мастацкія вобразы, каб яны захаплялі дзяцей.
Увага неапрацаваным тэкстам
У апошнія гады вучонымі праведзена вялікая работа па пошуку казак у архівах Беларусі і Расіі. Знойдзена шмат тэкстаў, якія яшчэ нідзе не друкаваліся. Рыхтуюцца новыя зборнікі. На інтэрнэт-старонцы «Беларускія народныя казкі», якае мае статус «Нацыянальнага здабытку», можна пазнаёміцца з тэкстамі з калекцыі фальклорных запісаў Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору. Каштоўнасць
рэсурсу ў тым, што там можна не толькі пачытаць казкі, але і паслухаць аўтэнтычныя запісы, зробленыя вучонымі ў 1960–2000-я гады. Такім чынам можна зразумець, як гучыць народная казка. Асаблівыя прыёмы, тыя ж паўторы, мілагучнасць, рытм спрыялі таму, што гісторыя заварожвала маленькага чытача, натхняла, прымушала суперажываць героям. Акрамя таго яна добра запаміналася, і пасля ўжо перадавалася наступным пакаленням. Магчыма, гэтыя асаблівасці будуць карыснымі, каб папулярызаваць казку цяпер, рабіць новыя праекты,
якія дапамогуць паўплываць на дзяцей ХХІ стагоддзя. Ва ўсякім разе, такая прапанова прагучала падчас круглага стала. Таксама ўдзельнікі заўважылі, што з большасцю народных казак дзеці знаёмяцца дзякуючы іх літаратурным апрацоўкам. Неабходна, каб у арсенале бацькоў і педагогаў былі і кнігі з «арыгінальнымі» запісамі. Такая казка гучыць па-іншаму, у ёй могуць прысутнічаць нават песні, заклічкі, загадкі.
Гісторыя ў малюнках
Кандыдат мастацтвазнаўства Алена Пікулік заўважыла, што ілюстрацыі выконваюць шэраг важных функцый.
Да наступлення лічбавай эпохі знаёмства з сусветам дзеці пачыналі менавіта з кніжкі. Акрамя таго, праз малюнак малыя вучыліся падзяляць дабро і зло, станоўчых і адмоўных персанажаў. Першыя эстэтычныя ўражанні і фарміраванне густу дзіцяці таксама звязаны з кніжнымі ілюстрацыямі. Гэта выдатна разумелі мастакі, яны адчувалі, што не маюць права рабіць дрэнныя ілюстрацыі.
На беларускіх землях казку ілюструюць больш за сто гадоў. Прычым над афармленнем кніг працавалі самыя таленавітыя мастакі. Гэта была пачэсная справа. Па матывах кніжных ілюстрацый яны сваралі станковыя творы, удзельнічалі з імі ў вернісажах, выстаўках, міжнародных конкурсах. На ілюстрацыях можна было нядрэнна зарабляць, бо тыражы дзіцячых кніг былі велізарнымі. У часы сацрэалізму, калі фармалістычныя эксперыменты не віталіся, мастакі мелі больш магчымасцей для самарэалізацыі: усё ж казка — гэта пра цуды, мары, у ёй шмат пераўтварэнняў.
Алена Пікулік расказала як развівалася ілюстрацыя ў ХХ стагоддзі. Калі з’яўляліся першыя беларускія школы, пачала расці патрэба ў дзіцячай літаратуры. Спачатку выданні былі даволі сціплымі, яны выходзілі на дрэннай паперы, без ілюстрацый. Але ўжо ў 20-я гады ХХ стагоддзя, калі ў Мінску з’явілася Дзяржаўнае выдавецтва, вакол яго сталі аб’ядноўвацца прафесійныя мастакі. Напрыклад, Міхась Філіповіч зрабіў серыю малюнкаў па матывах народных казак. Сярод першых беларускіх ілюстратараў дзіцячых кніг можна назваць Валянціна Волкава.
Адна з казак, да якой ён зрабіў ілюстрацыю ў 1929 годзе — «Як курачка пеўніка ратавала». Між іншым, у 1931 годзе ў Дзяржаўнае выдавецтва паступіў ліст з прапановай забараніць казку як «контррэвалюцыйную», у ёй убачылі намёк на «валакіту».
У 1930–1950 гады, нягледзячы на тое, што над ілюстрацыямі працавала шмат выдатных мастакоў, афармленне дзіцячай кнігі было не на лепшым узроўні. І справа не толькі ў тым, што ілюстратары ўжо не маглі экперыментаваць. Не хапала адзінага падыходу, калі малюнак, набор, афармленне заставак і канцовак маглі гарманічна дапаўняць адно аднаго.
Росквіт дзіцячай ілюстрацыі звязаны з 1960–1990 гадамі. У гэты час мастакі шмат падарожнічаюць, вывучаюць народную культуру. Новыя веды адлюстроўваюцца ў іх работах, дзе перадаецца нацыянальны каларыт: тут можна пабачыць строі, арнаменты, прадметы побыту. Можна ўспомніць і такіх мастакоў, як Алена Лось, Наталля Паплаўская, Уладзімір Савіч, Мікалай Селяшчук і Валерый Славук...
Падчас круглага стала ўздымалася пытанне, якой павінна быць ілюстрацыя ў ХХІ стагоддзі. Змяніліся дзеці, спосабы ўспрымання свету. Кніжка пачала прайграваць гаджэтам. Заваяваць чытача выдавецтвы часам спрабуюць кідкімі малюнкамі ці нізкім коштам, калі для эканоміі выкарыстоўваюць штучны інтэлект. Удзельнікі заўважылі, што сёння трэба не толькі шукаць новыя падыходы і формы падачы казкі, якая ўплавае на фарміраванне светапогляду дзіцяці, яго ідэнтычнасці, але і служыць выхаванню бацькоў.
Алена ДЗЯДЗЮЛЯ
Фота аўтара