Штогод у сценах мастацкай галерэі «Універсітэт культуры» падчас зімовых свят праходзіць традыцыйная выстаўка-конкурс дзіцячай творчасці «Зімнія ўражанні». Сёлета ў экспазіцыю ўвайшлі работы вучняў дзіцячых школ мастацтваў і школ з мастацкім ухілам горада Мінска, а таксама выхаванцаў устаноў дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі.
Выстаўка-конкурс ужо стала добрай традыцыяй. За ўвесь час правядзення тут былі прадстаўлены сотні юных талентаў. Для мастакоў-пачаткоўцаў гэта добрая магчымасць прадэманстраваць навыкі, пазнаёміць шырокую публіку са сваёй творчасцю, атрымаць ацэнку прафесіяналаў і натхніцца работамі іншых удзельнікаў конкурсу. Юныя творцы ацэньваюцца ў трох узроставых катэгорыях: 6–10 гадоў, 11–13 гадоў, 14–17 гадоў. Пераможцы ў кожнай атрымаюць дыпломы. Мэта выстаўкі-конкурсу «Зімнія ўражанні» — удасканаленне духоўна-маральнага выхавання і фарміраванне творчай асобы вучняў, падтрымка таленавітых дзяцей і моладзі ў сферы выяўленчага і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. У склад журы ўвайшлі прафесійныя мастакі, выкладчыкі выяўленчага мастацтва і мастацтвазнаўцы.
Тэма конкурсу гучыць у назве, таму дзеці атрымалі магчымасць праявіць фантазію і неяк па-асаб-
ліваму паказаць зімовую пару і ўсё, што з ёй звязана. Свае ўражанні мастакі перадалі ў самых розных жанрах і тэхніках: жывапіс, графіка, скульптура, дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. Большую частку экспазіцыі складаюць жывапісныя творы ўдзельнікаў, выкананыя ў такіх мастацкіх кірунках, як рэалізм, абстракцыянізм, поп-арт. Дэкаратыўна-прыкладное мастацтвапрадстаўлена калектыўнымі работамі выхаванцаў Мінскага дзяржаўнага палаца дзяцей і моладзі. Тут можна ўбачыць цудоўныя ўзоры беларускага народнага саломапляцення, разьбы па дрэве (і нават сталярнага майстэрства!), тэкстыльных лялек у нацыянальным адзенні і шмат іншага. Скульптурнаякераміка маладых творцаў здзіўляе эксперыментальнымі падыходамі, свежымі ідэямі і таленавітым выкананнем.
Прыемна бачыць, што маладое пакаленне мастакоў не забывае сваіх каранёў, не імкнецца падладзіцца пад сусветныя абязлічаныя тэндэнцыі, а выбірае шлях папулярызацыі роднай культуры. Асабліва вылучаецца кампазіцыя выхаванцаў Мінскага дзяржаўнага палаца дзяцей і моладзі «Дзіцячыя забаўкі на Каляды» (Лізавета Балаева, Ганна Катовіч, Лізавета Цемнік) і «Каляды» (Мікіта Пятроў, Ганна Катовіч).
Ражджаство Хрыстова займае значнае месца ў экспазіцыі. Тут можна ўбачыць і праваслаўныя, і каталіцкія традыцыі святкавання, якія аднолькава нясуць у свет атмасферу любові і гармоніі. Важным атрыбутам свята, па меркаванні мастакоўпачаткоўцаў, з’яўляюцца чароўныя спевы анёлаў, без якіх нельга ўявіць сапраўднае Ражджаство.
Якое зімняе ўражанне можа быць без прыгожа прыбранай навагодняй ёлкі? Такой жа думкі прытрымліваюцца і юныя творцы. У экспазіцыі можна ўбачыць звычайную хатнюю ёлку, прыгожыя гарадскія, якія ствараюць навагодні настрой нават у самае шэрае надвор’е, і, канешне ж, галоўную ёлку краіны.
Выстаўка працуе да 6 лютага.
Лізавета КРУПЯНЬКОВА
Фота аўтара