Top.Mail.Ru

Як музыка змяняе жыццё чалавека з маленства?

Аўтар: Лізавета Крупянькова
25.12.2024 | 10:05

Знаёмства з музыкай у дзіцячыя гады пакідае глыбокі след на ўсё жыццё. Мелодыя — важны спадарожнік чалавека ў моманты радасці і суму, роспачы і спакою. Яна суправаджае нас падчас цёплых сяброўскіх сустрэч, рамантычных спатканняў, прагулак у адзіноце, падчас моцнага гаравання ці весялосці. Цыкл канцэртаў «Дзіцячыя гады любімых кампазітараў» Беларускай дзяржаўнай філармоніі паказвае, як музыка змяняе жыццё чалавека з маленства і ідзе побач да самай смерці.


Праект існуе ўжо больш як 40 гадоў і з’яўляецца важнай часткай супрацоўніцтва Белдзяржфілармоніі з Рэспубліканскай гімназіяй-каледжам пры Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі. Ініцыятарам і аўтарам цыкла з’яўляецца вядомы ў Беларусі і за яе межамі лектар-музыказнаўца Анатоль Парэцкі. Музычна-асветніцкая дзейнасць стала яго жыццёвым дэвізам. Канцэртныя сезоны філармоніі ўпрыгожваюць аўтарскія цыклы Анатоля Парэцкага «Усёй сям’ёй на канцэрт», «Маленькія сімфоніі для вялікага аркестра», «Дзіцячыя і юнацкія гады любімых кампазітараў», «Сцежкі, што вядуць у музыку» і іншыя. Можна заўважыць, што ўсе праграмы накіраваны на пашырэнне дзіцячай творчасці. 

Сёння мастацкім кіраўніком і вядучай праекта з’яўляецца лаўрэат міжнародных конкурсаў, удзельніца міжнародных фестываляў і майстар-класаў Юлія Архангельская. «Можна сказаць, я прыняла эстафету праекта, калі Анатоль Давідавіч пайшоў на заслужаны адпачынак. У той перыяд я адначасова працавала выкладчыцай у Рэспубліканскай гімназіі-каледжы і салісткай у Беларускай дзяржаўнай філармоніі. 

Я ведала і Анатоля Давідавіча Парэцкага, і яго творчасць, таму праект „Дзіцячыя гады любімых кампазітараў“ не быў для мяне чымсьці новым. Сёння цыкл ахоплівае не толькі раннюю творчасць музыкантаў. Галоўная асаблівасць праекта — дзеці-выканаўцы і дзеці-гледачы», — падзялілася Юлія Архангельская.

Вучні Рэспубліканскай гімназіі-каледжа пры Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі рыхтуюць пэўныя праграмы, якія ўжо ў пачатку навучальнага года і нават летам аб’яўляюцца. Пасля праходзіць праслухоўванне, дзе самыя таленавітыя дапускаюцца да канцэрта.

Першы «зімні» цыкл быў прысвечаны музыцы кампазітараў Францыі. «Мы выбралі шырокае кола музыкантаў, пачынаючы з ХVII стагоддзя і да нашых дзён. Складана вылучыць аднаго кампазітара, каб для кожнага інструмента ў яго быў дзіцячы рэпертуар, таму і прыйшла такая ідэя — рабіць канцэрты, якія аб’ядноўваюць некалькі аўтараў. У праграме „Музыка кампазітараў Францыі“ можна пачуць і клавесіністаў ХVII—XVIII стст., і сучасных выканаўцаў. Тут ужо больш шырокая творчая прастора, шмат дзяцей падрыхтавалі канцэртныя нумары, выбраць найлепшых было вельмі складана», — расказала вядучая канцэрта.

«Музыка кампазітараў Францыі» вылучаецца багаццем інструментаў, стыляў і падыходаў. Адкрыла праграму з двух аддзяленняў мяккая і лірычная мелодыя арфы. Саната g-moll: І частка ў выкананні Мар’яны Бейні (педагог В. Ю. Грабоўская) напоўніла малую залу Белдзяржфілармоніі спалучэннем выразнага рытму са светлай гармоніяй. Тэмп твора паступова змяняўся з велічна спакойнага да ўпэўнена-гарэзлівага, пераносячы слухачоў у Францыю XVIII стагоддзя.

Падтрымлівае зададзеную атмасферу твор Мішэль Турнье «Расшыфроўка» (выканаўца Лета Глотава, педагог В. Ю. Грабоўская). Насычаны тэмбр, лёгкі тэмп і выразны рытм кампазіцыі ў спалучэнні з дзіцячай гарэзлівасцю дапамаглі расчуліцца нават самым сур’ёзным слухачам. Працягнулі вясёлы настрой музычныя фантазіі Ж. Б. Люлі «Арыя» ў выкананні Чэслава Дабрыцкага (педагог Я. А. Гарбунова), Ж. Ф. Рамо «Дзікуны» (выканаўца Елісей Саколікаў, педагог А. Ю. Логінава), «Радасная» (выканаўца Леў Шупілаў, педагог А. В. Баравікоў).

Нягледзячы на тое, што галоўнымі музыканта на сцэне малой залы Белдзяржфілармоніі з’яўляюцца дзеці, прадстаўлены ў праграме рэпертуар складана назваць лёгкім і наіўным. У ім таленавіта спалучаюцца гарэзлівыя мелодыі і трагічныя гісторыі, выразны і нераўнамерны рытм, класічныя і народныя інструменты. Узрост вучняў у дыяпазоне 6–17 гадоў, таму праграма насычана разнастайнымі сюжэтамі, якія зацікавяць кожнага.

Прагучалі творы М. Габрыэля («Арыя ў старадаўнім стылі»), Л. К. Дакена («Зязюля»), Ф. Куперэна («Маленькія ветракі», «Бандаліна»), К. Дэбюсі («Затанулы сабор», «Doctor Gradus ad Parnassum», «Эцюд для пяці пальцаў па спадару Чэрні»), Ф. Пуленка («Саната для кларнета і фартэпіяна ў пералажэнні для цымбалаў: ІІ», «Імправізацыя», «Саната для флейты і фартэпіяна») і іншых.

Канцэрты, дзе галоўныя выканаўцы — прафесійныя музыканты, ужо нікога не здзіўляюць. Праграма «Дзіцячыя гады любімых кампазітараў» дае магчымасць убачыць зараджэнне будучага таленту, прасачыць гэтую чароўную сувязь паміж дзіцем і музыкай, якая яшчэ не азмрочана прафесійнымі няўдачамі. Толькі чыстая і шчырая любоў да музыкі…

Фота аўтара

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю