Top.Mail.Ru

Як развіваецца традыцыя беларускага лялечнага тэатра?

Аўтар: Марыя Асмалоўская
04.12.2024 | 06:42

На працягу больш чым 20 гадоў Хрысціянскі адукацыйны цэнтр ажыццяўляе духоўна-асветніцкую сацыяльную праграму «Батлейка». Група валанцёраў і студэнтаў Інстытута тэалогіі імя святых Кірыла і Мяфодзія БДУ наведваюць дзіцячыя сады, бальніцы, рэабілітацыйныя цэнтры, паказваючы дзецям невялікія і цікавыя спектаклі.


Назва «батлейка» паходзіць ад горада Віфлеем, дзе, паводле біблейскага падання, нарадзіўся Ісус Хрыстос. Першапачаткова лялечны тэатр быў створаны для таго, каб паказваць людзям падзеі Ражджаства Хрыстова. Гэта быў тэатр не проста лялечны, а менавіта рэлігійны тэатр. На тэрыторыі Беларусі сваю папулярнасць батлейка здабыла ў XV стагоддзі. Сюжэты ставіліся пераважна царкоўныя, але з часам дадаліся і бытавыя. 

Сёння фармат спектакляў дазваляе ў зразумелай форме расказаць дзецям з абмежаванымі магчымасцямі пра дабро і зло, любоў да бліжняга, любоў да Радзімы, барацьбу чалавека са сваім грахом. Нам удалося пагутарыць з Лізаветай Ліпай, мастацкім кіраўніком праекта «Батлейка», і даведацца, як развіваецца традыцыя беларускага лялечнага тэатра:

— Унікальнасць нашага тэатра ў тым, што мы спрабуем злучыць шматвяковую гісторыю батлейкі і сучасныя мэты і сэнсы. Каробка батлейкі зроблена па чарцяжах самай папулярнай на тэрыторыі Беларусі Пінскай батлейкі XVІ стагоддзя, а знешні выгляд адсылае да царквы: анёлы, кафедральныя саборы нашай краіны, Адам і Ева. Але пры гэтым мы выкарыстоўваем актуальныя сюжэты: ёсць цэлы цыкл спектакляў пра дзяўчынку-школьніцу, якая падарожнічае па казачным свеце і сутыкаецца з сучаснымі праблемамі — гонарам, лянотай. Мы таксама можам паказваць і класічныя сцэнарыі: Каляды, мужык і чорт — самыя папулярныя беларускія сюжэты, якія існуюць стагоддзі. Асноўная задума ў тым, каб спектакль быў павучальным, падштурхнуў гледача да разважанняў, бо пытанні, якія мы закранаем, не толькі царкоўныя, але і маральныя.

Праект «Батлейка» ўзнік у самым пачатку 2000-х. Першымі ўдзельнікамі тэатра сталі студэнты Інстытута тэалогіі. Яны самі пісалі сцэнарыі і дэманстравалі спектаклі ў рамках нядзельнай школы. Тэмы выбіралі цікавыя і дзецям, і акцёрам. 

— Артысты батлейкі пішуць сцэнарыі, азіраючыся на саміх сябе, свае ўнутраныя пытанні, і з дапамогай творчасці спрабуюць знайсці рашэнне. Асаблівасць у тым, што гледачу не прапануюць гатовы варыянт вырашэння праблемы. Ёсць намёк на мараль, але спектакль будуецца такім чынам, што застаецца час падумаць і вызначыць, якому герою сімпатызаваць, — расказвае Лізавета Ліпай. 

Апошнім часам батлейка набыла больш свецкія рысы, аднак царкоўнае не сыходзіць на другі план. Тэатр трансфармуецца, цяпер можна сустрэць разнастайны набор лялек: ад старажытных хрысціян да сучасных школьнікаў у джынсах. Дарэчы, сцэнарый, падрыхтоўка дэкарацый, стварэнне лялек — усе этапы падрыхтоўкі да спектакля выконваюць самі валанцёры.

— Прыходзяць па закліку сэрца, тлумачыць мастацкі кіраўнік праекта. — У нас няма жорсткага адбору. Як правіла, калі чалавек хоча гэтым займацца, то «Батлейка» з радасцю прымае ў каманду. Галоўнае — быць адказным і валодаць пастаўленым маўленнем. У нас ёсць досвед работы з рознымі акцёрамі: хтосьці прыходзіў з нядзельнай школы, цікавіўся батлейкай і ў выніку заставаўся. Былі і настаўнікі хіміі, і пажарныя. 

Казкі разлічаны на дзяцей малодшага школьнага ўзросту. Батлейку часта запрашаюць на класныя гадзіны, школьныя і сямейныя мерапрыемствы. Апошнім часам Цэнтр карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі г. Мінска стаў адпраўным пунктам праекта. Для дзяцей з рознымі асаблівасцямі развіцця і цяжкімі дыягназамі батлейка — спосаб адпачынку. Акцёры заўсёды гутараць з гледачом, даюць патрымаць лялькі.

— У сярэднім спектакль доўжыцца ад 10 да 30 хвілін — залежыць ад магчымасці ўспрымання аўдыторыі. Для малодшых аптымальны час — 10–15 хвілін. Каб увага гледача не рассейвалася, сцэнарый будуецца пераважна на дыялогах і дынаміцы, тады зала ўдзячная. Здавалася б, акцёра не відаць, што тут складанага? Але трэба ўмець «патузаць» ляльку ў патрэбны момант. Усё ж такі тэатр любую няшчырасць агаляе, — распавядае Лізавета Ліпай. 

Спектаклі праходзяць некалькі разоў на месяц. Між тым батлейка мае сваю сезоннасць: традыцыйна лялечны тэатр паказвалі на Каляды, звычай захаваўся, і ў гэты перыяд спектакляў, як правіла, найбольш. У будучыні праект «Батлейка» плануе пашыраць сваю геаграфію і даваць больш спектакляў. 

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю