Top.Mail.Ru

Якіх кулінарных традыцый прытрымліваліся мінчане ў савецкі час

Аўтар: Лізавета Крупянькова
11.06.2025 | 07:00

У працяг папярэдняй «кулінарнай» экспазіцыі зацікаўлены чытач можа завітаць на выстаўку Музея гісторыі горада Мінска «Гастранамічная культура Мінска. ХХ стагоддзе», дзе можна паглыбіцца ў атмасферу савецкай паўсядзённасці, рэшткі якой і дагэтуль захоўваюцца ў кожным доме. Праект падрыхтаваны ў супрацоўніцтве з Беларускім саюзам мастакоў і Беларускім дзяржаўным музеем народнай архітэктуры і побыту.


13_21_Г.jpg

Леанід Шчамялёў «Успаміны»

Экспазіцыя арганізавана ў выглядзе звычайнай гарадской кватэры 50-60-х гг. ХХ стагоддзя, дзе наведвальнік можа зайсці на кухню і ў сталовую. Падарожжа ў мінулае — так можна апісаць агульнае ўражанне ад выстаўкі. Тэматычная калекцыя экспанатаў дапаўняе рэканструкцыю інтэр’ераў. Праект расказвае пра кулінарную гісторыю горада, ахопліваючы грамадскае і хатняе харчаванне, дзейнасць прадпрыемстваў харчовай прамысловасці, вытворчасць посуду і бытавой тэхнікі.

Асноўныя тэмы выстаўкі — прыгатаванне ежы, абсталяванне кухні і сталовай, захаванне ежы. У пачатку ХХ стагоддзя, на гарадскіх кухнях працавалі пераважна наёмныя рабочыя. Аднак пад уплывам сацыялістычных ідэй роля дамашняй ежы паступова пачала змяняцца. Каб вызваліць жанчын ад хатніх абавязкаў дзеля пабудовы камунізму, па ўсёй краіне была агранізавана сістэма грамадскага харчавання, а кухня ў кватэры значна страціла ў памеры. Упрыгажэнні і далікатэсы не ўхваляліся тады ў савецкім грамадстве, аднак ўжо з 1930-х гадоў тэндэнцыя пачала змяняцца.

У сярэдзіне ХХ стагоддзя з грамадскіх сталовых людзі пачалі паступова вяртацца на сваю кухню. Аднак яе памеры не маглі размясціць вялікую колькасць людзей, асабліва калі гаварыць пра камунальныя кватэры. Таму святы ці шматлюдныя вечарыны сталі праводзіць у гасцінай. Спачатку стол быў круглы (менавіта такі прадстаўлены ў экспазіцыі), а пасля іх замянілі сталы-кніжкі, якія і дагэтуль можна ўбачыць у інтэр’еры гарадской кватэры.

У пасляваенны час пачала з’яўляцца бытавая тэхніка, што значна спрасціла працэс прыгатавання і захоўвання ежы. Гэты важны этап можна прасачыць на выстаўцы. Тут вы ўбачыце знакаміты прымус, газавую пліту і халадзільнік «ЗіЛ», які замыкаўся, што было важнай дэталлю ў камунальнай кватэры.

У экспазіцыі прадстаўлена калекцыя вырабаў Мінскага фарфоравага завода 1960–1980-х гг. Посуд для паўсядзённых прыёмаў ежы і святочных застолляў, тэматычныя наборы, прысвечаныя юбілею Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне, першаму палёту чалавека ў космас, бочачкі для саленняў і статуэткі. Прываблівае «Лявоніха», аўтарамі формы якой з’яўляюцца беларускія скульптары Аляксей Глебаў і Сяргей Селіханаў. Для аматараў прадукцыі фабрыкі «Камунарка» ў інтэр’еры савецкай кухні размясціліся каробкі цукерак, таксама выпушчаных у гонар святкавання Дня Перамогі, 30-годдзя БССР, спартыўных дасягненняў краіны. Тут можна ўбачыць і абгорткі разнастайных цукерак, шакаладу, напіткаў і марожанага, якія былі вельмі папулярнымі сярод савецкіх грамадзян і па якіх так моцна сумуюць сведкі той вялікай эпохі.

13_21_Д.jpg

Самавар. Трэсты «Патрубузрыў», 1930-я гг.

Адным з самых цікавых і незвычайных экспанатаў выстаўкі з’яўляецца... кавалак хлеба! Захаваў яго мінскі рабочы чыгункі Іосіф Голубеў — адзін з першых Герояў працы. У 1918 годзе ён адправіўся ў камандзіроўку, дзе абараняў правы рамонтнікаў працаваць па ўстаноўленых расцэнках. Менавіта там ён і атрымаў паёк, які сёння стаў каштоўным музейным экспанатам. Чытаем дзённікавыя запісы чыгуначніка: «Маскоўскі абед таварышаў Чарнова, Нікіціна, Аляшковіча і Голубева. Супчык з’еў, а хлеб пакінуў на памяць пра тое, як кормяць дэлегатаў мінскіх 3 студзеня 1918...» Хлебная порцыя ў той час складалася з двух кавалкаў хлеба. 

З цягам часу два кавалкі сталі чатырма сухарамі, аднак гэтую рэліквію Іосіф Голубеў захоўваў да канца жыцця.

Выстаўка працуе да 1 студзеня 2026 года.

Лізавета КРУПЯНЬКОВА

Фота аўтара

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю