Top.Mail.Ru

Якім быў кастрычніцкі шлях царскага генерала?

Аўтар: Кастусь Лешніца
03.12.2024 | 12:30

«Энцыклапедыя гісторыі Беларусі» пралівае святло на многія раней як быццам прыхаваныя постаці. А калі і знаёмыя, то хутчэй — абрысамі. Так, відаць, і з генерал-лейтэнантам рускай арміі Міхаілам Дзмітрыевічам Бонч-Бруевічам. Доўгажыхар (нарадзіўся ў 1879 г., памёр у 1956 г.). На яго вачах прайшла цэлая эпоха. Ды і, акрамя ўсяго астатняга, наш суайчыннік («З сям’і каморніка, выхадца з дваран Магілёўскай губерні»), будучы доктарам ваенных і тэхнічных навук, паспеў стаць яшчэ і генерал-лейтэнантам Чырвонай Арміі (у 1944 г., і гэта ва ўзросце 74 гадоў!).




Праўда, беларуская энцыклапедыя даволі сціпла падае біяграфію нашага земляка. Маўляў, у Першую сусветную вайну — генерал-кватэрмайстар 3-й арміі, з верасня 1914 г. — у штабе Паўночна-Заходняга фронту. Пасля — начальнік штаба 6-й арміі, армій Паўночнага фронту. У час Лютаўскай рэвалюцыі 1917 г. — начальнік Пскоўскага гарнізона. У жніўні—верасні 1917 г. — галоўнакамандуючы Паўночнага фронту. Прымаў удзел у ліквідацыі карнілаўшчыны. З 27 верасня (10 кастрычніка) 1917 г. — начальнік Магілёскага гарнізона, член выканкама Магілёскага Савета рабочых і салдацкіх дэпутатаў. 7 (20) лістапада 1917 г. СНК РСФСР прызначаны начальнікам штаба Вярхоўнага Галоўнакамандуючага. У лютым 1918 г. удзельнічаў у арганізацыі абароны Петраграда. З сакавіка 1918 г. — ваенны кіраўнік Вышэйшага ваеннага савета, з чэрвеня 1919 г. — начальнік ваенна-палявога штаба Рэўваенсавета рэспублікі. Адзін са стваральнікаў (1919) і кіраўнік Вышэйшага геадэзічнага ўпраўлення ВСНГ. Вось, лічы, і ўся асноўная біяграфія службы на карысць Кастрычніка. Але ж за гэтым энцыклапедычным пераказам не відаць самаго лёсу, усёй яго драматычнасці.

Як магло здарыцца, што адзін з найбольш адукаваных генералаў, які перайшоў на службу новай уладзе, не дужа доўга і патрэбны быў ёй? Ужо з 1919 г. Міхаіл Дзмітрыевіч апынуўся на задворках вайсковай службы. Праца навуковага, выкладчыцкага характару — хіба ж гэта не ссылка для баявога генерала? На задворках, пачынаючы з 1921 г., аказаўся і яго родны брат — Уладзімір Дзмітрыевіч Бонч-Бруевіч. Чатыры гады, з 1917 г., ён з’яўляўся кіраўніком спраў СНК РСФСР, а ўжо ў 1921 г. — старшынёй выдавецтва «Жыццё і веды». Пасля і ўвогуле — дырэктарам саўгаса «Лясныя паляны». Хаця, калі пазіраць на Бонч-Бруевічаў, то на фоне лёсаў астатніх рэвалюцыянераў — паплечнікаў Леніна жыццё іх склалася даволі-такі ўдачліва: многія са старых бальшавікоў дажывалі свій век у ГУЛАГу, больш таго — былі расстраляныя.


Малодшы брат Міхаіла-Уладзімір Дзмітрыевіч Бонч-Бруевіч (1873-1955), расійскі рэвалюцыянер, бальшавік, савецкі партыйны і дзяржаўны дзеяч, этнограф, пісьменнік. Бліжэйшы памочнік і фактычны сакратар У. Леніна. 1930 год

А што ж Бонч-Бруевічы, што ж адукаваны, дасведчаны, пісьменны, адзін з першых «савецкіх генералаў» Міхаіл Дзмітрыевіч Бонч-Бруевіч? Каб адказаць на гэтае пытанне, трэба след у след прайсці яго, так бы мовіць, кастрычніцкім шляхам. У дні выступлення генерала Карнілава супрацоўнічаў Бонч-Бруевіч з выконваючым абавязкі камісара фронта «трудавіком» Савіцкім, імкнучыся прадухіліць магчымыя канфлікты паміж салдатамі і афіцэрамі. І дзейнічаў тут Міхаіл Дзмітрыевіч па логіцы здаровага сэнсу. Нават генерал Аляксееў, адзін з заснавальнікаў белагвардзейскага руху, у свой час падкрэсліваў, што трэба стаць лідарам «кампрамісаў» і, у прыватнасці, «калі дзе-небудзь сфарміраваліся салдацкія камітэты без волі на тое начальства, трэба ўводзіць у іх склад афіцэраў...» Але ж калі Аляксееў раіў рабіць гэта, каб не ўпусціць уладу, то Бонч-Бруевіч дзейнічаў шчыра, па перакананнях.

29 верасня 1917 г. глаўком Паўночнага фронту генерал Клямбоўскі, заняўшы пазіцыю асцярожнай падтрымкі Карнілава, быў зняты Часовым урадам, а Бонч-Бруевіча прызначылі часова выконваючым абавязкі глаўкама. У гэтай ролі «савецкі генерал» затрымаў у Пскове герала Краснова, які быў прызначаны Карнілавым камандуючым 3-га коннага корпуса і накіроўваўся да часцей, што рухаліся ў Петраград. Пры ўступленні на пасаду Бонч-Бруевіч аддае загад: «...Вораг стаіць перад намі ўшыльную і рыхтуецца ў бліжэйшы час нанесці нам рашаючы ўдар. Калі арміі Паўночнага фронту, дзейнічаючы сумесна з флотам, не дадуць рашаючага адпору праціўніку ў гэтым яго меркаванні, то наша Радзіма загіне немінуча».

У верасні Міхаіла Дзмітрыевіча замянілі генералам Чарамісавым, а самога накіравалі ў распараджэнне Глаўкаверха. Прыбыўшы ў Стаўку, ён устанавіў сувязь з Магілёўскім Саветам рабочых і салдацкіх дэпутатаў, быў уключаны ў яго выканкам. На пачатку кастрычніка адхіліў прызначэнне генерал-губернатарам Паўднёва-Заходняга краю (з рэзідэнцыяй у Кіеве). Адмовіўся ехаць і ў Стэпавы край (у Омск). Пагадзіўся на пасаду начальніка Магілёўскага гарнізона.

На пачатку лістапада Глаўкаверх Духонін адмовіўся выканаць распараджэнне СНК пачаць перамовы з Германіяй. У ноч на 9 лістапада Ленін, Сталін і Крыленка выклікалі Духоніна да прамога проваду, запатрабавалі тлумачэнняў, чаму не выконваецца загад урада. Глаўкаверх задаў, у сваю чаргу, некалькі пытанняў. Ці атрымана згода на перамовы ад саюзнікаў? Якім будзе лёс Румынскай арміі? Ці плануюцца асобныя перамовы з Турцыяй? З Духоніным размаўляць асабліва не сталі, знялі з пасады. Цікава, што нават калі супрацоўнікі пачалі пакідаць Стаўку, Духонін яшчэ заставаўся ў Магілёве. І калі 19 лістапада камандзіры ўдарных батальёнаў прасілі ўчарашняга яшчэ Глаўкаверха дазволіць ім абараняць Стаўку, генерал забараніў. Заўважыў пры гэтым: «Я не хачу братазабойчай вайны...»

Высокую вайсковую пасаду прапанавалі Бонч-Бруевічу. Міхаіл Дзмітрыевіч адмовіўся, разумна мяркуючы, што ў гэтай сітуацыі Глаўкаверхам павінен быць палітычны дзеяч, і тады прызначылі Крыленку. Пры падыходзе да Магілёва эшалонаў новага Глаўкаверха папярэдзіў, прадухіліў сутыкненне іх з войскамі, што знаходзіліся ў горадзе. Бонч-Бруевіча прызначылі начальнікам штаба Глаўкаверха. Усё складваецца як быццам гладка. Шмат пазней, ва ўспамінах «Уся ўлада Саветам» (Масква, 1957), Міхаіл Дзмітрыевіч напіша: «Хутчэй інстынктам, чым розумам, я цягнуўся да бальшавікоў, бачачы ў іх адзіную сілу, здольную выратаваць Расію ад развалу і поўнага знішчэння». Лепей няхай бы на змену інстынкту прыйшоў розум, памкненне да цвярозага асэнсавання тагачасных падзей…

Адзін з першых «савецкіх генералаў» верай і праўдай служыў новай уладзе. Бонч-Бруевіч усяляк імкнуўся захаваць баяздольнасць арміі. 27 лістапада начальнік штаба ў размове па прамым провадзе заяўляе часова выконваючаму абавязкі камандуючага Паўднёва-Заходнім фронтам генералу Стогаву: «Усе начальнікі аддзелаў Стаўкі са мною разам выказалі зусім цвёрдае рашэнне захаваць тэхнічны апарат Стаўкі. Мы вырашылі прыняць усе магчымыя меры дзеля таго, каб захаваць апарат кіравання на франтах і ў арміях. Мы будзем працаваць на сваіх месцах да апошняй магчымасці».

Што азначала па тым часе дзейнасць Бонч-Бруевіча? Міхаіл Дзмітрыевіч усяляк падкрэсліваў пераемнасць вайсковага камандавання, імкнуўся даказаць, што нельга развальваць армію згодна сацыяльна-палітычным запатрабаванням. 30 лістапада генерал адпраўляе тэлеграму ўсім глаўкомам франтоў: «...Неабходна дасягнуць таго, каб на адказных і камандных пасадах знаходзіліся людзі, якія адпавядаюць гэтым пасадам па сваім характары, здольнасцях і ведах». Прафесіяналізм, пачуццё афіцэрскай годнасці — вось галоўныя крытэрыі, згодна якім Бонч-Бруевіч вызначаў адпаведнасць таго ці іншага афіцэра, генерала займаемай пасадзе.

Ды ўсё ж з кожным днём большала праціўнікаў новай улады. Начальніку штаба Глаўкаверха працаваць было ўсё цяжэй і цяжэй. Міхаіл Дзмітрыевіч заставаўся на аднойчы выбраных пазіцыях. Магчыма, уплываў і родны брат — рэвалюцыянер са стажам. Яшчэ з 1895 г. Уладзімір Дзмітрыевіч — член сацыял-дэмакратычнага маскоўскага «Рабочага саюза». Супрацоўнік газеты «Искра». Пасля II з’езда РСДРП (1903) — бальшавік. Удзельнік рэвалюцыі 1905–1907 гг. (Петраград). Адзін з найбліжэйшых саратнікаў Леніна.

Бонч-Бруевіч, першы «савецкі генерал», з пачаткам 1918 г. сістэматычна дакладваў Саўнаркаму пра нарастаючую небаяздольнасць арміі, умацоўваючы рашучасць урада да паскарэння падпісання міру з Германіяй. 4 студзеня пісаў: «Арміі зусім, абсалютна небаяздольныя і не ў стане стрымліваць праціўніка не толькі на займаемых пазіцыях, але і пры пераносе лініі абароны ў глыбокі тыл». Праз два тыдні Бонч-Бруевіч ізноў звяртаецца ў СНК: «...Усе арміі Паўночнага і Заходняга франтоў, таксама Асобая армія Паўднёва-Заходняга фронту, зусім няздольныя да абароны і не ў стане нават адступіць арганізавана і без страты вялізарнай матэрыяльнай часткі не толькі пад націскам, але і без націску праціўніка. Агульны стан арміі характарызуецца поўнай стратай баяздольнасці і разлажэннем».

І праўду-матку генерал рэзаў на ўсіх узроўнях. Ён патрабаваў ад урада рашучасці ў вайсковай палітыцы. Па тым часе ад гэтага залежала будучыня маладой дзяржавы.

Ва ўмовах вайсковага развалу Бонч-Бруевіч арганізоўвае эвакуацыю ў тыл ваеннай маёмасці. Пасля разрыву мірных перамоў у Брэст-Літоўску і пераходу германскіх войск у наступ 19 лютага атрымаў тэлеграму ад У. І. Леніна з патрабаваннем «неадкладна, з наяўным складам Стаўкі прыбыць у Петраград». 20 лютага Міхаіл Дзмітрыевіч ад’язджае з Магілёва. Прыбыў ён у сталіцу вечарам 22-га і тут жа ўключыўся ў арганізацыю адпора наступаючаму ворагу. Вечарам таго ж дня генерал звяртаецца з тэлеграмай да камандавання Паўночнага і Заходняга франтоў: «Прашу Саўдэпы аказаць садзейнічанне начальнікам у справе збору адступаючых часцей, асобных салдат, арганізуючы з іх баяздольныя часці, якія павінны пакласці канец наступу праціўніка. Для выканання неабходных сапёрных работ прапаноўваю карыстацца працай мясцовых жыхароў». У тэлеграме-звароце адзначалася, што мяркуецца германскія войскі спыніць на лініі Нарва—Пскоў—Невель—Віцебск—Орша—Магілёў—Мазыр—Бярдзічаў—Вапнярка—Адэса. Як паказалі наступныя падзеі, гэтая лінія (за выключэннем Украіны) фактычна і стала, з некаторымі адхіленнямі, заходняй мяжой Савецкай Расіі да лістапада 1918 г.


Пасля падпісання Брэсцкага міру Бонч-Бруевіч 4 сакавіка 1918 г. увайшоў у якасці ваеннага кіраўніка ў Вышэйшы Ваенны Савет (ВВС). ВВС 5 сакавіка аддаў загад аб ліквідацыі пасады Глаўкаверха і расфарміраванні яго штаба. Міхаіл Дзмітрыевіч займаўся стварэннем на былой лініі фронта з самых розных часцей такм званай «заслоны». Яна павінна была супрацьдзейнічаць далейшаму прасоўванню ў глыб краіны германскіх і аўстра-венгерскіх войск. Ізноў Бонч-Бруевіч праяўляе адметную ініцыятыву. Былы начальнік штаба Глаўкаверха ў касцяк каманднага складу «заслоны» ўвёў генералаў і афіцэраў старой арміі. Для іх служба гэтая была больш прыймальнай, чым у часцях Чырвонай Арміі, якія дзейнічалі на ўнутраных франтах.

Пэўны дысананс адчуваў і сам Міхаіл Дзмітрыевіч. У чэрвені штаб ВВС на чале з Бонч-Бруевічам выехаў у Мурам. 9–10 ліпеня горад захапілі мяцежнікі. Дзейнічалі яны па плане «Саюза абароны Радзімы і Свабоды». Адной з іх мэт быў захоп штаба і знішчэнне Бонч-Бруевіча. Але якраз напярэдадні падзей генерал пакінуў Мурам і выехаў у Маскву.

Ва ўмовах пашырэння грамадзянскай вайны генерал пачаў адчуваць сваю непатрэбнасць: немагчымасць выкарыстання старых метадаў кіравання, растучае братазабойства... І ён падае ў адстаўку... Такім вось быў Кастрычнік 1917 г. і яго наступствы ў лёсе нашага суродзіча. Чалавека сумленнага і шматпакутнага ў сваіх перажываннях.

У канцы 1918 — пачатку 1919 года Бонч-Бруевіч (усяго толькі 39-гадовы генерал!) выкладае ў Межавым інстытуце. Пасля Міхаіл Дзмітрыевіч узначаліў працу па стварэнню Вышэйшага геадэзічянага праўлення, стаў першым яго начальнікам. З сакавіка 1919 і да 1923 гг. Бонч-Бруевіч — кіраўнік Вышэйшага геадэзічнага ўпраўлення ВСНГ. Затым знаходзіўся ў распараджэнні Рэўваенсавета СССР. Былога генерала абвінавачвалі па артыкулах 110, 116 і 150 Крымінальнага кодэкса РСФСР, справу перадалі ў пракуратуру. Але заступіўся Фелікс Дзяржынскі... А ў лютым 1931 года Бонч-Бруевіча ўсё ж арыштавалі. Па справе контррэвалюцыйнай змовы былых афіцэраў. Удзелу ў якіх бы не было арганізацыях Міхаіл Дзмітрыевіч не прызнаў. Праз некалькі месяцаў генерала вызвалілі... А справу у сувязі «з адсутнасцю складу злачынства» спынілі... У 1937 годзе Бонч-Бруевічу прысвоілі званне камдзіва, а ў 1944-м — генерал-лейтэнанта... Міхаіл Бонч-Бруевіч памёр у 1956 годзе, а ў 1957-м пабачылі свет яго мемуары «Уся ўлада Саветам!», над якімі ён працаваў у апошнія гады свайго жыцця. 

Кастусь ЛЕШНІЦА

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю