Top.Mail.Ru

Якія навіны сёлета прынёс фестываль «Славянскі базар»?

Аўтар: Лізавета Голад
18.07.2025 | 07:00

Шматгранны, яркі, шумны і незабыўны фестываль «Славянскі базар» чарговы раз закруціў у сваім танцы жыхароў і гасцей горада Віцебска. Праграма традыцыйна была напоўнена культурнымі мерапрыемствамі і святочнымі канцэртамі. Але пра ўсё па парадку ў нашым аглядзе.


Сапраўды міжнародны

XXXIV Міжнародны фестываль мастацтваў «Славянскі базар у Віцебску» сёлета аб’яднаў 44 краіны-ўдзельніцы. Аб гэтым заявіў яшчэ напярэдадні мерапрыемства міністр культуры Беларусі Руслан Чарнецкі. Паводле яго слоў, «Славянскі базар» — адзін з самых буйных форумаў мастацтваў у свеце, які штогод радуе цікавымі навінамі.

— Пачынаючы ад новых удзельнікаў асноўных конкурсаў, заканчваючы нейкімі новымі мерапрыемствамі, лакацыямі, мадэрнізаванымі пляцоўкамі, відамі мастацтваў і гэтак далей. 

Ужо сёлета на фестывалі прадстаўлены 44 краіны-ўдзельніцы. Гэта трэць свету ўдзельнічае ў «Славянскім базары». І кожны год колькасць удзельнікаў і краін толькі расце. Гэта выдатна, — заключыў міністр культуры.

«Для мяне Беларусь — другая радзіма»

Сёлета алею зорак Летняга амфітэатра ўпрыгожыла яшчэ адна зорка, якая ўпісала ў летапіс фестывалю імя шматгадовага жаданага госця «Славянскага базару» — Юрыя Антонава. Па словах артыста, такая ацэнка яго творчасці стала прыемным і чаканым падарункам, асабліва на зямлі, якая адкрыла яму дарогу на вялікую сцэну.

4-5_26 a.jpg

4-5_26 b.jpg

— Для мяне Беларусь — другая радзіма. Мая творчая дзейнасць пачалася ў Маладзечне, потым я пераехаў у Мінск, дзе быў прыняты ў Белдзяржфілармонію ў якасці артыста. Я ўжо 61 год працую на сцэне. Вялікую ролю ў поспеху маёй творчай дзейнасці адыграла Беларусь, — адзначыў ён.

Таксама Юрый Антонаў дадаў, што з задавальненнем прыязджае ў Мінск, а таксама з вялікай цеплынёй успамінае гады, праведзеныя ў Маладзечне, сваіх сяброў і першае каханне.

Адметна і тое, што артыст браў удзел у адкрыцці першага фестывалю «Славянскі базар у Віцебску». Ён прызнаўся, што добра памятае той форум мастацтваў, які пачынаўся як фестываль трох братніх славянскіх народаў, і ён верыць, што аднойчы мы ўсе зноў сустрэнемся за сяброўскім сталом і на сяброўскай сцэне.

Гуляючы па горадзе майстроў

Візітнай карткай Віцебска падчас фестывалю традыцыйна становіцца горад майстроў, які прыцягвае ўнікальных творцаў з усёй краіны. Загадчык філіяла «Лёзненскі Дом рамёстваў» Інеса Самусенка падзялілася, што Славянскі базар яны наведваюць рэгулярна.

— Як толькі з’явіўся наш Дом рамёстваў, дык мы і сталі ездзіць на гэты фестываль. Вось ужо 30 гадоў радуем гасцей і жыхароў горада сваёй прадукцыяй, — падзялілася яна.

З любоўю і трапятаннем майстры ўпрыгожылі свой стэнд сімвалам краіны — буслікамі, аформленымі ў традыцыйнай ручной тэхніцы «набойка», адраджэннем якой займаецца Лёзненскі Дом рамёстваў. Таксама тут можна азнаёміцца і з іншымі вырабамі, выкананымі ў гэтай жа тэхніцы. Ад разнастайнасці яркіх хустак проста разбягаюцца вочы!

Прыцягнула нашу ўвагу і захопленая саломапляценнем народны майстар Рэспублікі Беларусь Вольга Рэут з філіяла «Гарадоцкі Дом рамёстваў і фальклору».

— Мае любімыя вырабы — гэта капелюшы. Я дадаю да традыцыйнай тэхнікі ажурнае пляценне, што робіць галаўны ўбор вельмі камфортным у спякотнае надвор’е. А яшчэ і выглядае элегантна. Два ўжо купілі, адзін застаўся, — падзялілася майстар.

4-5_26 d.jpg

Асартымент вырабаў на любы густ: сухарніцы, падкоўкі на шчасце, букеты кветак, сумкі як жаночыя, так і мужчынскія.

Вольга ўдзельнічае ў фестывалі рэгулярна з 1993 года. Як жа змяніўся Горад майстроў за гэты час?

— Вельмі шмат з’явілася новых майстроў, і ўзровень сапраўды ўзрос. Цяпер для мяне Славянскі базар — гэта ў тым ліку і абмен досведам. Мы з калегамі заўсёды глядзім, дзелімся ўражаннямі, пераймаем нешта новае. Заўсёды прыемна бачыць, калі ў кагосьці нешта арыгінальнае, — падкрэсліла яна.

Казачыя гулянні

А на Пушкінскай плошчы як заўсёды грыміць музыка і кружаць танцы. У рамках Дзён Саюзнай дзяржавы тут праходзіла свята казацкай культуры і традыцый «Гуляй, фестывальная сталіца!»

Гарачы опэн-эйр прыйшоўся гасцям «Славянскага базару» даспадобы. На сцэне можна было атрымаць асалоду ад выступленняў беларускіх і расійскіх калектываў, таксама была магчымасць паспрабаваць традыцыйныя казацкія стравы і ўбачыць адзенне і зброю розных часоў.

4-5_26 e.jpg

Перад выступленнем нам удалося пагутарыць з салісткай народнага ансамбля казацкай песні «Любо» Валянцінай Пінаевай з Луганскай Народнай Рэспублікі.

— Мы прывезлі вам свае аўтарскія казацкія песні. Наш калектыў мае доўгую гісторыю. У снежні нам споўніцца 25 гадоў. Песні нараджаюцца ў калектыве, у нас ёсць і аўтары, і выканаўцы гэтых песень, і музыку піша сам кіраўнік. Таму з задавальненнем прадстаўляем «Славянскаму базару» наш калектыў і казацкі край, — заявіла яна.

Таксама Валянціна Пінаева падзялілася і сваімі ўражаннямі аб фестывальнай сталіцы.

— Вельмі прыемна было ўбачыць Віцебск. Сустрэлі тут шмат цудоўных людзей. Фестываль — сапраўднае ўпрыгажэнне горада. Мы паглядзелі некалькі нумароў вашых калектываў і хочам сказаць, што нас уразілі вашы традыцыйныя кампазіцыі, — адзначыла яна.

Беларускі культурны код

Для аматараў сур’ёзных акадэмічных мерапрыемстваў і для знаўцаў нацыянальнай беларускай культуры ў Віцебскім абласным краязнаўчым музеі, які размяшчаецца ў гарадской ратушы, адкрылася выстава «Культурная спадчына Беларусі» Музея беларускага мастацтва і культуры і Нацыянальнай акадэміі навук Рэспублікі Беларусь. 

У экспазіцыі праваслаўныя, каталіцкія і уніяцкія іконы, традыцыйныя беларускія касцюмы, а таксама ручнікі.

Па словах загадчыка аддзела старажытнай беларускай культуры Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Барыса Лазукі, работа над экспазіцыяй вялася каля паўгода.

— Калі мы вырашылі прыняць удзел у «Славянскім базары», то сутыкнуліся з пэўнымі цяжкасцямі. Гэта свята, дзе шмат песень і танцаў, а мы збіраліся паказаць сур’ёзныя акадэмічныя рэчы. Тым не менш усё атрымалася, і цяпер вы можаце азнаёміцца з найбольш важнымі і знакавымі з’явамі ў нашай культурнай традыцыі, — адзначыў ён.

Важнай часткай экспазіцыі стаў беларускі абраз, які валодае сваімі асаблівымі рысамі.

4-5_26 k.jpg

4-5_26 m.jpg

— Калекцыя іканапісу, які захоўваецца ў нас, дастаткова вялікая, я думаю, што самая вялікая ў рэспубліцы. Гэта больш за 1000 прадметаў. Натуральна, мы маглі прывезці сюды толькі маленькую часцінку гэтага вялізнага скарбу, — падзяліўся Барыс Лазука.

Другая каштоўнасць выставы, паводле слоў мастацтвазнаўцы, гэта, вядома ж, беларускі касцюм.

— Мы часта кажам, што «па вопратцы сустракаюць». Аднак не ўкладваем у гэта глыбокага сэнсу. Дык вось, гэта тая вопратка, па якой тады (і цяпер) сустракалі беларусаў. Тут прадстаўлены ў асноўным жаночы касцюм. Ён прыгожы, яркі, эмацыянальны. Усяго 11 манекенаў, якія апрануты ў арыгінальнае адзенне, — падзяліўся Барыс Лазука.

Ну і трэці складнік экспазіцыі — гэта ручнікі, якія з’яўляюцца важным сакральным прадметам у нашай культуры.

— Ручнік суправаджаў беларусаў ад нараджэння, калі немаўля прымалі на спецыяльны ручнік, да смерці, калі цела памерлага чалавека апускалі ў магілу на спецыяльна вытканых ручніках. Гэта той шлях, які прайшоў ручнік у нашай культуры. Але ён не завяршыўся, таму што ручнік жыве, і зараз мы дарагіх гасцей сустракаем хлебам, соллю, якія кладзём на ручнік. Іконы ў сваіх дамах і кватэрах мы ўпрыгожваем ручнікамі, велікодныя яйкі мы таксама кладзём на ручнік і нясём у царкву, каб іх асвяціць. Гэта наша традыцыя, — адзначыў Барыс Лазука.

Хоць выстава і адкрылася ў межах «Славянскага базару», але наведаць яе і даведацца больш пра беларускую культурную традыцыю можна яшчэ цягам двух месяцаў.

Заслужаныя ўзнагароды

Несумненна, цэнтральнымі падзеямі сталі музычныя конкурсы. На адкрыцці падвялі вынікі XXIII Міжнароднага дзіцячага музычнага конкурсу «Віцебск», у якім сёлета прынялі ўдзел і вакалісты з 14 краін.

Гран-пры дзіцячага музычнага конкурсу атрымала Амалія Сухан з рук Прэзідэнта нашай краіны.

Першая прэмія дасталася ўдзельніку з Казахстана Мірасу Нагашыбаю. Другое месца падзялілі паміж сабой Мірэйль Маккей з Мальты і Заур Барагуноў з Расіі. Трэцюю прэмію журы прысудзіла Мацею Бешанджыеву з Балгарыі і Льву Смерціну з Малдовы.

А спецыяльны прыз Выканаўчага камітэта СНД «Крыштальная нотка Садружнасці» дастаўся Мілане Ардакян з Арменіі.

Паводле слоў першага намесніка Генеральнага сакратара СНД Ігара Петрышэнкі, фестываль «Славянскі базар» — самае знакавае мерапрыемства ў рамках супрацоўніцтва Садружнасці Незалежных Дзяржаў у сферы культуры.

— Думаю, станоўчыя эмоцыі, якія вы тут атрымалі, і настрой гавораць пра многае. І калі вы тут пазнаёміліся, пасябравалі, гэта застанецца назаўжды. Мы падумалі, як падтрымаць самых юных удзельнікаў, якія прыехалі з розных краін, хваляваліся, выходзячы на сцэну, таму заснавалі спецыяльны прыз. Асаблівая падзяка — журы дзіцячага конкурсу, прафесійнаму, таленавітаму, шчыраму і добраму, якое ўсіх падтрымлівала, — заключыў ён.

А вось інтрыга, хто ж атрымаў Гран-пры XXXIV Міжнароднага конкурсу выканаўцаў эстраднай песні «ВІЦЕБСК», раскрылася толькі на ўрачыстым закрыцці фестывалю. 

Па выніках галоўную ўзнагароду заваявала казахстанская спявачка Алмагуль Батталіева. Яна расказала, што ішла да гэтага выніку на працягу васьмі гадоў.

— Канкурэнцыя ў нашай краіне неверагодная. Казахскі народ сам па сабе пявучы, і кожны, хто сюды прыязджаў, ніколі не вяртаўся без узнагароды, — падзялілася яна.

Таксама Алмагуль Батталіева прызналася, што «Славянскі базар у Віцебску» стаў для яе сапраўдным адкрыццём, а цёплы прыём і аддача гледачоў уразіла да глыбіні душы.

4-5_26.jpg

— Беларуская публіка адна з самых лепшых. Залы поўныя, людзі апладзіруюць стоячы. Гэта проста хараство! — заключыла яна.

Таксама па выніках конкурсу першай прэміі ўдастоілася беларуская спявачка Валерыя Бернатовіч, а другую падзялілі паміж сабой Давід Кіракасян з Арменіі і Даменіка Барбера з Італіі. Трэцюю прэмію таксама прысудзілі двум удзельнікам: Эрыку Ахметаву з Расіі і Рыскельдзі Старбекаву з Кыргызстана.

Спецыяльную прэмію імя Уладзіміра Мулявіна за лепшае ўвасабленне нацыянальнай тэмы і высокае выканальніцкае майстэрства атрымаў Міхась Назарой з Малдовы.

Падзей у рамках фестывалю не злічыць: маштабныя шэсці, гулянні, разнастайныя канцэрты, выставы, спектаклі, адкрыцці... Усё гэта варта ўбачыць на свае вочы і прасякнуцца асаблівым пачуццём да нашай паўночнай фестывальнай сталіцы.

Лізавета ГОЛАД 

Фота аўтара

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю