Top.Mail.Ru

З творамі Вольгі Жэбінай можна пазнаёміцца да 18 кастрычніка ў галерэі «DK»

Аўтар: Яўгенія Шыцька
02.10.2026 | 14:38
Яркі акцэнт

Унутраны лагічны змест, які спасцігаецца розумам, — чалавек шукае яго паўсюль і кожны дзень на працягу ўсяго свайго жыцця. І калі здаецца, што ён знойдзены, даследаванне ўсё роўна не заканчваецца: само быццё прымушае сумнявацца, параўноўваць, спрачацца і працягваць пошук. Ці ўвянчаецца ён поспехам? Ці прынясе задавальненне ў працэсе? Наўрад ці пра гэта можна разважаць такімі катэгорыямі. Ды ўсялякія абагульненні нярэдка прыводзяць да памылковага ўспрымання сябе і рэчаіснасці. Свет настолькі складаны для разумення і такі няўтульны для існавання, але з гэтым даводзіцца мірыцца. 

У кожнага ёсць свае спосабы заставацца пакорным ды падпарадкоўвацца і зразумелым, і нелагічным, цьмяным правілам жыцця, а часта — простай іх адсутнасці. Аднак ад жадання знайсці адказы хаця б на тыя пытанні, што найбольш хвалююць, чалавек адмовіцца не можа. 

Сэнс становіцца ключавым паняццем і для мастакоў, якіх, дарэчы, часам нават вымушаюць тлумачыць вынікі іх працы. Намер аўтара, сімволіка і метафары, эмоцыі і эстэтыка, сюжэт і кантэкст — усё нечым прадыктавана, і публіцы важна ведаць прычыны таго ці іншага рашэння, нават калі гэта супярэчыць логіцы. Хоць мастацтва і ставіць пытанні аб маралі, прыгажосці і месцы чалавека ў свеце, яно ўсё ж падштурхоўвае і патрабуе ад гледача думаць і інтэрпрэтаваць убачанае па-свойму. 

Гэтай жа думкі, мяркуем, прытрымліваецца і мастачка Вольга Жэбіна (раней падпісвала свае работы як O.ZHE). «Прыцягненне сэнсаў» — такую назву носіць яе персанальная выстаўка ў галерэі «DK». Аўтар не пабаялася звярнуцца да складанай тэмы, звязанай з разумнай асновай і значэннем існага, і паспрабавала аб’яднаць назіранні за светам і людзьмі. У сваіх карцінах яна не столькі абагульняе, колькі імкнецца аддзяліць галоўнае ад неістотнага, якім яно паўстае ў яе ўяўленні. Вольга Жэбіна дасягае мэты галоўным чынам з дапамогай колеру і формы. Гледачу ж даводзіцца абапірацца перш-наперш на інтуітыўнае ўспрыманне: вельмі важныя ў гэтым выпадку першыя ўражанні, агульны настрой. Ужо далей да працэсу знаёмства з творамі далучаецца асабісты досвед: уплывае і тое, што падказвае жыццёвы вопыт, і тое, ці бачыў глядач іншыя работы мастака. А тыя, хто цікавіцца беларускім выяўленчым мастацтвам, безумоўна, пазнаюць падыход Вольгі Жэбінай. Так, яе карцінам уласцівы дэкаратывізм: тут ёсць адмова ад рэалізму на карысць умоўнасці і завастрэння форм, выкарыстанне чыстых колераў, зварот да выразных контураў, пазбяганне глыбокай рэалістычнай перспектывы і святлаценю, увага да плоскасці палатна. З гэтага і вынікаюць гарманічнае дапаўненне інтэр’ера падобнымі работамі ды іх роля яркага візуальнага акцэнту. 

Дарэчы, работы Вольгі Жэбінай дэманструюцца і на «Асеннім салоне»: там можна ўбачыць «Гравітацыю адзіноты» (2026). Пра задуму аўтар кажа наступнае: «Гравітацыя — гэта сіла, якая прыцягвае целы адно да аднаго, трымае нас на зямлі і прымушае планеты круціцца па арбіце. Адзінота — стан, калі чалавек знаходзіцца ў разрыве з іншымі, нават калі яны побач. Маса нашай адзіноты такая вялікая, што скрыўляе траекторыі мінакоў. Яны абыходзяць нас па арбіце, нават не заўважыўшы». 

Яўгенія ШЫЦЬКА

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю