«Цягне мяне „на край“, дзе сутыкаюцца шчыты, мячы і дзіды, дзе памірае плоць, але робіцца несмяротным дух», — пісаў Леанід Дайнека, чым тлумачыў сваю глыбіню сягання ў гістарычнае мінулае. Найбольшую вядомасць і прызнанне яму прынесла гістарычная трылогія «Меч князя Вячкі», «След ваўкалака» і «Жалезныя жалуды», за першыя раманы з якой аўтар быў адзначаны Літаратурнай прэміяй Саюза пісьменнікаў Беларусі імя І. Мележа (1987) і Дзяржаўнай прэміяй БССР (1990). У сваіх творах пісьменнік працягнуў традыцыі «гістарычнай школы» У. Караткевіча, рамантызуючы мінулае беларускага народа.
Успомніць выдатнага майстра беларускага гістарычнага рамана ў Літаратурны музей Максіма Багдановіча на імпрэзу прыйшлі сябры і родныя аўтара, пісьменнікі, літаратуразнаўцы. Пачэснымі гасцямі мерапрыемства сталі жонка пісьменніка Зінаіда Міхайлаўна і тры яго сыны — Сяргей, Зміцер і Сцяпан са сваімі сямейнікамі, якія шчыра дзяліліся ўспамінамі.
Заслужаны дзеяч культуры Рэспублікі Беларусь Навум Гальпяровіч распавядаў пра сяброўства з Леанідам Дайнекам, згадваў пра важныя, на яго думку, падзеі ў жыцці літаратара. Напрыклад, пра рэспубліканскую нараду беларускіх пісьменнікаў, што адбылася ў 1968 годзе на возеры Свіцязь.
Узнёслая і лірычная атмасфера, сустрэчы з Уладзімірам Караткевічам і Янкам Брылём падштурхнулі Леаніда Марцінавіча перайсці ў штодзённым жыцці на беларускую мову і ў далейшым пісаць толькі на ёй. Са звароту да беларускай мовы і пачаўся шлях пісьменніка да «сівой мінуўшчыны Беларусі».
Згадалі на вечары і ўстановы, дзе працаваў пісьменнік. Напрыклад, у часопісе «Маладосць» вельмі доўгі час быў адказным сакратаром. Ва ўспамінах з цеплынёй пісаў пра той перыяд: «Маладосць! Колькі было сустрэч, размоў, спрэчак, дыскусій! Колькі было ўсмешак, шчырых сяброўскіх поціскаў рук! Узіраюся ў залаты туман мінулага, услухоўваюся — і сэрца трапеча ў грудзях...» Таму вельмі цікава было на вечары ўбачыць сігнальны экзэмпляр часопіса «Маладосць» за 1985 год з раманам «Меч князя Вячкі» з архіва рэдакцыі, які прэзентавала галоўны рэдактар часопіса Вольга Рацэвіч. Таксама яна распавяла пра спадкаемцаў пісьменніка — маладых аўтараў, якія ў апошнія гады актыўна публікуюць у часопісе «Маладосць» творы на гістарычную тэматыку.
У выдавецтве «Мастацкая літаратура» Леанід Дайнека некаторы час загадваў рэдакцыяй паэзіі. Намеснік дырэктара — галоўны рэдактар часопіса «Полымя» Віктар Шніп расказаў пра сумесныя камандзіроўкі, эпізоды з жыцця, звязаныя з Л. Дайнекам, але найбольш уразіў верш «Меч Леаніда Дайнекі», напісаны спецыяльна да юбілею пісьменніка.
Амаль кожны выступоўца чытаў мілагучныя і шчырыя вершы юбіляра, які пачынаў літаратурную творчасць з паэзіі, паэтам ён застаўся да канца жыцця. Цудоўнымі падарункамі для родных і аматараў творчасці пісьменніка сталі песні на вершы Леаніда Дайнекі ў выкананні нявесткі Таццяны.
Творчасць пісьменніка застаецца ў полі зроку сучаснага літаратуразнаўства. Пра самабытнасць і непаўторнасць яго прозы гаварыў прафесар, доктар філалагічных навук Алесь Бельскі. Ён успомніў, як разам з Л. Дайнекам пасля выхаду гістарычнай трылогіі праводзіў для школьнікаў чытацкую канферэнцыю — знаёміліся з сучаснай літаратурай і культурай, гісторыяй роднай краіны. Аўтар гэтых радкоў, старшы навуковы супрацоўнік Акадэміі адукацыі, гаварыла пра месца і ролю спадчыны пісьменніка ў сучасным літаратурным працэсе, пра асабістае кантактаванне з Леанідам Марцінавічам і яго роднымі, якое пачалося ў 2010 годзе пасле святкавання 70-гадовага юбілею аўтара. Згадала і яго гістарычны раман «Меч князя Вячкі», прачытаны яшчэ ў дзяцінстве. Прычым гэта была самаробная кніга, якую зрабіў яе дзядуля з першай часопіснай публікацыі ў «Маладосці»: у льняным белым пераплёце, з назвай, напісанай чорным фламастарам на белай паперы.
Памяць пра таленавітага пісьменніка, які знаёміў нас з гісторыяй нашай краіны, будзе захоўвацца, пакуль цікавы і запатрабаваны напісаныя ім творы.
Таццяна ЛАЎРЫК
Фота Ірыны МЫШКАВЕЦ