Top.Mail.Ru

Жыццёвае крэда Вольгі Гарнічар

Аўтар: Нэлi Зігуля
27.02.2026 | 10:52
Пра дзяцей, патрыятычную песню і любоў да беларускай мовы

Прыгожая, шчырая, адкрытая — Вольга Гарнічар з тых людзей, якімі нельга не захапіцца. Яна ўвесь час у дзеянні, нешта піша, прапануе, спявае, выдумляе, стварае. А яшчэ яна вучыць спяваць дзяцей. Вось ужо болей як 15 гадоў выкладае эстрадны вакал у Магілёўскай гарадской гімназіі № 1. І шыкоўны дзіцячы праект «Быць шчаслівымі», у якім задзейнічана 150 наваспечаных зорачак, стаў прыемным падарункам жыхарам Магілёва. Прэзентацыя адбылася на сцэне абласной філармоніі ў канцы студзеня. 

— Вольга, што вас натхніла на стварэнне такога праекта? Наколькі важным ён стаў для дзяцей, якія робяць свае першыя крокі на сцэне. 

І чаму менавіта такая назва — «Быць шчаслівымі»?

— Усе нашы дзеці павінны быць шчаслівымі, а творчасць гэта ўнікальная магчымасць для таго, каб больш даведацца адно пра аднаго, абмяняцца нейкімі ідэямі, проста ўсміхнуцца. Спецыяльна задзейнічала вялікую колькасць дзяцей, каб аб’яднаць іх, здружыць, каб паміж імі не было канкурэнцыі або зайздрасці. Мы ў творчасці, а музыка аб’ядноўвае. Для дзяцей, якія не маюць магчымасці выступаць на вялікіх пляцоўках, гэта добры шанц паказаць сябе. У праекце шмат зорак-пачаткоўцаў. Гэта і Варвара Суворава, і Алісія Кірылава, і Анастасія Алейнікава, і Ульяна Ісачанка. Самым маленькім удзельнікам усяго пяць гадоў, дарослым — сямнаццаць. І я выступала не толькі як ідэйны натхняльнік, але і спявала разам з дзецьмі, разам са сваёй дачкой Анастасіяй. Прагучалі песні ў тым ліку і на словы мясцовых аўтараў. У прыватнасці, таленавітай Валянціны Хлань з Глуска. Над рэалізацыяй маёй ідэі працавала вялікая каманда аднадумцаў — супрацоўнікі філармоніі Таццяна Маліноўская, гукарэжысёр Аляксей Апосталаў, Алеся Калядзюк рабіла відэакантэнт. Канцэрт атрымаўся вельмі пазітыўны, цёплы і па-сапраўднаму акрыляючы. У гэтым, мусіць, і ёсць сутнасць нашай працы, рабіць усіх шчаслівымі. Праект будзе працягвацца. 

— Вы не толькі спявачка, але і аўтар тэкстаў некаторых сваіх песень. Прычым часта патрыятычных. Гэта такое самавыяўленне або патрабаванне часу?

— Нядаўна ўдзельнічала ў перадачы тэлерадыёкампаніі «Магілёў 4», яны мяне там прадставілі як маці патрыятычнай песні (усміхаецца). Я, вядома, ганаруся, што пра мяне існуе такое меркаванне. Мусіць, ужо з узростам да гэтага прыходзіш свядома. Разумееш, пра што ты спяваеш, шчыра гэта выконваеш, і людзі табе вераць. А калі людзі вераць, яны гэта прымаюць. 

У сілу свайго ўзросту я адчуваю гэтыя песні. Дзеці не заўсёды разумеюць, калі спяваюць аб нечым высокім. 

Я ж дарослы чалавек і раблю гэта свядома, з найглыбейшым пачуццём патрыятызму. Гэтыя песні падыходзяць мне не толькі па ўнутраным адчуванні, але, напэўна, і па тэмбральным выкананні, па статуснасці. А не таму, што там нехта так хоча ці патрабуе. У мяне ёсць альбом аўтарскіх песень на беларускай мове, прысвечаных Году малой радзімы. 

— Што адчуваеце, калі спяваеце на роднай мове?

— Вельмі люблю спяваць на беларускай мове, да гэтага прыйшла гадоў 

7-8 таму. Я маю на ўвазе менавіта ўсведамленне таго, што спяваю па-беларуску. Раней таксама спявала на роднай мове, але без нейкіх асаблівых адчуванняў. 

А тут нечакана прыйшло такое натхненне, такая любоў да нашага слова. Я вельмі часта езджу ў Расію на розныя фестывалі, конкурсы. У Стаўрапалі праводзіцца фестываль «Салдацкі канверт» пад эгідай Саюзнай дзяржавы, туды прыязджае шмат розных вядомых артыстаў. Спявала на адной сцэне з Львом Лешчанкам, Зарай, Майданавым, Пелагеяй. Выступала ў Пяцігорску, у Абакане, Рослаўлі. Самае цікавае, што, калі прыязджаеш у Расію, пытаюць: «А вы на беларускай спяваць будзеце?» У Расіі людзі хочуць чуць нашу мову, яна ім падабаецца, западае ў душу. І вось вельмі важна, калі ты сваю культуру на сваёй мове падаеш, услаўляеш і нясеш у іншай краіне. 

— Вы лаўрэат і пераможца шматлікіх міжнародных творчых спаборніцтваў, аўтар розных праектаў, член журы міжнародных конкурсаў, удзельніца фестываляў. У 2020 годзе ваша дзейнасць была адзначана медалём Францыска Скарыны. Наколькі адказна і ганарова трымаць такую высокую планку?

— Вельмі прыемна, калі твая праца ацэньваецца і заахвочваецца. У 2016 годзе я атрымала грант Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь у галіне культуры на стварэнне праекта «Я часцінка маёй Беларусі». Была праведзена вялікая работа, створаны новыя песні, многія старыя перааранжыраваны і стылізаваны на больш сучасны лад. У праграме быў задзейнічаны аркестр імя Л. Іванова. Падтрымка дала магчымасць зрабіць маштабную справу, бо стварэнне песні і яе прасоўванне — гэта вельмі дарагі і складаны працэс. Вельмі пачэснай узнагародай для мяне быў медаль Францыска Скарыны. Гэта адзнака ўсёй маёй дзейнасці — тых праектаў, канцэртаў, у тым ліку за межамі рэспублікі, міжнародных конкурсаў, дзе я прадстаўляла нашу краіну. Я шмат удзельнічаю ў розных тэлевізійных праграмах і тэлепраектах. Як госця ўдзельнічала ў фінале нацыянальнага адбору «Еўрабачанне-2015» на каналах «Беларусь 1»і «Беларусь 24», у шоу «Суперлато» і «Ваша лато». Праект «Залатая калекцыя беларускай эстрады» існаваў доўгі час, і я прымала ў ім удзел або сольна, або з Надзеяй Мікуліч, дзе мы спявалі дуэтам. Усе гэтыя значныя мерапрыемствы, канцэрты, выступленні, ратацыі на радыё складаліся ў агульную скарбонку і былі ўзнагароджаны. Дзякуй дзяржаве за ацэнку! Гэта дае разуменне, што ўсё, што ты робіш, недарма.

Нэлі ЗІГУЛЯ

Фота з архіва Вольгі ГАРНІЧАР

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю