Top.Mail.Ru

Жывапіс, скульптура і кераміка Ліліі Нішчык прадстаўлены ў Мастацкай галерэі Міхаіла Савіцкага

Аўтар: Яўгенія Шыцька
24.07.2025 | 07:00

Член Беларускага саюза мастакоў і Беларускага саюза дызайнераў Лілія Нішчык хацела стаць мастачкай яшчэ ў дзяцінстве. Спачатку цікавілася скульптурай, затым захапілася жывапісам, а пасля аддала перавагу кераміцы. Аднак гэты пералік і яго паслядоўнасць крыху ўмоўныя — творчасць аўтараў, якія спрабуюць сябе ў розных відах мастацтва, падзяліць на пэўныя перыяды дапамагае толькі павярхоўная трактоўка. Прыклад Ліліі Нішчык таксама дае падставу зрабіць выснову аб тым, што можна выяўляць творчыя здольнасці адначасова ў розных кірунках і ствараць асаблівы свет, дзе тыя ж скульптура, жывапіс і кераміка будуць паступова дапаўняць і ўзбагачаць адно аднаго. 


Ёсць нагода ўпэўніцца ў сказаным вышэй ці паспрачацца з гэтым падчас знаёмства з выстаўкай «Архетыпы часу» ў Мастацкай галерэі Міхаіла Савіцкага. У экспазіцыі, якая будзе працаваць да 3 жніўня, дэманструецца 37 жывапісных партрэтаў, сюжэтных і алегарычных кампазіцый, керамічных скульптур і арт-аб’ектаў Ліліі Нішчык. Іх стварэнне, дарэчы, ахоплівае перыяд амаль у чвэрць стагоддзя: самая ранняя работа на выстаўцы датуецца 2001-м, аднак над большасцю твораў мастачка шчыравала цягам апошніх дзесяці гадоў. 

Ацаніць канцэпцыю выставачнага праекта дапамагаюць вылучаныя раздзелы. У частцы экспазіцыі «Архетыпы старажытнасці Беларусі» можна ўбачыць арт-аб’екты з керамікі, праз якія мастачка выявіла стаўленне да сімвалаў нацыянальнай культуры. У раздзел «Архетыпы падсвядомага — псіхалогія вобразаў» увайшлі пераважна партрэты скульптурныя, а частку «Архетыпы асобы» прадстаўляюць жывапісныя: гаворка пра вобразы сусветных цывілізацый...

16_26_A.jpg

16_26_B.jpg

Культурны код і спадчына розных народаў — галоўныя тэмы творчасці Ліліі Нішчык. Асноўнае месца ў роздумах мастачкі займаюць вытокі, карані, у якіх выяўляецца сутнасць жыцця і якія накіроўваюць чалавека, даюць адказы на пытанні, для чаго ён існуе ў гэтым свеце, на што абаперціся... Адсюль і цікавасць аўтара да паняцця «архетып» — яна ўспрымае яго як пункт адліку, пачатак фарміравання прынцыпаў цывілізацыйнага кода, заключанага ў вобразы, сімвалы і выявы ў калектыўным несвядомым. І тут ёсць шэраг шляхоў для пошукаў; у адным з іх яна абапіраецца на міфалогію. І праз яе, і праз іншыя крыніцы для натхнення творца разважае пра агульнае і асабістае. Аднак не імкнецца да супрацьпастаўленняў, нават болей — знаходзіць, напрыклад, у спосабе мыслення, у культурных каштоўнасцях прадстаўнікоў розных нацый шмат агульнага. 

Творы Ліліі Нішчык патрабуюць падрабязнага разгляду, асабліва гэта датычыцца скульптуры і твораў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Не проста таму, што гэта аб’ёмныя работы, складаныя і па форме, і па змесце, часам загадкавыя і незразумелыя, — на адваротным баку змешчаны галоўныя складнікі кампазіцыі, якія не тое каб тлумачаць, але, прынамсі, перадаюць ідэю. Тым часам жывапіс мастачкі, што вылучаецца пастознасцю мазка, яркасцю фарбаў, лепей успрымаецца на невялічкай адлегласці, бо і партрэты аўтара, і яе кветкавыя кампазіцыі, у адрозненне ад пластыкі, здалёк болей пазнавальныя, блізкія да натуры. Відавочна, тут Лілія Нішчык не столькі разважае, колькі назірае і атрымлівае асалоду ад таго, што адлюстроўвае на палатне, ад таго, які вобраз свету такім чынам стварае. 

16_26_C.jpg

Яўгенія ШЫЦЬКА

Фота аўтара

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю