Top.Mail.Ru

Жывы арганізм, які недзе нараджаецца і развіваецца ў адпаведнасці з часам

Аўтар: Ларыса Цімошык
05.08.2026 | 19:27
З думкай пра радзіму

Каб стварыць сучасны праект, трэба ўсведамляць сувязь паміж мінулым і будучыняй, а таксама мець уяўленне пра тэндэнцыі і арыгінальныя ідэі, якія ўражваюць у наш час. Будучыя архітэктары Беларусі, якія мараць увасобіць уласныя ідэі, імкнуцца зразумець, дзякуючы чаму імёны некаторых дойлідаў гісторыя захавала і праз стагоддзі, напрыклад, майстроў эпохі Барока Франчэска Бараміні і Джавані Берніні, чаму ў ХХ стагоддзі прыцягваў функцыяналізм Ле Карбюзье ці ўражваў манументальнасцю геаметрычных форм Марыа Бота, у чым крыніца натхнення Захі Хадзід, якая ўжо ў наш час спраектавала маштабныя складаныя будынкі з плаўнымі лініямі, нібыта аб’екты з будучыні?. Студэнты БНТУ падзяліліся меркаваннямі праз свае даследчыцкія работы ў межах міжнароднага праекта, адна з мэт якога — праз сусветную спадчыну прыцягнуць увагу да асаблівасцей беларускай.

У пошуку адметнага стылю

Вельмі актуальная тэма, бо мы часам не ўяўляем, што маем, на што варта звярнуць увагу і чаму. Напрыклад, у межах праекта «Планы рэгенерацыі гістарычных цэнтраў» былі падрыхтаваны даведнікі па архітэктуры Мінска, Віцебска, Магілёва. Гэта вынік сумеснай працы беларускіх спецыялістаў і прадстаўнікоў улады пры фінансавай і экспертнай падтрымцы Пасольства Швейцарыі ў Рэспубліцы Беларусь (у прыватнасці, Швейцарскага бюро па міжнародным супрацоўніцтве). Карысная справа, бо чалавек звычайна больш давярае аўтарытэтным меркаванням, чым словам мясцовых знаўцаў свайго краю. А, між іншым, і яны абапіраюцца на факты, дазваляючы па-новаму паглядзець на звыклыя будынкі. 

Напрыклад, студэнты Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта падчас сустрэчы «Лінія старту: дыялог пакаленняў архітэктараў» падзяліліся думкамі пра тое, як ішла эвалюцыя гэтага мастацтва і як сусветныя плыні адбіліся на вобразах будынкаў, што ўзнікалі ў розныя эпохі ў нашай краіне. Вядома, «мясцовыя асаблівасці» так ці інакш праглядаліся ў розных стылях. А што ж тады казаць пра эпоху мадэрну, калі майстры пераасэнсоўвалі народную спадчыну і мясцовы каларыт, спалучалі з новымі архітэктурнымі формамі. Ды ці толькі пра нас гэта?.. 

Насамрэч адметная плынь нацыянальнага беларускага дойлідства ўзнікла ў 1920-я гады мінулага стагоддзя, толькі яна не вельмі прадстаўлена ў сённяшняй архітэктурнай гістарыяграфіі. Але, натуральна, што нашу тэрыторыю не маглі абмінуць тыя працэсы. 


Свята-Міхайлаўская царква ў Сынкавічах

— У савецкі час у Беларусі вельмі актыўнымі тэмпамі на ўсіх узроўнях развівалася нацыянальнае мастацтва: выяўленчае, фота, кіно, музыка, а разам з імі і архітэктура. У 20-я гады мінулага стагоддзя архітэктары БССР імкнуліся стварыць ўласны непараўнальны стыль, узяўшы за ўзор нацыянальную архітэктуру мінулага — ад сялянскіх хат да сярэднявечных замкаў. Такім чынам узнік асобны кірунак архітэктуры, які можна назваць «нацыянальным рамантызмам БССР 1920-х гадоў», — адзначыў Глеб Александровіч, студэнт трэцяга курса архітэктурнага факультэта БНТУ. — Але ідэя спалучыць папулярны тады еўрапейскі мадэрн з традыцыйным беларускім дойлідствам з’явілася яшчэ да ўтварэння савецкай рэспублікі. 

Тут варта нагадаць праекты такіх будынкаў, як першая беларуская гімназія ў Будславе, касцёл у Відзах, касцёл у Янатрудзе (які так і не быў узведзены) і шэраг іншых. Яны праектаваліся ў так званым «беларускім стылі». Але беларускі архітэктурны рамантызм не ўзнік на пустым месцы, і тут варта нагадаць пра мадэрн у Беларусі, прыкладамі яго можна лічыць будынак Пазямельна-сялянскага банка ў Віцебску і дом Кастравіцкай у Мінску (абодва захаваліся да нашых дзён). 

Ад праектаў да рэалізацый

Пасля Першай сусветнай вайны і распаду імперый новыя еўрапейскія дзяржавы актыўна шукалі сваю візуальную ідэнтычнасць. Архітэктура стала інструментам нацыянальнага самавыяўлення. Беларуская Савецкая Сацыялістычная рэспубліка не засталася ўбаку ад усеагульнага еўрапейскага кантэксту, галоўным рухавіком пошукаў стаў Інстытут беларускай культуры. Менавіта ў яго сценах у секцыі мастацтваў сабраліся інтэлектуалы, якія спрабавалі сфармуляваць, як павінен выглядаць сучасны беларускі будынак. Глеб Александровіч адзначыў, што гэта быў час, калі архітэктурныя дыскусіі выходзілі за межы чарцёжных кабінетаў, станавіліся пытаннямі сапраўды дзяржаўнай значнасці. 

У разуменні таго, чым павінен быў стаць той самы беларускі стыль, адразу акрэсліліся два супрацьлеглыя падыходы. Першы — гістарычны — узначаліў пачынальнік айчыннага мастацтвазнаўства Мікола Шчакаціхін. Ён прытрымліваўся меркавання аб самастойных аўтэнтычных беларускіх мастацтве, друку, іканаграфіі, архітэктуры, а таксама ўпісаў іх у сусветны кантэкст развіцця культуры. Захапіўшыся беларускай спадчынай, Шчакаціхін сцвярджаў, што нацыянальны стыль немагчыма стварыць штучна. Новы архітэктурны воблік маладой савецкай дзяржавы павінен, на яго думку, грунтавацца на помніках готыкі. Канцэпцыя асноўвалася на ідэалізацыі так званага «залатога» шаснаццатага стагоддзя. Што для яго было ідэалам? Познегатычныя абарончыя храмы ў Сынкавічах, Мураванцы і Супраслі. Новая архітэктура павінна браць іх манументальнасць, прапорцыі, дух, спалучаць цэглу і дрэва. Апанентамі выступілі прыхільнікі так званага «этнаграфічнага кірунку», якія прапаноўвалі шукаць натхненне ў драўляным дойлідстве і ткацкіх арнаментах, у народным мастацтве. 

Першая спроба прадэманстравацьсвету беларускі стыль ледзь не адбылася ў 1923 годзе на Усесаюзнай сельскагаспадарчай выстаўцы ў Маскве. Конкурс на праект павільёна БССР выйгралі інжынер Кірык і мастак Ціханаў, якія прапанавалі сінтэз еўрапейскага мадэрну і матываў беларускай замкавай архітэктуры. 

Аднак да рэалізацыі гэты праект не дайшоў. Будаўніцтва даручылі расійскаму архітэктару Аляксею Грынбергу, які пайшоў этнаграфічным шляхам: павільён нагадваў гіганцкую сялянскую хату са шматузроўневым дахам, характэрным для драўляных цэркваў, і багатым манументальным аздабленнем.


Дом Кастравіцкай у Мінску

Амбітныя планы тычыліся і архітэктуры беларускай сталіцы. У сярэдзіне дваццатых гадоў пачалося праектаванне новага галоўнага пасажырскага чыгуначнага вакзала. Ім займаўся маскоўскі майстар Іван Струкаў, вядомы будынкам Беларускага вакзала ў Маскве. Яго першы варыянт трапіў пад жорсткую крытыку архітэктурнай камісіі Інбелкульта, якая запатрабавала перарабіць фасады, каб яны нагадвалі беларускую камяніцу шаснаццатагстагоддзя. Выпраўлены праект не атрымаў рэалізацыі: спачатку праз фінансавыя праблемы, а потым змянілася горадабудаўнічая канцэпцыя. Не атрымалася ўвасобіць нацыянальныя рысы і ў комплексе будынкаў Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта ў Мінску.

Адзіным захаваным да сённяшніх дзён узорам той плыні застаецца будынак чыгуначнай станцыі Бігосава, пабудаваны ў 1926 — 1927 гадах. Ідэя палягала ў тым, каб стварыць сімвалічны замак, які сустракаў бы падарожнікаў (да 1939 года там праходзілі цягнікі з Масквы ў Рыгу). Рэалізацыя планавалася згодна з канцэпцыяй Шчакаціхіна і мела адсылку да абарончай архітэктуры мінулага. 

Даследчык Глеб Александровіч нагадаў пра спробы маладога архітэктара Івана Валодзькі інтэграваць драўляныя разьбяныя элементы ў тыпавыя праекты працоўнага і сялянскага жытла, спалучыўшы іх з больш познімі канструктывісцкімі формамі. 

У яго вядомым праекце 1930-х гадоў Гідраметэаралагічнай абсерваторыі ў Мінску адчуваюцца ўплывы нядоўгай архітэктурнай моды, напрыклад, ёсць адсылка да сярэднявечных муроў. Нашы архітэктары ў пачатку ХХ стагоддзя шукалі натхненне ў родных вобразах. І, як кажуць, за ідэю — вялікі дзякуй!

Ларыса ЦІМОШЫК

Фота з адкрытых крыніц

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю