Top.Mail.Ru

Фотоархив

825
22.06.2026 | 11:34

Рухаўскія дываны — адметная каштоўнасць агульнабеларускай гісторыка-культурнай спадчыны. Як спосаб дэкарыравання жылых памяшканняў такія дываны характэрныя для творчасці вясковых майстроў Старадарожскага раёна. Зробленыя ў тэхніцы аплікацыі саломкай на тканіне, яны ў пасляваенныя гады праславілі іх стваральніц — жанчын з вёсак Рухава, Палажэвічы, горада Старыя Дарогі — і ў наш час папоўнілі Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў Рэспублікі Беларусь. У другой палове мінулага стагоддзя маляўнічымі, фантазійнымі дыванамі, зробленымі ў вёсцы Рухава, упрыгожвалі інтэр’еры жылых дамоў жыхары гарадоў і вёсак далёка за межамі Беларусі. Пра майстрых са Старадарожчыны пісалі ўсесаюзныя выданні, расказвалі ў тэлеперадачах.

Рухаўскія дываны, зробленыя ў наш час, па-ранейшаму ўражваюць магутнай энергіяй фарбаў, наіўным і ў той жа час класічным спалучэннем арнаментаў. Сёння, як і раней, яны ўяўляюць сабой буйнапамерныя насценныя пано, дзе на чорнай тканіне размешчана вялікая колькасць разнастайных элементаў з рознакаляровай саломкі. У цэнтры сіметрычных узораў па традыцыі знаходзіцца букет простых кветак, дрэва з птушкамі, пара аленяў або галубоў.

Пазнаёміцца з унікальнымі творамі старадарожскіх майстроў сёння можна ў мастацкай галерэі ДУ «Мінскі абласны цэнтр народнай творчасці». Аўтару гэтых радкоў пашчасціла не толькі пабываць там, пачуць аповед пра рэдкасную экспазіцыю, але і паказаць на фотаздымках унікальны працэс стварэння традыцыйных арнаментаў з саломкі. Усё гэта адбылося ў час майстар-класу ад лепшых майстроў Старадарожчыны, якія прыехалі ў сталіцу. Пазнаёміцца з умельцамі, даведацца пра сакрэты іх творчасці сабраліся аматары розных узростаў і ўзроўняў майстэрства. 

Дырэктар Старадарожскага цэнтра рамёстваў Вольга Давыдкіна заўважыла, што выстава дываноў і майстар-клас з’яўляюцца адным з шматлікіх прыкладаў дзейнасці ўстановы дзеля аб’яднання пераемнікаў майстэрства вядомых землякоў. Умельцы падтрымліваюць сувязі з такімі ж аматарамі суседніх раёнаў, збіраюць матэрыялы для сумеснага семінар-практыкуму са знаўцамі народных рамёстваў.

Выстава рухаўскіх дываноў сведчыць не толькі пра пераемнасць майстэрства, але і пра ўзаемнае творчае абагачэнне розных відаў рамёстваў. Сярод экспанатаў тут можна ўбачыць прыгожыя мадэльныя сукенкі з саламянай аплікацыяй, сурвэткі, сувеніры. Непаўторная прыгажосць рознакаляровай саломкі натхняе на стварэнне новых дэкаратыўна-прыкладных твораў самабытных майстроў, пошук новых тэхналогій для іх працы. 

Яўген ПЯСЕЦКІ

Фота аўтара


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Написать в редакцию