Дзвесці гадоў таму у Мінску быў узведзены гарадскі «казённы дом», які адразу атрымаў назву «Пішчалаўскі замак» па прозвішчу падрадчыка гэтай новабудоўлі. Спачатку аб’ект складаўся з дзвух будынкаў: у адным знаходзілася адміністрацыя, а ў другім адбывалі пакаранне зняволеныя якім, да ўсяго іншага, прызначалася працаваць у «казённым доме», на гарадскіх могілках, рамантаваць масты.
Праляталі гады, неаднойчы мянялася назва вуліцы, на якой знаходзіўся Пішчалаўскі замак, але нязменным заставалася само прызначэнне гэтага рэжымнага аб’екта. Нарэшце лёс дзвухсотгадовага будынка з характэрнымі вежамі крута змяніўся: побач са старымі сценамі падняліся будаўнічыя краны а на агароджы з’явілася шыльда: Рэканструкцыя комплексу будынкаў па вул. Валадарскага, 2 у г.Мінску пад шматфункцыянальны комплекс.
Так сёлета будаўнікі і рэстаўратары перагарнулі новую старонку гісторыі старога замка. Будынак плануюць рэканструіраваць, ён стане адным з пунктаў экскурсійнага маршрута па Мінску. З’явяцца тут адпаведныя новаму прызначэнню аб’екты інфраструктуры у тым ліку і музей. Менавіта музей мае падставу стаць асоба прыцягальным для наведывальнікаў — у Пішчалаўскім замку калісьці адбывалі пакаранне удзельнікі паўстання 1831 года, класік беларускай літаратуры Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч, рэвалюцыянер Іван Пуліхаў, знаходзіліся асуджаныя пісьменнікі Якуб Колас, Уладзімір Дубоўка, у час Вялікай Айчыннай вайны у турме фашысты люта здзекваліся над патрыётамі падпольшчыкамі. Дарэчы, у пасляваенныя гады, згодна нязменнаму профілю установы, у камеры замка патрапілі і нацыстскія злачынцы.
У гэтыя дні будаўнічая пляцоўка на мінскай вуліцы імя Валадарскага звонку амаль не бачная — старая высокая агароджа па-ранейшаму надзейна заступае Пішчалаўскі замак. Але і яе пасля рэканструкцыі замка ліквідуюць, адкрыецца новы ландшафт з газонамі, паркоўкамі, малымі архітэктурнымі формамі. Будуць адноўлены дэкаратыўныя карнізы і паясы, каваная ўваходная лесвіца часоў будаўніцтва замка, яшчэ адна вінтавая лесвіца павядзе на верх вежы, адкуль адкрыецца від на горад.
Наперадзе ў будаўнікоў і рэстаўратараў шмат складаных спраў. Завяршыць работы яны плануюць у верасні 2027 года.
Яўген Пясецкі
фота аўтара