Тхор у... белых шкарпэтках
У дзяцінстве мой сын вельмі хацеў завесці якога-небудзь хатняга гадаванца, але я была супраць, бо ведала, што ўсе клопаты аб ім лягуць на мяне. Як сёння помню чарговую размову: сын патэлефанаваў мне на працу і радасна выдаў:
— Мама, у нас будзе сабачка!
— Не! Аніякага сабачкі ў нас не будзе! — заявіла я і кінула слухаўку.
А вечарам прыйшла дамоў і што вы думаеце — мяне сустрэў там цудоўны двортэр'ер: сам чорненькі, лапкі белыя (нібы ў панчошках), а вочкі... Яны глядзелі на мяне так, што мая рашучасць умомант знікла.
Сын тым часам ужо расказаў, што гэтага прыгажунчыка нейкія дзеці ў ліфце прывезлі на дзявяты паверх (мы жывём на восьмым) і пакінулі. А сабачка тады падышоў да нашых дзвярэй і, пачуўшы галасы (гэта сын мой з сябрам гулялі ў тамбуры), стаў «прасіцца» ў кватэру, да іх у кампанію.
Не ведаю, праўда гэта або легенда, але ж Дзінга (так мы назвалі сабачку) знайшла свой дом, а мы ў яе асобе агульную любіміцу, бо такая ж разумная, такая ласкавая...
Помню, прыехаўшы ў вёску да бабулі, мы вельмі баяліся, што яна падушыць курэй, але Дзінга і ў той бок не глядзела. Затое з гнёздаў сталі прападаць яйкі.
— Напэўна, тхор завёўся, — скардзілася бабуля суседцы.
А мы з сынам у гэты ж час бачылі, як з хлява, акуратна трымаючы ў зубах яечка, выходзіць Дзінга, як яна прастуе ў гарод і ўпотай частуецца...
А вось з кавалерамі яна ўжо гуляла ў адкрытую. Тыя цугам за ёй хадзілі — ведама ж, гараджанка, прыгажунька...
— Некалі гэтыя залётнікі на кавалкі яе разарвуць, — змрочна прадказвала бабуля.
І сапраўды аднойчы наша любіміца прапала. Яе не было ўвесь вечар і ноч. Раніцай я са страхам падумала, што збылося бабуліна прадказанне, што Дзінга на 14-м годзе жыцця (па чалавечых мерках гэта пад восемдзесят) недзе, як той казаў, злажыла лапкі...
А таму я ўзяла пакет, каб сабраць парэшткі, ды выйшла на двор.
Што там? Карціна Рэпіна «Не чакалі»: у адчыненую брамку, у суправаджэнні маладога кавалера, важна ўваходзіла наша Дзінга.
— Усім бы так гуляць на дзявятым дзясятку, — падумала я.
...А вясной наступнага года з-за ўкусу кляшча нашай Дзінгі не стала.
Мы ходзім на яе магілку, носім цукеркі, якія яна вельмі любіла, і расказваем, як жа нам яе не хапае...
Людміла Касяк, г. Мінск.
За чатыры булачкі
...Больш скупога чалавека, чым Васіль, у акрузе, мусіць, не было. Ён усё чыста падлічваў. Часцяком, бывала, прыйдзе ў краму, патопчацца ля прылаўка, паглядзіць на цэннікі і нічога не купіць. А калі ўжо і адважыцца, нешта выбера, то на крамніка глядзіць — ва ўсе вочы, здаецца, не міргаючы... Так сочыць, каб ён не падмануў: каб хаця ж правільна, да грамулькі, узважыў, каб дакладна палічыў цану, каб рэшту аддаў да апошняй капеечкі.
І калі б не меў іх, гэтых капеечак, а то ж вадзіліся ў чалавека грошы. Проста жмінда такая: дзецям хіба што на свята сто грамаў падушачак браў ды і тыя, казалі, па цэлай не даваў — драбніў нажом на кавалачкі.
А вось выпіць любіў — асабліва нашармачка: іншы раз мужыкі збяруцца ля крамы, пагавораць ды і скінуцца, каб прапусціць па кілішку.
Здаралася, што перападала тады і Васілю. Той выпіваў, але ж як толькі адчуваў, што прыйдзецца і сваю капейку аддаць, як скрозь зямлю правальваўся...
Дык вось аднойчы перад святам хто-ніхто з вяскоўцаў сабраўся ў Мазыр. Хацелася там прыкупіць нейкіх прысмакаў ды можа і абноў. Для гэтага старшыня калгаса нават машыну выдзеліў.
Загрузіліся людзі ў кузаў, у горад прыехалі. Найперш набралі хлеба ды булачак, дражджэй купілі, прыцаніліся да прамтавараў, газіроўкі напіліся па адной капейцы за шклянку. А хто-ніхто і сіропам пакаштаваў — за тры капейкі — ды потым пашкадаваў, што такіх вось скрынак-аўтаматаў, што з фырканнем льюць у шклянкі ваду, на сенакосе няма (з рэчкі піць даводзіцца)... І марозіва ў вёсцы няма. А з'еў бы ў спёку — халоднага, драўлянай палачкай з папяровага кубачка...
Тым часам і дзень прамільгнуў: вяскоўцы едуць дамоў — усе разам «падскокваюць» на саломе, калі машына трапляе на выбоіны, усе разам смяюцца, жартуюць.
— А давайце і павячэраем так, — прапануе раптам Іван-балбатун.
— Давайце, — згаджаюцца людзі ды бяруцца развязваць торбы.
— Э, не, — гучна абвяшчае Іван, — мая прапанова, дык мае і булачкі. Іх, па сем капеек, я шмат набраў, нам з мамай столькі не з'есці. Частую...
Двойчы запрашаць, вядома ж, не трэба было: пацягнуўся народ да здобных булачак, стаў з апетытам есці. Тым больш што следам Іван, што называецца, пусціў па руках і бутэльку з газіроўкай... Да Васіля дайшла... Узяў той у рукі і ўміг абмацаў на шкле знаёмую шчарбінку, падумаў: «Няўжо мая?!»
Расштурхаў усіх — кінуўся ў кут, дзе паклаў сваю торбу, але ж на месцы яе не было: ля Івана ляжала. І засталіся ў ёй толькі хлеб ды кулёк цукерак.
Ад злосці пацямнела ў вачах, слоў амаль не было:
— Заб'ю, — прашыпеў Васіль і што сілы схапіў Івана за грудзі.
А той, як здавалася, богу душой не вінаваты:
— Прабач, — кажа, — пераблытаў мяшкі... Побач ляжалі... Аднолькавыя... Сам паглядзі.
Ні глядзець, ні слухаць Васіль не хацеў: ад Івана яго ледзь адцягнулі.
І супакоілі толькі тады, калі сталі «скідвацца» — хто па булачцы, хто па дзве — ды класці яму ў торбу.
...Страту, карацей, «кампенсавалі», але ж перавыхаваць не змаглі: гарбатага, кажуць, хіба труна паправіць, скупога — таксама.
Анатоль Кашэвіч, Лельчыцкі раён.
Чароўная сіла мастацтва, альбо Як змагацца з п'янствам
Гэта было досыць даўно, але ж якраз перад Новым годам. Я толькі прыйшоў з работы, павячэраў і са свежымі газетамі сеў на канапе перад тэлевізарам, як там жа «намалявалася» жонка, сказала, чаго ёй не хапае для прыгатавання святочнай вячэры, і загадала, каб я тэрмінова схадзіў у краму.
Ну як вам такое спадабаецца? Яна што — не магла ўсё прадумаць загадзя і пазваніць мне на работу? Па дарозе дамоў я б тады ўсё купіў... Магла адправіць па пакупкі і адразу пасля таго, як прыйшоў дамоў і яшчэ не распрануўся...
Усё гэта я ёй сказаў, але яна мяне быццам не чула: ідзі і ўсё.
Тут я павінен прызнацца, што цягам сямейнага жыцця нажыў сабе досыць добрую рысу: калі нейкая з жончыных ідэй мне не падабаецца, то я ўпарчуся да апошняга, прыводжу аргументы. Але ж як толькі бачу, што гэта марна, што я не перамог, рэзка мяняю тактыку і ўжо з задавальненнем, можна сказаць, бяруся выконваць тое, супраць чаго толькі што «ваяваў»!
Вось і той раз хутка апрануўся, сунуў у кішэню авоську ды спіс патрэбных прадуктаў і падаўся ў краму. А дайшоў да яе і спыніўся: столькі народу адтуль выходзіла...
Я прытрымліваў дзверы і міжволі чуў:
— Вып'ем, — казаў адзін з мужчын (праўда, не мне). — Новы год жа, грэх не адзначыць.
— Я не буду, — адказваў яму другі.
— Ты што — хворы?
— Не...
— Дык што — проста так, без прычыны, сапсуеш мне вечар? Дзе я зараз кампанію знайду?
— Дзе хочаш... А я — пас: сёння па БТ «Іронія лёсу...». Я хачу паглядзець.
— Добрае кіно... Але ж каб на яго ды прамяняць выпіўку?..
— А ты паспрабуй...
На гэтым размова абарвалася. Мы зайшлі ў краму, і аднаго з мужчын я там яшчэ бачыў: ён спехам рабіў пакупкі.
Прыбавіў у тэмпе і я, прычым дамоў ужо ледзь не бег. А там — аддаў жонцы прадукты, распрануўся і адразу да тэлевізара. Трэба сказаць, паспеў — неяк па-новаму, спакойна і ад пачатку да канца паглядзеў гэтую самую «Іронію...». І толькі потым, пасля заканчэння фільма, успомніў, што, будучы ў краме, хацеў зазірнуць у віна-гарэлачны аддзел і... забыўся! Вось яна, чароўная сіла мастацтва!
Адкуль ідэя: а што, калі адшукаць такіх рэжысёраў, як Эльдар Разанаў, і падахвоціць іх здымаць 365 такіх фільмаў у год?! Гэта ж колькі народу захоча іх паглядзець і пры гэтым... забудзецца выпіць! Можа, такім вось чынам п'янству, гэтай ганебнай з'яве, наступіць капут?
Яўген Кавальчук, г. Мінск.
Рубрыку вядзе Валянціна Доўнар
Ад яе ж. Новым чытачам, падпісчыкам «Звязды», трэба, мусіць, сказаць, што «вясёлыя і праўдзівыя гісторыі...» газета збірае з пачатку стагоддзя, што апошнім часам гэтыя байкі-бываліцы не проста друкуюцца, а прымаюць удзел у конкурсе на самую-самую... Што іх, самыя-самыя, вызначае невялічкае рэдакцыйнае журы ў складзе першага намесніка галоўнага рэдактара «Звязды» Наталлі Карпенкі, рэдактара аддзела Надзеі Дрындрожык і вядучай рубрыкі Валянціны Доўнар. Што пры гэтым, ну безумоўна ж (і нават у першую чаргу), улічваюцца меркаванні вялікага чытацкага журы пад старшынствам адданай падпісчыцы і аўтаркі газеты спадарыні Соф'і Кусянковай з вёскі Лучын Рагачоўскага раёна, што стаць сябрам чытацкага журы можа кожны ахвотны...
Што для гэтага трэба? Дробязь: прачытаўшы (як правіла, у пятніцу) падборку «вясёлых і праўдзівых гісторый...», ацаніць кожную (на тройку, чацвёрку, пяцёрку) і пакласці газету ў нейкую шуфляду, каб потым, на фінішы 2018 года альбо на пачатку новага, 2019-га, перачытаць тое, што найбольш спадабалася, скласці сваю «дзясятку найлепшых» і даслаць у рэдакцыю з указаннем назвы, прозвішча аўтара і даты публікацыі...
Шчыры дзякуй усім, хто гэта ўжо зрабіў і зробіць у найбліжэйшыя дні, пагартаўшы падшыўку альбо зазірнуўшы на сайт газеты.
Вынікі конкурсу шукайце ў адным з найбліжэйшых нумароў. А пакуль заўсёдная просьба: пішыце!
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/valyancina-dounar
[2] https://zviazda.by/be/kaleydaskop
[3] https://zviazda.by/be/vyasyolyya-gistoryi
[4] mailto:dounar@zviazda.by
[5] https://zviazda.by/be/tags/vyasyolyya-gistoryi-chytachou