На днях у Брэсце кіраўніцтва Беларускай чыгункі правяло сустрэчу з дырэкцыяй кампаніі PKP (Польскія чыгункі). У ходзе перамоваў бакі абмеркавалі сучасны стан узаемадзеянняў і планы па пашырэнні супрацоўніцтва ў найбліжэйшай будучыні. Шэраг рашэнняў тычыцца пасажырскіх і грузавых перавозак.
Адной з ключавых стала дамоўленасць бакоў з сярэдзіны снежня бягучага года, калі будзе зацверджаны новы графік на 2019/2020 гады, запусціць новы цягнік Брэст — Будапешт. Мяркуецца, што ён атрымае ўласную назву “Стэфан Баторый” і будзе ўключаць некалькі бесперасадачных вагонаў з абласнога цэнтра да Вены і Прагі.
Падчас II Еўрапейскіх гульняў Варшаву і Брэст звяжа дадатковы часовы цягнік. Гэтая мера дапаможа балельшчыкам з Заходняй і Цэнтральнай Еўропы даехаць у Мінск чыгуначным транспартам. З сярэдзіны снежня яго плануюць зрабіць пастаянным і штодзённым. Такім чынам напрыканцы года паміж Брэстам і сталіцай Польшчы прамыя цягнікі будуць курсіраваць двойчы на дзень. Нагадаем [1], што пры гэтым у Брэсце Беларуская чыгунка арганізуе зручную перасадку на хуткія электрацягнікі да Мінска.
Бакі таксама абмеркавалі аднаўленне грузавога руху праз чыгуначны пагранпераход Чарэмха — Высока-Літоўск (Брэсцкая вобласць, Камянецкі раён). Запуск першага “таварняка” запланаваны на 2 квартал гэтага года. Зараз вядуцца падрыхтоўчыя работы: рэмантуецца рэйка-шпальная рашотка, прыводзіцца ў парадак паласа адводу. Старшыня Брэсцкага аблвыканкама Анатоль Ліс таксама анансаваў [2] будаўніцтва транспартна-лагістычнага цэнтра па перагрузцы грузаў.
У ходзе сустрэчы праведзены кансультацыі па пытаннях рэзервовых магутнасцяў пераходу Тэрэспаль — Брэст, які з’яўляецца найбольш важным памежным пунктам на маршруце паміж Кітаем і Еўропай. Перамовы тычыліся інвестыцый у мадэрнізацыю памежных станцый, у тым ліку станцыі Тэрэспаль.
Дзмітрый СУГАНЯЕЎ
Спасылкі
[1] http://zviazda.by/be/news/20171115/1510731123-bch-prapanue-novuyu-paslugu-u-znosinah-minsk-varshava
[2] http://zviazda.by/be/news/20190213/1550072027-chygunachny-lagistychny-centr-planuyuc-pabudavac-pad-brestam
[3] https://zviazda.by/be/tags/belaruska-polskaya-granica
[4] https://zviazda.by/be/tags/chygunachny-transpart
[5] https://zviazda.by/be/tags/brest
[6] https://zviazda.by/be/tags/budapesht
[7] https://zviazda.by/be/tags/varshava
[8] https://zviazda.by/be/tags/novyya-cyagniki