Падчас працэсу па справе галоўнага інжынера МЗКЦ Андрэя Галавача [1] ажыццяўляўся ціск на суддзяў з боку следчых. Пра гэта паведаміў сёння журналістам старшыня Вярхоўнага суда Валянцін Сукала пасля нарады [2] кіраўніка дзяржавы з праваахоўным блокам, інфармуе БЕЛТА [3].
Падчас нарады Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што недапушчальна, калі ў практыцы сілавікоў з'яўляецца новая "форма" працы - прамы ціск на ўдзельнікаў крымінальнага працэсу.
"Нават да суддзяў пад'язджаюць і пачынаюць на іх накатваць: ды мы з вамі, ды мы вас будзем прэсаваць, нахіляць", - расказаў Прэзідэнт.
Валянцін Сукала пацвердзіў, што такія выпадкі сапраўды адбываюцца, хай і не часта. У прыватнасці, так было падчас судовага працэсу па крымінальнай справе ў дачыненні да галоўнага інжынера Мінскага завода колавых цягачоў.
"Такія факты ўстаноўлены, яны былі - ціск з боку і работнікаў Следчага камітэта на суддзяў з тым, каб яны пастанавілі не той прысуд, які пастаўлены. Думаю, што ў дачыненні да вінаватых будуць прынятыя меры", - сказаў старшыня Вярхоўнага суда.
Як паведамлялася, Андрэя Галавача па падазрэнні ў атрыманні хабару затрымалі супрацоўнікі галоўнага ўпраўлення па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю і карупцыяй МУС.
Суд Першамайскага раёна Мінска пачаў разглядаць крымінальную справу 29 мая. Фігуранту было прад'яўленае абвінавачванне ў атрыманні хабару ў асабліва буйным памеры і злоўжыванні ўладай або службовымі паўнамоцтвамі.
Суд першай інстанцыі 19 ліпеня прызнаў галоўнага інжынера Мінскага завода колавых цягачоў невінаватым. Ён па ч.2, 3 арт.430 КК і па ч.2 арт.424 КК быў апраўданы за недаказанасцю ўдзелу ў здзяйсненні злачынства.
Яго вызвалілі з-пад варты ў зале суда. Мінскі гарадскі суд у жніўні ў апеляцыйным парадку праверыў законнасць і абгрунтаванасць пастаноў апраўдальнага прысуду ў дачыненні да галоўнага інжынера МЗКЦ. Апраўдальны прысуд быў пакінуты без зменаў [4].
Спасылкі
[1] http://zviazda.by/be/news/20190719/1563546476-galouny-inzhyner-mzkc-apraudany-i-vyzvaleny-u-zale-suda
[2] http://zviazda.by/be/news/20190820/1566294063-prezident-pravodzic-naradu-pa-pytannyah-yakasci-raboty-pravaahounyh-organau
[3] https://www.belta.by/society/view/sukalo-rasskazal-o-davlenii-na-sudej-vo-vremja-protsessa-po-delu-glavnogo-inzhenera-mzkt-358972-2019/
[4] http://zviazda.by/be/news/20190820/1566296039-apraudalny-prysud-galounaga-inzhynera-mzkc-pakinuli-bez-zmenau
[5] https://zviazda.by/be/tags/valyancin-sukala
[6] https://zviazda.by/be/tags/sud