Top.Mail.Ru
0

Апантанасць ці павага да справы?

Аўтар: Святлана Яскевіч
10.03.2025 | 13:01

На сустрэчы з гледачамі ў Брэсце кіраўнік Прэзідэнцкага аркестра Віталь Кульбакоў расказаў гісторыю, правільней сказаць, згадаў выпадак, які здарыўся на адным з іх выступленняў. Выпадак амаль неверагодны, можна назваць яго дзіўным і нават у пэўным сэнсе сімвалічным... Ды аб усім па парадку. Вось сціслы пераказ аповеду вядомага ў нашай краіне дырыжора.


«У афішу аднаго са „Славянскіх базараў у Віцебску“ была ўключана праграма сусветнага кіно. Яе склалі некалькі даволі вядомых і цікавых фільмаў, тым ці іншым чынам звязаных з музыкай альбо музыкантамі. Адной са стужак была „Апантанасць“ амерыканскага рэжысёра Дэмьена Шазела. У цэнтры сюжэта музычнай псіхалагічнай драмы — апантанае імкненне першакурсніка нью-ёркскай кансерваторыі Эндру Німана іграць у вядомым аркестры. Кіраўнік аркестра вызначаўся надзвычай жорсткім норавам. І, каб яму дагадзіць, каб выйграць у канкурэнтнай барацьбе з двума сапернікамі месца барабаншчыка, Эндру працуе не шкадуючы сябе... У фільме шмат добрай музыкі, а „фішка“ паказу ў наступным: наш аркестр дубліраваў тое, што адбывалася на экране ў музычным плане.

...Дык вось, у сярэдзіне карціны ёсць асабліва яркі эпізод, калі галоўны герой іграе барабанную кадэнцыю, пры гэтым так самазабыўна працуе, што ад напругі ў яго з пальцаў выступае кроў. І вось у гэты самы момант наш ударнік, які іграе ва ўнісон, зусім выпадкова чапляе рукой металічную талерку інструмента, раніць руку, і ў яго таксама выступае кроў з пальцаў — атрымліваецца зусім сінхронна.

Нехта падумаў, відаць, што гэтая „эфектная“ сцэна была падстроена. Але ж у тым і справа, што ўсё атрымалася само сабой, выпадкова... Нам бы і ў галаву не прыйшлі падобныя экстрэмальныя трукі. Ды пэўны сімвалізм у гэтым мы таксама ўбачылі... Заўсёды трэба адчуваць мяжу... І ўжо дакладна ніхто з нас не забудзе той выпадак», — падсумаваў Віталь Рыгоравіч.

Пасля сустрэчы я таксама паглядзела стужку «Апантанасць», якая атрымала аж тры «Оскары» і «Залаты глобус». Карціна выклікала супярэчлівыя ўражанні: з аднаго боку — разумееш, што ўзнагароды цалкам заслужаныя, рэжысёрская і акцёрская работа выглядаюць бездакорна, а з другога — нельга не пагадзіцца з асобнымі крытыкамі ў тым, што трактоўка вобраза тырана-кіраўніка аркестра выглядае спрэчнай. І яшчэ, вось гэтая апантанасць, хоць яна тут і не прымае крайнія формы, — на мяжы псіхічнага разладу, а выглядае як моцнае захапленне сваёй справай, — насцярожвае. Усё ж лепей, відаць, ва ўсім захоўваць меру. Нават у высакародным імкненні стаць найлепшым у сваёй справе, у любой справе наогул.

Чамусьці ў гэтай сувязі мне згадаўся чалавек са сферы, надзвычай далёкай ад мастацтва, — механізатар Багдан з легендарнага некалі калгаса «Савецкая Беларусь». Пра яго аўтару гэтых радкоў у свой час расказваў двойчы Герой Сацыялістычнай Працы Уладзімір Бядуля. Паводле слоў Уладзіміра Лявонцьевіча, за паўстагоддзя сваёй работы ён больш не сустракаў такога майстра ворыва. «У полі за рулём трактара Багдан як бог, — гаварыў Бядуля. — Ніхто з ім не здолее параўнацца. Ён мог застацца ў полі познім вечарам, ледзь не ноччу, калі ў канцы працоўнай змены, акінуўшы вокам зробленае, прыходзіў да высновы, што недзе дапусціў агрэх альбо зрабіў недастаткова прыгожа, грунтоўна, якасна. У яго любое поле выглядала як карцінка».

Бядуля шкадаваў аб тым, што быць адзначаным на дзяржаўным узроўні Багдану перашкодзіла адна шкодная звычка. Вы здагадаліся, якая. На жаль, здараліся такія зрывы, што некаторы час ён на работу не выходзіў, апошняе і не дало магчымасць прадставіць механізатара да ордэна альбо нават да звання героя. А ён і не крыўдзіўся: не за ўзнагароды працаваў. Проста па-іншаму не мог. І ніхто больш не дасягнуў узроўню майстэрства гэтага трактарыста. «Ён паважаў сваю справу і сябе ў гэтай справе. Таму і не трэба было правяраць за ім, ён сам сабе быў і суддзёй, і кантралёрам. А гэта рэдкі дар, як сапраўдны талент», — разважаў шаноўны аграрый.

Думаю, паважаць сябе ў справе, якую робіш, — вось што важна, а не апантанасць, самазабыўнасць, адданасць на мяжы. І ўсё роўна, хто ты: музыкант, акцёр, пісьменнік, доктар ці чалавек рабочай прафесіі. Адзін такі літаральна днямі здзівіў. На першы погляд, сціплы вясковы чалавек, ён выконваў цэлы шэраг работ па рамонце ў нашым вясковым доме. Некалькі дзён таму разлічыліся з ім за столь, ён і ключ аддаў ад дома, а ў выхадныя тэлефануе і гаворыць, што падумаў і прыйшоў да высновы: у адным месцы трэба зрабіць інакш, іншымі словамі, падправіць. Дамовіліся, прыехаў, працаваў гадзіны тры. Калі я спытала, колькі павінна, сказаў: «Ніколькі, гэта ж мой касяк». Шчыра кажучы, малады чалавек мяне ўразіў. Усе іншыя работнікі, мякка кажучы, крыху інакш сябе паводзілі. А той агрэх я б і не заўважыла, аб чым і паведаміла яму. Ён жа сказаў, што яму падаецца важнай уласная ацэнка работы, ён не церпіць ніякай халтуры. На шчасце, ёсць сярод нас і такія.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю