Мы ніколі не распачыналі войны ды спрэчкі, але ўдзельнічаць павінны былі, бо тэрыторыя наша заўжды ў напрамку галоўнага ўдару. І цяпер мы паняволі ўдзельнікі эканамічнай вайны. А як інакш можна назваць тыя наўмысныя санкцыі супраць беларускай прамысловасці? Нашы прадпрыемствы экспартаарыентаваныя, а значыць, канкурэнты для аналагічных замежных вытворчасцяў. Таму пры любым зручным моманце нашых вытворцаў імкнуцца прыбраць з дыстанцыі, адзін з элементаў несумленнай і незаконнай барацьбы — санкцыі, і так паступаюць усю дарогу нашага суверэннага шляху. Аднак мы рухаемся наперад. Можа, не заўсёды з жаданай хуткасцю, але нам патрэбна эканоміка новых хуткасцяў. Каб жыць лепш, трэба лепш працаваць.
Мы адкрываем цэнтры духоўнага станаўлення, робім патрыятызм модным. Але галоўны барометр настрою ў сучасным грамадстве спажывання — эканамічныя паказчыкі. Вось яскравыя прыклады. Моладзь Непала, у якой прыкметай забяспечанасці была наяўнасць гаджэтаў, і польскія паны, забяспечанасць якіх беларусам варожыя цэнтры кіравання «прадаюць» як узорную — усе незадаволеныя сваім становішчам. Пакаленне Z-спажыўцоў у Непале — адной з найбяднейшых краін свету — знесла ўрад за некалькі дзён. Амаль палова насельніцтва Польшчы супраць урада Туска. Ну, яшчэ некалькі непапулярных і бессэнсоўных крокаў, накшталт закрыцця мяжы з Беларуссю, і антырэкорд народнай «любові» пану Туску гарантаваны. Такія розныя краіны, з розным дабрабытам, узроўнем развіцця, у розных частках свету, а прычына грамадскай незадаволенасці — адна. Прычым і Непал, і Польшча — рэлігійныя дзяржавы. У сталіцы Непала — Катманду — лабірынты старога квартала, дзе ёсць мноства індуісцкіх і будыйскіх святыняў. У Польшчы няма вёскі без касцёла. Але цяпер сучасная «рэлігія», якую ўзрошчваў калектыўны Захад, — сытае чэрава, новы айфон і білет на заморскі бераг.
У нас інакш. Тым не менш эканоміка — аснова. Гэта ўвесь час нагадвае Першы. А ў Беларусі яна мабілізацыйная, бо адкрытая: 80-85 % вырабленага мы павінны прадаць. Прычым цяпер адбываецца перадзел сусветнай эканомікі. Бітва за месца ў планетарным рэйтынгу эканамічнага дабрабыту. А над намі ціснуць санкцыі, а на найбліжэйшым і самым даступным рынку — расійскім — зразумелыя складанасці. Беларусы пакутаваць ад гэтага не павінны. Прастора для супрацоўніцтва неверагодна вялікая. Ствараць новыя тавары, асвойваць кампетэнцыі. Мы шукаем кампаньёнаў па ўсім свеце.
Цяпер дыктатура калектыўнага Захаду разбураецца на вачах. Але ёсць небяспека, каб на гэтых абломках не вырас новы квазі-глабальны цэнтр, у цісках якога апынецца сусветная эканоміка і нацыянальныя эканомікі мноства дзяржаў. Таму неабходна развіваць рэгіянальныя інтэграцыі з глабальным уплывам. Прэзідэнт прапанаваў новае прачытанне ўжо звыклай абрэвіятуры СНД, наладжвае новыя шляхі ў краіны далёкай дугі. Непарушны дыялог з Расіяй. Але і з Трампам трэба размаўляць. Гэтыя перагаворы — аб канкрэтнай выгаднай здзелцы для нас. Прэзідэнт, што называецца, напружвае ўнутраныя рэзервы. Сам асабіста і па знешнім контуры стварыў цэлую вертыкаль супрацоўніцтва. Традыцыйна — Расія і Кітай, краіны ЕАЭС, а таксама — дзяржавы постсавецкай прасторы, далёкая дуга.
Магчымасці беларускай эканомікі — гэта задзел з мінулага, традыцыйныя галіны гаспадарання, кампетэнцыі, якія былі асвоены раней, з упорам на прыродны ландшафт, кліматычныя асаблівасці, геаграфічнае становішча дзяржавы. І пры Вітаўце, і пры Машэраве беларусы вырошчвалі хлеб. Тэхналогіі, навука, прамысловасць — савецкая спадчына. І ў гэтым прасочваецца пераемнасць. Развіваецца прыватная ініцыятыва, фермерства. Спакойна, па-беларуску. «Галапіруючае» развіццё прыватнага бізнесу прывяло б да рэзкага падзелу грамадства. Быць багатым не сорамна, у Беларусі сорамна пышыцца гэтым. Менавіта ў нас працуе гэта залатое сячэнне забяспечанасці, гэта ўнікальны здабытак краіны. Эксперты могуць казаць рознае і крытыкаваць нас, але любая змена структурнасці нацыянальнай эканомікі прывядзе да пераразмеркавання выгод, а ў выніку — да несправядлівасці. Таму працаваць нам менавіта ў такой эканамічнай парадыгме. Кіраўнічай воляй Аляксандра Лукашэнкі пункты апоры былі захаваны. Ізноў жа рашэннем Прэзідэнта атрымала развіццё ІТ. Цяпер кіраўнік дзяржавы займаецца індустрыялізацыяй новага тэхналагічнага ўкладу. Стварэнне і наведванне тэхнапаркаў для дзяцей не што іншае, як фарміраванне айчынных, уласных кампетэнцый, а значыць, тэхналагічнай заможнасці і суверэнітэту. Вось так выглядаюць інвестыцыі ў будучыню. І бацькоўскі патранаж моладзі.
Рост даходаў — гэта ці не самая яркая прыкмета сацыяльнай дзяржавы. Плаціць больш пры любой магчымасці. А магчымасці цяпер скаваныя. Не дапрацоўваем, рэзюмуе Першы. Дзецям хочацца гарадскіх Цэнтраў тэхнічнай творчасці, людзям у паважаным узросце — каб не закрывалі ФАПы і аддзяленні ў райбальніцах, вадзіцелям — добрых дарог, сямейным парам — больш паркаў, жанчынам — мацярынскага капіталу за другое дзіцятка.
У нас няма сотняў дывізій і неверагодных запасаў у нетрах. Затое наша тэрыторыя — гэта прыгранічча цывілізацый. Заўсёды на стыку інтарэсаў. Наша з вамі поле бою — вось яно, зусім блізка для кожнага. Станок, руль, пісьмовы стол, інструмент...
Экспартны беларускі партфель. Гэта харчаванне і тэхніка. З харчаваннем лягчэй. Запыт на такую прадукцыю ў свеце будзе толькі расці. Гэту нішу нельга страціць, бо яна самая беларуская, бо мы — цывілізацыя хлеба. Па нашых палетках шчыруюць трактары, а не гойсаюць танкі.
Выніковасць эканомікі пачынаецца, што называецца, у палях, на працоўных месцах, яна дапамагае нам не ператварыць краіну ў поле бою для розных цэнтраў сіл. Зразумела, надвор’е, карэктывы... Працаваць трэба. Вось і ўвесь спрадвечны алгарытм. Шлях да беларускага дабрабыту ляжыць менавіта праз гэта.
Яўген ПУСТАВОЙ