Можна было б пакінуць пытанні ўнутранага складу на профільных кіраўнікоў, а самому займацца вырашэннем пытанняў вайны і міру, «адкрыцця» новых дзяржаў і рынкаў збыту нашых тавараў — адным словам, стварэннем міжнароднага іміджу краіны, як тое робяць іншыя прэзідэнты. Праўда, іншыя ў гэтым не дасягаюць такіх поспехаў, як наш Першы. А ён на гэтым «алімпійскім узроўні» не спачывае, а, што называецца, апускаецца да надзённых пытанняў простых людзей.
У гэтым — палітыка Лукашэнкі, Бацькаў почырк. Інакш нельга. Не па-лукашэнкаўску. Час нялёгкі, і каб мы адчувалі гэта па мінімуме, улады намагаюцца аператыўна і прафесійна вырашаць усе пытанні. Не памылюся, думаю, калі скажу, што вельмі добры імпульс ім у гэтым надае вялікая верагоднасць, што Першы пакліча з дакладам і спытае.
Дзень ведаў, Дзень беларускага пісьменства — урачыстасць нацыянальнага інтэлекту. Кіраўнік дзяржавы ўжо даўно агучыў формулу захавання суверэнітэту і незалежнасці нашай краіны: апора на веды. Сапраўды нашы апоры развіцця грунтуюцца не на бясконцых зямных нетрах, не на гарачай прыбярэжнай зоне адпачынку сусветнага маштабу і не на авіяносцах, якія могуць «прычаліць» да любых берагоў, каб перакрыць планетарныя лагістычныя калідоры, і за кошт гэтага ўмацаваць сілу сваёй валюты. Але, як паказвае практыка, усе гэтыя фактары развіцця могуць скончыцца, а вось сіла ведаў — ніколі. Нездарма ж захавалася паданне аб самым мудрым кіраўніку ўсіх часоў і народаў. Саламон прасіў у Бога менавіта — мудрасці, ведаў. А ўсё астатняе прыклалася — і грамадскі лад, і дабрабыт.
Беларусь — зямля інтэлекту і навукі. Нашы продкі, часта не маючы магчымасці вучыцца, заўсёды марылі даць адукацыю сваім дзецям. Гэтую традыцыю прагі і папулярызацыі ведаў беларусы працягваюць і сёння. На заранку незалежнасці, калі былі яшчэ амаль галодныя, арганізавалі фестываль пісьменства, і Прэзідэнт падтрымаў, надаўшы яму статус нацыянальнага свята. Настаўнік, вучоны, інтэлектуальны творца — адна з асноўных фігур на пастаменце беларускай унутранай палітыкі, герояў нашага часу — і гэта таксама з падачы Першага.
Зноў і чарговы раз — Прэзідэнт прысвяціў тэме развіцця інтэлектуальных магчымасцяў краіны шэраг сустрэч, зусім не дзяжурных у пачатку навучальнага года, а стратэгічных момантаў. Аляксандр Лукашэнка калі ўзнімае тэму, то трымае руку на пульсе да канца яе рэалізацыі. Так і са стварэннем Акадэміі інтэлектуальнага развіцця і з развіццём тэхнапаркаў, у тым ліку дзіцячых. Гэта і патрабуе ўся сістэма інтэлектуальнага развіцця краіны. Цяпер са школы, а, на жаль, не заўсёды з сям’і, пачынаецца Грамадзянін сваёй Айчыны: Чалавек, Патрыёт, Спецыяліст.
Адкрываць новыя таленты закліканая Акадэмія інтэлектуальных рашэнняў. Гэту тэму падрабязна абмеркавалі з міністрам адукацыі. Які не з’яўляецца ні кан’юнктуршчыкам, ні функцыянерам, а чалавекам навукі і шматдзетным бацькам. Разумее ўсе працэсы знутры.
Дарэчы, такі падыход, як у Акадэміі інтэлектуальнага развіцця, рэалізуецца ў Нацыянальным дзіцячым тэхнапарку. За пяць гадоў такая сістэма работы з адоранымі беларусамі апраўдала сябе. Цэнтр для самых разумных хлопчыкаў і дзяўчынак створаны па даручэнні кіраўніка дзяржавы. Распрацоўкі прызнаюцца найлепшымі на выставах. Але ў канчатковым выніку вельмі важна, каб яны знайшлі практычнае прымяненне і былі запатрабаваныя. Распрацовак набралася на цэлы паверх. Усе напрацоўкі — узяты на аловак высокімі чынамі.
Можа, і ад вынаходнікаў з дзіцячага тэхнапарка будзе залежаць будучыня нашага аўтапраму і яго лакалізацыя. Каб нашы брэнды хацелі падрабляць, а мы адышлі ад эпітэта зборачнага цэха. Тыя нараканні Прэзідэнта: «А што тут наша?» падчас наведвання ўжо дарослага тэхнапарка да гэтага часу цытуюць беларусы. Ну так, з чагосьці трэба пачынаць, няхай і з вынаходкі вобразнага веласіпеда на тэрыторыі велазавода. Ільготы і прэферэнцыі для тэхнапаркаў усё ж такі павінны прынесці вынік. Менавіта такі падыход дазваляе не страціць свае брэнды: ад «ММВЗ» да «Гарызонта» і, вядома, у выніку — сябе. Пра вынік і развіццё тэхнапаркаў Першы нагадаў і на нядаўняй сустрэчы са сталічным кіраўніком горада. «Сачкаваць» у дарослых Кулібіных не выйдзе — моладзь наступае на пяткі.
Свае ўніверсітэты, акадэміі, тэхнапаркі — дзеля таго, каб заахвоціць сучасную моладзь і прывабіць таленты роднай зямлі. Галоўнае, каб усе тыя намаганні не ператварыліся ў звычайны маркетынг як з тэхнапаркамі, так і Акадэміяй інтэлекту.
А вось чым на самай справе ганарыцца Беларусь — дык чысцінёй паветра і наваколля. Трэба разумець, што менавіта магчымасць жыць сярод прыроды, як і якаснае харчаванне, вада, медыцына і веды — самыя галоўныя паказчыкі заможнага жыцця і дабрабыту. У нашай дзяржаве гэта даступна фактычна кожнаму. І каб захаваць усе гэтыя выгоды ў самым галоўным мегаполісе краіны — Прэзідэнт ізноў турбуецца нават пра выгляд так званых спальных раёнаў. Мінск павінен быць горадам для людзей і птушак, а бетоннай сталіцай машынерыі.
Дарэчы, прырода перыядычна выказвае сваю незадаволенасць спажывецкімі адносінамі да Яе Вялікасці — і ўсе тыя анамальныя з’явы — выглядаюць як папярэджанне. І нас тое закранае. Міністр МНС далажыў Першаму аб тым, як ліквідавалі наступствы непагадзі. Святло ў амаль 300 населеных пунктаў вярнулася на працягу сутак, пацярпелыя дзеці — у надзейных руках урачоў, завалы дрэў — расчышчаны. Як заўжды тое бывае на Беларусі — талакой. Але з дакладнай арганізацыяй дзяржаўных службаў, без якой наўрад ці справілася б і самая дружная талака. З гэтым у нас усё адладжана, але Першы ставіць новую задачу дзяржаўнага маштабу: папярэджанне наступстваў стыхіі і ў гэтым кантэксце — развіццё метэаралагічнай службы, сінаптычнай разведкі, якая здолее гэта зрабіць.
Дэпутаты — гэта таксама разведчыкі грамадскага настрою, нібыта сацыяльны барометр. Звароты грамадзян, нарматворчую дзейнасць, а значыць, паляпшэнне заканадаўства, а таксама кантроль за развіццём Віцебскага рэгіёна — кіраўнік дзяржавы абмеркаваў са спікерам Палаты прадстаўнікоў...
Калі казаць у цэлым, усе пытанні дакладчыкаў датычыліся праблем звычайных людзей і кірункаў тактычнага развіцця. І тое, што да ўсяго ёсць справа Прэзідэнту, надае ўпэўненасці: усё пераадолеем — і стыхійныя вятры, і подых геапалітычных навальніц.
Яўген ПУСТАВОЙ