На Блізкім Усходзе зараз выбухі — а гэта радзіма ўсіх аўраамічных рэлігій. Там брат на брата: нашчадкі Ісаака супраць спадкаемцаў Ізмаіла. А ў Беларусі яны вітаюць адно аднаго за адным сталом. Мовы розныя — сэнс адзін. Мова міру — і дыялог канфесій. У адрозненне ад чыстакроўных бенефіцыяраў догмаў сучаснай дэмакратыі рукі нашых продкаў не запэцканы крывёю варфаламееўскіх начэй і крыжовых экспедыцый. Грамадска-гістарычны мэйнстрым, фармалізаваны дзяржаўнай палітыкай.
Беларускую ідылію трэба захаваць ад грымотаў геапалітычнага фронту. Гэта, вядома, не бура, але ў ваенным плане сітуацыю характарызуе добра знаёмы класічны не толькі па літаратуры, але і гісторыі выраз «дыханне навальніцы». Санкцыі, заўжды зайздросны прыбалтыйскі позірк суседзяў, а калі б яшчэ і канфесійныя супярэчнасці ўзніклі, — трымайся, краіна мая дарагая.
Рэлігія ў сучасным грамадстве, відавочна з вобласці асабістай гутаркі з Богам, выйшла за рамкі і межы сакральнага дойлідства. І чым мацней сціскаецца спружына секулярнага свету, тым мацнейшы будзе ўдар гэтай спружынай. Прыклад ва ўсіх на вачах. Чым больш брыдка і па-хамску ў краінах ісламскай цывілізацыі паводзяць сябе «ўберменшы» мультыкультуралізму, тым ярчэй праяўляе сябе фундаменталізм. Але цяпер чалавек заходняга складу працірае свае вочы ад флёру камфорту і спажывецтва: за новыя джынсы і фрэнч-дог хочуць купіць яго маральную волю.
Ідзе барацьба не проста з дзяржаўным ладам, палітычнай сістэмай ці пэўным палітычным лідарам, вендэта аб’яўлена ўсім і ўсяму, хто і што перашкаджае знішчыць дзяржаву як з’яву і форму ўзаемадзеяння паміж людзьмі, якія аб’яднаныя агульнай гісторыяй, культурай, каштоўнасцямі, ідэямі, задачамі і межамі. А яшчэ мараллю. Аснова маралі — рэлігія.
У беларускіх сем’ях часта адзначаюць два Вялікадні, ці, напрыклад, суседзі святкуюць і Пэйсах, і Курбан-байрам. Нават грамадская акцыя праходзіць — малітва за Беларусь, калі за краіну моляцца ўсе канфесіі.
На шчырую размову духавенства асноўных канфесій Беларусі нацэльвае Прэзідэнт. І сам задае тон для такіх шчырых зносін.
Нават крытыкі канцэпцый пра ўсякую ўладу ад Бога пагодзяцца, што ад настрояў свецкіх улад залежыць рэлігійны спакой у грамадстве.
На мінулым тыдні кіраўнік дзяржавы сустрэўся з самым вядомым пратэстантам Атлантыкі. Франклін Грэм — прэзідэнт і генеральны дырэктар Евангелісцкай асацыяцыі Білі Грэма. Ён сын, які працягнуў справу свайго бацькі. Асацыяцыя функцыянуе ўжо 75 гадоў. Франклін Грэм некалькі разоў наведваў суседнюю Расію, а вось у Беларусі ён быў упершыню, і з ім сустрэўся лідар краіны. Тым самым Мінск падкрэсліў сваё паважлівае стаўленне да міжканфесійнага дыялогу — такая ў нас унутраная палітыка.
Рэлігія — гэта стрыжань, хрыбет. Тыя, хто аб’явіў вайну чалавеку, сям’і, дзяржаве, ствараюць сваю рэлігію: распусты і асалоды. Яна прыемная, але вядзе ў пагібель.
Прэзідэнт гатовы апярэдзіць рэлігійныя зводы, і таму ў краіне з дапамогай дзяржавы ствараюць цэнтры асноўных рэлігій.
Наш падыход — каб нікога не пакрыўдзіць.
Беларусь — гэта дарога да свайго храма. Усе канфесіі за адным сталом — такая карцінка вельмі кантрастуе з сусветным мэйнстрымам. У той час, калі адны цэнтры сіл спрабуюць дамінаваць за кошт рэлігійнага падзелу, Беларусь была і застаецца краінай міжканфесійнага дыскурсу.
І для дзяцей ісламу, і для іўдзеяў — беларуская зямля ва ўсіх сэнсах родная ўжо мінімум сем стагоддзяў. Нас аб’ядноўвае не толькі роднасць рэлігій і сэнсаў — прыхільнасць нармальнаму свету, свету сям’і. Беларусь — краіна традыцыйнага біблейскага грамадства, дзе ў школы ідуць людзі па Божым падабенстве, а не істоты са змененай фізіялогіяй.
Шматдзетнасць некалі сапраўды была прыватызаваная пратэстантамі. Цяпер усё часцей ордэны шматдзетных маці атрымліваюць і матушкі — жонкі праваслаўных святароў, ды і прадстаўніцы іншых канфесій. Сям’я — гэта дзяржаўны наратыў, а дзе сям’я — там традыцыя, сям’я — гэта малая Царква.
Сям’я — гэта Бацька, які сабраў усіх за міжканфесійнай агапай — так першыя хрысціяне называлі агульную вячэру. Адкрытыя зносіны, а ўдзельнікі сустрэчы абменьваліся ўсмешкамі: не дыпламатычнымі, але адкрытымі. Разам, але кожны па дарозе да свайго храма.
Гэты катэхізіс згуртаванасці беларускага народа Прэзідэнт трымае адкрытым, і сучаснікі ўпісваюць у яго новыя старонкі.
Яўген ПУСТАВОЙ