Людзі хочуць рэальных, а не дэвіянтных свабод, жыхары Еўропы імкнуцца да справядлівай мадэлі кіравання. І таму — бунтуюць. Прычына значна большая, чым сацыяльная альбо палітычная — еўрапейцы ў асноўнай масе намагаюцца захаваць свае сапраўдныя правы, сваю традыцыйную антрапалогію і магчымасць думаць сваім, а не штучным інтэлектам.
Фактычна на сёння дэмакратыя як паняцце і аб’ектыўная рэальнасць зруйнаваная, прынамсі, у Заходняй Еўропе. Але яна захавалася менавіта як народаўладдзе тут, у Беларусі. Усебеларускі народны сход. Палітычны феномен, які праз нейкі час будуць вывучаць гісторыкі і палітолагі, бо УНС — самая сумленная, гістарычная і ў той жа час прагрэсіўная форма народаўладдзя. УНС — самая цывілізаваная форма пошуку і дасягнення грамадскага кансэнсусу. Тут прадстаўлены ўсе пласты насельніцтва, удзельнікі розных эліт: палітычных, сілавых, эканамічных, людзі мастацтва і бізнесу. УНС — гэта ўся краіна ў мініяцюры.
Усведамленне стратэгічнай важнасці УНС таксама прыйдзе пазней. Гэта таксама перамога народаўладдзя і сучаснай беларускай дзяржаўнасці. Гэта перамога ва ўнутраным супрацьстаянні, якое нам навязалі звонку. Замест дарогі на эшафот гісторыі мы выбралі развіццё і незалежную краіну.
Быў час, калі УНС выратаваў краіну ад разбурэння, затым вызначаў вектары развіцця, сёння гэта ўнікальная форма народаўладдзя ў асяроддзі разнастайнасці еўрапейскіх «дэмакратый», ад якіх засталася толькі прыгожая назва.
Усебеларускі народны сход — стратэгічны інструмент усёабдымнай абароны суверэнітэту нашай дзяржаўнасці і працэсу ўцягвання нашых грамадзян у кіраванне краінай. У гэтым і ёсць унікальнасць пабудовы беларускай дзяржаўнасці, заснаванай на справядлівасці. Мы замахнуліся маральную катэгорыю праецыраваць у дзяржаўны лад. Вопыт — унікальны, адказнасць — гістарычная, найперш перад самімі сабой. Мэйнстрым Лукашэнкі — стварэнне краіны і грамадства справядлівасці. Гэта можа стаць новай ідэяй для сучаснага свету. І якраз УНС — гэта інструмент справядлівага народаўладдзя, рэанімацыя замызганага паняцця «дэмакратыя».
Значнасць паўнамоцтваў унікальнага органа народаўладдзя падкрэсліваюць рашэнні, якія прымаюцца: Канцэпцыя нацыянальнай бяспекі, Ваенная дактрына, планы сацыяльна-эканамічнага развіцця на пяцігодку. УНС зацвярджае асноўныя кірункі ўнутранай і знешняй палітыкі — вось яны, дэталі стратэгіі народаўладдзя.
Гісторыя УНС — гэта гісторыя развіцця краіны. Спачатку даўгабудам быў нават Палац Рэспублікі.
На даху раслі дрэвы. А краінастаяла на краі бездані. І Прэзідэнт склікаў на сход народ. І менавіта прадстаўнікі народа на І УНС зрабілі свой выбар у спрэчцы паміж народным Прэзідэнтам і зборышчам заходне-арыентаваных ашалелых лібералаў. Народ даверыў Беларусь у рукі Прэзідэнта.
Той першы УНС — гэта ідэя Лукашэнкі. У адказны момант гісторыі Усебеларускі народны сход выканаў сваё прызначэнне. Потым гэта была агульнарэспубліканская пляцоўка для карэкціроўкі арыенціраў. Цяперашні УНС, ужо ў сваім высокім канстытуцыйным статусе, зразумела, убірае ўсе гэтыя звыклыя функцыі, але пад той жа абрэвіятурай — больш глабальныя сэнсы. Старшынёй УНС як стратэгічнага інструмента дзяржкіравання стаў Аляксандр Лукашэнка.
Першы УНС працаваў пад нядаўняе рэха ашалелага натоўпу, які пераварочваў міліцэйскія машыны. Здрада Вярхоўнага Савета, абыякавасць тагачаснага ўрада і актыўнасць «рупліўцаў», якія свядома рыхтавалі прастору для НАТА. Тады даводзілася супрацьстаяць ашалелым лібералам, ідэалістычным нацыяналістам. А яшчэ — крушэнню ідэалаў, модзе на «прыхватызатараў», прыезджым радыкалам і мясцовым маргіналам, адухоўленым рэфармістам і наменклатурным канфармістам, карупцыянерам і бандытам.
Цяперашні склад УНС вымушаны рэагаваць на геапалітычныя выклікі глабальнага маштабу. Апаненты нашага нацыянальнага развіцця — заканадаўцы кіраванага міжнароднага хаосу. Як бачна, прасцей і лягчэй не становіцца.
Першы УНС — народжаны эпохай нестабільнасці, задача сёмага — захаваць ужо выбудаваную мадэль беларускай дзяржаўнасці. Дэмакратыя — гэта ўлада народа. У сярэдзіне 90-х у грамадскай прасторы Беларусі мы назіралі два яе віды. Першы — народаўладдзе ў вобразе УНС. Прэзідэнт паклікаў на сход прадстаўнікоў усёй краіны, каб спытаць народ, якой дарогай пойдзем. Другі варыянт — натоўп. У якога спытаць немагчыма, які здольны толькі разбураць.
Тады беларусы пацвердзілі свой выбар персаніфікаванага кіравання і сацыяльнай дзяржавы. Гэта была дэмакратыя паслядоўнага мудрага слова і канкрэтнай справы.
Сёмы УНС, як і той першы, што адбыўся трыццаць гадоў таму, — гэта безапеляцыйная падтрымка Незалежнасці і яе гаранта —
Аляксандра Лукашэнкі. Тады, у 1996 годзе, прадстаўнікі нашага народа падтрымалі моцны інстытут прэзідэнцтва з асцярожнай надзеяй на тое, што ён не падвядзе, цяпер — з жалезабетоннай упэўненасцю: не падвёў і не падвядзе. Сёння мы заклалі ў Канстытуцыю: самыя важныя, самыя складаныя пытанні выносіць на рашэнне УНС — народнага сходу.
Мы падраслі не толькі ў эканоміцы, але і ў навуцы, увогуле — у развіцці. Прэзідэнт прыняў Беларусь з клятчастай, лічы, жабрацкай торбай, а давёў да космасу.
Мы падраслі на міжнародным узроўні, набралі значную і знакавую геапалітычную вагу.
Цяпер лічацца толькі з тымі, хто можа адказаць. А адказаць могуць толькі тыя, хто кансалідаваны. Люстэрка кансалідаванасці — гэта і ёсць наш УНС.
Так што не чапайце беларусаў. Мы і далей будзе будаваць дамы шматдзетным, разгортваць развіццё машынабудавання, ствараць мікрачыпы, даследаваць космас і своечасова араць зямлю. А мільёны адзінак стралковай зброі, базы захоўвання мін так і застануцца акуратна выкладзенымі ў скрынях — каб было менавіта так, мы зробім усё магчымае. Мы не друкуем долары і не дыктуем умовы развіцця для іншых, мы хочам трымаць у сваіх руках плугі, але мячы таксама завостраныя — на тых, хто да нас са сваім мячом надумае прыйсці.
УНС надзелены паўнамоцтвамі, каб уводзіць надзвычайнае або ваеннае становішча, разглядаць пытанне аб легітымнасці выбараў. Карацей, гэта страхоўка і ад выпадковага Прэзідэнта, і ад таго, а што калі... Павядзе новы менеджар не туды, па сцэнарыі, спушчаным з замежных бізнес-цэнтраў. Стоп. Па руках надае УНС. Ну, ці акуратна так выведзе з вялікай залы Палаца Рэспублікі. УНС — гэта вакцынацыя супраць пандэміі разбурэння дзяржаў.
Улічваючы задачы, якія стаяць перад сходам, — гэта сапраўды неацэнны інструмент беларускай мадэлі дзяржаўнага ладу. Бясцэнны метад — бясплатна. Толькі тэхнічныя выдаткі. А ўдзельнікі на зарплаце сядзець дакладна не будуць. Хоць атрымае мандат УНС — гэта ўжо і ўзнагарода, і давер. Гэта самая што ні на ёсць стратэгічная планёрка дзяржаўнага маштабу.
УНС — гэта глабальна і важна. І рэалізацыя дэмакратыі, і абарона ад няслушных палітычных рашэнняў, і мазгавы штурм па стратэгічных момантах. Само стварэнне форуму дашчэнту разбурыла галоўны козыр усіх, хто, атакуючы Беларусь, цэліўся ў Лукашэнку.
І ўся соль у тым, што менавіта Лукашэнка — двойчы ініцыятар УНС: таго першага і цяперашняга сёмага — у статусе найвышэйшага прадстаўнічага органа народаўладдзя Беларусі. Менавіта «апошні дыктатар Еўропы» — ініцыятар дэлегавання найважнейшых паўнамоцтваў самаму плюралістычнаму інстытуту на прасторы класічнай дэмакратыі. Разрыў шаблонаў і кагнітыўны дэсананс для «добразычліўцаў».
УНС — і ёсць «адраджэнне» самых светлых парываў нацыянальнай ідэі — быць гаспадаром сваёй зямлі, самім, не азіраючыся ні на кога, выбіраць свой лёс.
Яўген ПУСТАВОЙ
Фота БелТА