У дзяржавы таксама ёсць такія перыяды. Бадай што, гістарычныя. Мы нават ужо не кажам, што трэба зберагчы тое, што маем. Але ж насамрэч і трэба зберагчы, і ёсць што, але, на жаль, ёсць ад каго і што ахоўваць і абараняць. Сквапныя і зайздросныя суседзі (але ж яны самі выбралі такі шлях) і драпежная заходняя палітыка. А мы сярод гэтай шэрай мітусні — нібы светлае і чыстае неба — ані хмурынкі.
Такое бясхмарнае сваё жыццё не заўжды цэнім, але пакрысе прыходзіць разуменне, што, калі жадаем узбагаціць родную ніву, то трэба папрацаваць. Усім нам. З такога разумення і дзеяння і пачынаецца якасць. Вядома ж, мы не супраць палепшыць жыццё асабістае і агульнае — краіны. Для таго каб рухацца далей, да новых вяршынь, патрэбны значны крок наперад. Без удзелу кожнага грамадзяніна дзяржава, нават пры самых эфектыўных чыноўніках, гэтага не зробіць.
І калі кіраўнік краіны анансуе кантролінг рэгіянальнай вертыкалі, то гэта не толькі пра тое, што, умоўна кажучы, «за вушы будуць цягаць» чыноўнікаў, а падначаленыя «пляскаць у ладкі», асабліва тыя, хто больш адпачывае на рабоце, чым працуе. Не. Адказнасць — для кожнага.
Аляксандр Лукашэнка на гэтым святочным велікодным тыдні на канкрэтных прыкладах — станоўчых і адмоўных — паказвае, якімі павінны стаць аграгарадкі і райцэнтры. Новы віток аднаўлення рэгіёнаў.
Калі б не было маштабнай праграмы адраджэння вёскі (у прамым сэнсе — барацьбы за вёску), то і не было б ні вёскі, а таксама ні аграрнай, ні перапрацоўчых галін, і ў выніку — трывалай харчовай бяспекі, важнага элемента бяспекі агульнай — нацыянальнай. Ды і мы б ужо былі іншымі. Пакуль не адвярнуліся ад зямлі — застаёмся сапраўднымі беларусамі.
У Беларусі нашмат лепш, чым ва ўсіх суседзяў. Намі захапляюцца турысты, да нас пераязджаюць жыць людзі з найбагацейшых (прынамсі, так лічылася раней) краін Еўропы. Але гэта і пэўным чынам разнявольвае.
Сярод лагічных патрабаванняў — захаваць Беларусь як краіну роўных магчымасцяў і раўнамернага развіцця рэгіёнаў. Хмарачосы выхоўваюць касмапалітаў, менеджараў, абыякавых да жыцця людзей. Больш па-гаспадарску — свой дом, зямля пад нагамі. Хмарачосы — прыкмета бяздушнай глабалізацыі, таму шэраг развітых дзяржаў, напрыклад тая ж Вялікабрытанія, не адмовіліся ад малапавярховай забудовы. Бо выдатна разумеюць, у чым сапраўдны жыццёвы камфорт і сэнс.
Нядаўна абмяркоўвалі развіццё Мінска. Дзяржаве больш выгадна сцягнуць насельніцтва ў вялікія гарады, але мы робім краіну камфортнай для людзей. Гарады не ператвараем у мурашнікі, а вёскі — зберагаем. Каб размеркаваць людзей па краіне, патрэбныя работа і жыллё.
Нядрэнна было б яшчэ і культурную ўнікальнасць манетызаваць, бо Беларусь багатая на такую спадчыну. Нашы продкі, працавітыя і таленавітыя, мелі свае адметныя промыслы, было б жаданне — «разынку» знайсці можна. Уся краіна пераходзіць ад мас-маркету на новы ўзровень якасці жыцця. Яе прыкметамі з’яўляюцца свой дом і свой хлеб.
Так званыя «чарнобыльскія» раёны і ўвогуле маглі б застацца толькі на карце, але не з Лукашэнкам. Ён туды і дэпутатам прыязджаў, і як Прэзідэнт кожны год бывае. Як вынік — моцныя дзяржпраграмы, якія «выцягнулі» і паставілі на ногі праблемныя раёны, у якіх працягваецца жыццё.
На фотаздымках у Палацы Незалежнасці — самыя знакавыя моманты з жыцця сучаснай Беларусі. Тут адлюстравана ўся палітыка Аляксандра Лукашэнкі. На адным з фота ён на Палессі сярод сялян, у чарнобыльскім рэгіёне. Сярэдзіна 1990-х. Тады палітыкі нават баяліся паглядзець у гэты бок, а Лукашэнка ўзяўся адрадзіць забруджаныя радыяцыяй рэгіёны. І атрымалася.
Гэты край унікальны. Самабытны і аўтэнтычны. Старажытныя карані. Зерне радаводу нашай дзяржаўнасці. Дзесяцігоддзямі краіна адмывалася ад радыяцыі, і цяпер гэтыя землі паступова расцвітаюць. У поўным сэнсе слова.
Калі раней чарнобыльскім рэгіёнам рыхтавалі ролю экшэна для экстрэмальных турыстаў з-за мяжы, то цяпер гэта рэгіянальны цэнтр прыцягнення. Сюды едуць на экскурсію, каб убачыць і зразумець. Што Беларусь жыве! І пасля смяротнага Чарнобыля. І што новыя сем’і — ствараюцца, дзеці — нараджаюцца. Калі казаць у цэлым, то Чарнобыль — алегарычны сэнс нашай краіны пачатку 1990-х. «Чарнобыль» быў паўсюдна. Палітычны, эканамічны, нават грамадскі. Перамаглі смяротную тэндэнцыю. Акрыяла краіна. Уваскрэсла. Цяпер стаяць новыя задачы.
Правінцыі ў нас няма — уся краіна будзе развівацца. У якасці прыкладу — Шклоўскі рэгіён. Арыенцір для ўсёй краіны. Чаму Шклоўшчына? Тут літаральна кожны куток вядомы Прэзідэнту. А яшчэ Шклоўскі раён і па колькасці жыхароў, і па тэрыторыі тыповы для ўсёй краіны — насельніцтва каля 25 тысяч чалавек.
Зачыніць, забіць родныя вокны, зруйнаваць хату бацькоў ды і ўвогуле малую радзіму рознага кшталту «эксперты» прапаноўвалі колькі
ўжо разоў. Маўляў, неперспектыўна. Балючае і крыўднае слова, але замест яго гучыць жыццесцвярджальны заклік. І не толькі на Вялікдзень у цэрквах. Гэта безумоўна сімвалічна. Паколькі наперадзе — новае жыццё і сапраўднае адраджэнне рэгіёнаў.