Top.Mail.Ru
0

Дарогу адолее той, хто ідзе

Аўтар: Яўген Пуставой
26.08.2026 | 16:18

Каб зберагчы краіну і яе будучыню, трэба не баяцца і не ленавацца 


Каб адолець шлях, як мінімум, трэба ісці. Нягледзячы на непагадзь, шквалісты вецер, гразь вакол. Як, напрыклад, ішлі ўдзельнікі Усебеларускага хрэснага ходу. Трэба разумець, што гэта не проста пазёрства праваслаўных, гэта малітва за ўсю дзяржаву. Увогуле служба грамадству — гэта пераадольванне сябе, асабістых жаданняў. Чаго так цяпер не хапае цывілізацыі эгацэнтрызму. 

Пяты — знакавы — Хрэсны ход сёлета выдаўся самым цяжкім. Бо тое было не надвор’е, а суцэльнае штармавое папярэджанне. Але беларусам было лягчэй, за веру не пераследавалі, як у суседняй Украіне — удзельнікаў Хрэснага ходу ў Пачаеў. Абодва хрысціянскія марафоны праходзілі амаль у адзін час. Але ў такіх розных умовах. Вось вам і выбар шляху. Памятаеце, як у песні 1990-х гучала са сцэны экзістэнцыяльнае пытанне: «Ці дойдзем мы да Беларусі?» Дайшлі. 

А з чаго пачыналі — з нязладу. З абломка ад савецкай імперыі. З аднаго боку, адліга — мары аб светлым, а з другога — уся краіна ў чарзе. 

У чаргу нас намагаліся паставіць і геапалітычную. Не атрымалася. Пайшлі сваіх шляхам. Нам прапаноўвалі стрымгалоў кінуцца ў рыначную эканоміку, каб было «як на Захадзе». 

Толькі ўваходжанне ў заходнюю эканоміку — гэта лёкайскае існаванне на балі нажывы. Адна дзясятая працэнта найбагацейшых людзей свету валодае большымі капіталамі, чым палова насельніцтва планеты. Пяць з нечым тысяч чалавек валодаюць большымі капіталамі, чым мільярды людзей. Хіба мы гатовы папоўніць за свой кошт кашалькі гэтых варацілаў? Не, але падчас такой неджэнтльменскай гульні трэба ісці наперад самім. 

Дзякуй богу, што сёння наш фронт — эканоміка. Прамысловасць і навука. Свае спадарожнікі, камбайны, прэс-падборшчыкі, лакалізаваныя легкавыя аўтамабілі і вось цяпер нават аўтамат. Каб спакойна гандляваць мірнымі кампетэнцыямі і вучыць людзей з усяго свету, нам трэба ўмець сябе абараніць. Людзі, збожжа, сонца, буслы. Адразу адчуваецца адсыл да гэткага вайбу, калі Першы народны Прэзідэнт у асяроддзі людзей. Давер, адкрытасць, стваральная праца. Так і пачыналася фарміраванне нашай дзяржаўнасці. Гэта сонечны, светлы, добры бок працэсу. Але ёсць і адваротны бок медаля. Беларусь — у асяроддзі складанай ваенна-палітычнай абстаноўкі. І каб захаваць гэтую гарманічную карцінку, неабходна займацца пытаннямі абароны, знешняй і ўнутранай бяспекі, весці барацьбу з крыміналам, карупцыянерамі і апазіцыяй, якая, нібы траянскі конь, часта працуе пад заказ чужых для нашай краіны інтарэсаў.

Аляксандр Лукашэнка прымае сімвалічныя снапы новага ўраджаю, дорыць ключы ад айчынных машын перадавікам жніва, раздае даручэнні губернатарам, ставіць эксперыменты на няўдобіцах, выводзіць формулы, як узбагачаць землі прафіцытнымі солевымі адваламі, перажывае за надвор’е, кантралюе развіццё прамысловасці і адкрывае фестывалі. На фоне канфлікту паміж суседзямі, дзікіх рашэнняў іншых суседзяў і варожай рыторыкі палітыкаў Еўропы — самая выйгрышная электаральная пазіцыя і міралюбівы малюнак. А тут зноў Лукашэнка з аўтаматам у руках. І зноў, як і шэсць гадоў назад, гэтыя кадры сталі гістарычнымі. У руках Першага — першы беларускі аўтамат.

Калі Лукашэнка «адводзіў краіну ад бездані», наша эканоміка сыходзіла ад купонаў, грамадства ад пахабнай крымінальшчыны ў свядомасці, ужо тады кола вакол беларускага «балкона» сціскалася. Захаваць армію — гэта была выразная пазіцыя Прэзідэнта. А як нам даставалася за ваенную бяспеку! Крытыкавалі і мясцовыя «рэфарматары», і знешнія «настаўнікі». Пацыфісцкая філасофія зводзілася да аднаго: маўляў, з кім ваяваць збіраемся, усё роўна НАТА мацнейшае, лепш бы грошы ў гендарныя перспектывы ўкладваць. Увогуле, недальнабачных (а можа, і мэтанакіраваных) стогнаў хапала. Але выбар быў зроблены правільна. 

Калі б не мудрае рашэнне Першага захаваць і аптымізаваць армію, працягваць трымаць порах сухім, тэхніку ў належным стане, а ўлік у ваенкаматах — на належным узроўні, то зараз немагчыма было б паказваць такія вынікі на палігонах і згуртаваную работу на ўсіх узроўнях узаемадзеяння па забеспячэнні бяспекі. Пытанне стаіць куды вастрэй: неабароненую краіну проста атакаваць. Ці яшчэ больш канкрэтна: або мы ганарымся сваімі людзьмі ў форме, або поўзаем пад абцасам акупантаў. Таму так старанна «альтэрнатыўныя» сілы дэвальвуюць памяць аб франтавіках і меркаванне аб сілавіках.

Шэсць гадоў таму Лукашэнка з аўтаматам бараніў беларускую мадэль развіцця. Тое быў не сімвалічны, а сакральны крок, што змяніў геапалітычны расклад у Еўропе, фактычна спыніўшы пераможнае шэсце заходніх неакаланізатараў. 

Але, каб падобных памкненняў з Захаду ў наш бок не было зноў, «нам трэба ісці далей, не баяцца, што мы нешта не можам. Мы ўсё можам». Такі пасыл для ўсіх агучыў Першы падчас прэзентацыі таго самага аўтамата. Кажуць, вера (у нашым кантэксце варта дадаць: у сябе і свае сілы) горы зрушвае. Тыктанічнымі зрухамі мы не займаемся — ні ў геалогіі, ні ў геапалітыцы. Але ў сваю Радзіму і саміх сябе верыць патрэбна — каб захаваць краіну. 

На прасторы балта-чарнаморскага басейна Беларусь адзіная не трапіла пад знешні ўплыў чужых сталіц. Беларускі «балкон» зараз яшчэ называюць за характэрны выступ «падковай», а яна, як вядома, на шчасце. Зберагчы краіну і будучыню можна і патрэбна. Як — сакрэт вядомы: не баяцца і не ленавацца. Памятаеце, як Прэзідэнт сказаў: настаў час канкрэтных спраў, і гэты час выбраў нас. 

Яўген ПУСТАВОЙ

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю