Top.Mail.Ru
0

Дыктатура парадку

Аўтар: Яўген Пуставой
17.03.2026 | 19:41
Вясна, хараство... Калі навокал, то і ў душы. Чалавек знітаваны з прыродай. Яшчэ наперадзе цнатлівая зелень мая, потым гарачыня чэрвеня, ліпеньская спякота, ад якой з такой асалодай будзем ратавацца ў сцюдзёнай Прыпяці, на Браслаўскіх азёрах альбо абдымаючы хвалі сваёй роднай Лясной.

А цяпер самая жаданая пара — апантаная, магічная — пераход ад холаду да спёкі. Крыгаход у прыродзе адлюстроўваецца на нашых пачуццях — атрымліваецца крыгаход душы. Узнёсла, трошкі, па-добраму, трывожна, але ж ужо вядома — цяплыня прыйдзе!

Шчаслівыя мы, бо маем магчымасць убачыць і адчуць прыгажосць розных пор. На Каляды чакаем траскучых маразоў, на Купалле — цёплай кароткай ночы, падчас жніва — залатых краявідаў. А цяпер, перад Вялікаднем, — ажыўлення жыцця, вяртання птушак. Цяперашняя пара — нібы юнацтва ў жыцці чалавека. У прыродзе свой парадак — спрадвечнае кола часу. І калі ў прыродзе парадак, то і чалавек павінен такога ж парадку прытрымлівацца: на працы і ў жыцці. Бо менавіта з парадку пачынаецца росквіт цэлай дзяржавы.

Калі раскладаць усё па палічках, то ў любой справе павінен быць расклад, інструкцыі. Гаворка не пра бюракратычныя цыркуляры, а пра тэхналогіі. Час такі — сур’ёзных рашэнняў, спраў і выпрабаванняў. І мы павінны зрабіць усё, што ад нас залежыць. А залежыць ад нас унутраная сітуацыя ў краіне — і гэта вельмі шмат.

Мяркуйце самі. Беларуская эканоміка экспартаарыентаваная. Гандляваць трэба з усім светам. Міжнароднае пазіцыянаванне — аснова суверэнітэту, і не толькі эканамічнага. А каб добра гандляваць патрэбен якасны тавар. Другім крылом той канкурэнтаздольнасці з’яўляецца цана. Вось тут і пачынаецца пошук рэзерваў.

Першы пра гэта выразна і ёміста сказаў, прымаючы справаздачу ўрада за мінулы год. Тады былі аголены праблемы і прыняты рашэнні. Да кожнага пытання — крытычныя адносіны. Закасаўшы рукавы, Аляксандр Лукашэнка заняўся прадметным рашэннем. Увесь мінулы тыдзень кіраўніка дзяржавы адлюстраваў заканамерны працяг той грандыёзнай, мэтазгоднай і матываванай размовы — толькі ўжо па канкрэтных кірунках.

Складаная тэма, узнятая на нарадзе ў Саўміне, агаляе праблему апошніх гадоў — развіццё жывёлагадоўлі. Прычым гэтым разам Прэзідэнт працаваў у «мядзведжым куце» — у Дрыбінскім раёне Магілёўскай вобласці. Але ж пытанні, узнятыя падчас рабочай паездкі, датычыліся ўсіх.

У свой час Аляксандр Лукашэнка здолеў стратны саўгас ператварыць у перадавую гаспадарку дзякуючы дысцыпліне і дыктатуры тэхналогій. Менавіта такі падыход на дзяржаўным узроўні і дазволіў нам спачатку захаваць, а пасля ўмацаваць краіну. Вось вам адказнасць, аб якой так марылі на месцах, наракаючы, што не хапае паўнамоцтваў. Бярыце! Як і крэдыты. Але Першы справядліва заўважае: «Мы вам дадзім грошы, але ў доўг. Не разлічвайце, што мы вам дадзім грошы і забудзем». Гэта прыкмета заможнага грамадства і адказнай дзяржавы. Складаны час робіць моцнымі людзей і краіны.

«Дысцыпліна — гэта аснова любога тэхналагічнага працэсу. Гэта не таму, што Лукашэнка — „дыктатар“, — заўважыў Першы падчас рабочай паездкі ў Дрыбінскі раён. — Дысцыпліну нам дыктуе тэхналогія. Калі яе няма — мы такія грошы ўклалі і ўсё загубім, ніякай тэхналогіі не будзе».

Парадак — ці не гэта шыфр сапраўднай беларускасці? Спраўдзілася спрадвечная нацыянальная ідэя наконт таго, што «свая зямля — усяму аснова». Цяпер толькі працаваць. Размова аб навядзенні парадку на зямлі, ператварэнні населеных пунктаў, вытворчасцяў, дарог і іншых аб’ектаў. І кожнаму з нас варта пачынаць з сябе. Глабальныя мэты патрабуюць удзелу кожнага. Ад парадку на прадпрыемстве залежыць стан усёй дзяржавы. Толькі так мы можам супрацьстаяць сусветнаму хаосу. Моцныя і самадастатковыя дзяржавы самі задаюць трэнды, залежныя — рэалізуюць чужыя наратывы.

Глабальныя дыктатуры не хочуць губляць уплыў, новыя надкраінавыя фармацыі кіравання грамадствам імкнуцца паланіць чалавецтва. Час ужо аспрэчваць паняцце «асаблівай» і «эталоннай» цывілізацыі Захаду. Я перакананы, што мы гэта можам зрабіць. Але спачатку варта навесці парадак на родных сотках, палетках, на прадпрыемствах, на сваім працоўным месцы. Дыктатура парадку і дысцыпліны не падвядзе. Час паказаў — такі падыход самы дзейсны. Тады і цукеркі будуць смачнымі, і вуліцы чыстымі, і трактары якаснымі. Беларускі брэнд пачынаецца з дыктатуры дысцыпліны і парадку.

Яўген ПУСТАВОЙ

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю