Top.Mail.Ru
0

Кадры, якія вырашаюць усё

Аўтар: Яўген Пуставой
02.04.2025 | 12:56

Птушыны гоман над жамчужынамі беларускага дойлідства і велічнымі зялёнымі пушчанскімі шатамі, дзіцячы гоман у гарадах і, што асабліва радуе, у вёсках — па ўсім відаць — вясна ідзе. Гэта сапраўдныя кадры нашага жыцця. Час надзей, час чакання новага, але разам з тым і час руплівых спраў. Каб захаваць і ўзбагаціць тое, што маем, варта не толькі не забывацца пра пратаптаны шлях, але і пракладваць новыя напрамкі. Мабыць, у гэтым карэнная сутнасць кадравай палітыкі кіраўніка дзяржавы, як і ў вірлівым прыродным кругавароце, — абнаўленне.


На завяршальным этапе фарміраванне новай каманды Першага і працяг напісання прэзідэнцкага нататніка для кіруючых асоб. 

А менавіта, «наша жыццё нішто ў параўнанні з тым, што мы павінны зрабіць для краіны». Гэты пасыл Першага акумулюе «залатое правіла» беларускай кіраўніцкай думкі.

Новы склад урада пасля выбараў Прэзідэнта — ужо данасць. Але персаналіі па многіх кірунках былі падабраны яшчэ да электаральнага цыкла. Шчыра і празрыста: вось, маўляў, каманда, з якой Аляксандр Лукашэнка ідзе на выбары. Пасля ўрадавы пул Першага дапоўнілі. Засталіся і прыйшлі прафесіяналы. Але кожнаму новаму складу аб’ектыўна цяжэй, чым папярэдняму. Не таму што параўноўваюць, а задачы больш сучасныя і складаныя.

З вайскоўцамі і сілавікамі ўсё зразумела. На гэтых пасадах прафесіяналы і патрыёты. Усе задачы выконваюць як мае быць. Прэзідэнт ведае шмат нюансаў, а для грамадства іх работа часам незаўважная, значыць выканана на «выдатна».

Наогул, інсінуацый было шмат. Так заўсёды. Замежныя «палітолагі» і «эксперты», якія маюць патрэбу ў праглядах, часта любяць «карміць» гледачоў і чытачоў «вострым прадуктам». Выдумкамі прыцягваць цікавасць да сябе. Змена ўрада і абмеркаванне пытанняў эканамічнага характару заўсёды падаграваюць чуткі аб эмісіі грошай. На гэтых замшэлых, як беларуская апазіцыя, міфах часта будуюць свае прагляды заморскія «эканамісты» з прапіскай у беларускіх інтэрнатах. Спачатку прэм’ер-міністр Турчын расчараваў гэтых «аналітыкаў» — уключаць друкарскі станок у Беларусі не будуць. А Прэзідэнт «прызнаўся»: станок той стаіць у кабінеце Першага і даўно пакрыўся пылам.

Празрыстыя задачы: эканамічны рост, рост інвестыцый — за пяцігодку прыкладна на трэць, далейшае развіццё ініцыятывы «Адзін рэгіён — адзін праект». Складаная задача — спыніць адток людзей з рэгіёнаў.

Варта, каб да 2030 года сектар малога і сярэдняга прадпрымальніцтва фарміраваў каля паловы эканомікі. Для гэтага трэба аптымізаваць падатковыя льготы і стварыць простую і зразумелую сістэму.

Будаўніцтва магістраляў, бальніц, школ. Інвестыцыйныя праграмы павінны быць ад зямлі. У сілу вядомых абставін цяпер ва ўсяго свету на слыху тэма здабычы рэдказямельных матэрыялаў. Значыць, трэба ісці ў разведку. Для Мінпрыроды — у геалагічную, а Мінпрама — у экспартную. І ўсім у бой. Не толькі кіраўнікам. Намаганні прыкладаць трэба кожнаму беларусу. У адказе за сваю сям’ю, за прадпрыемства або цэлую галіну. А Першы — за нашу краіну.

Асаблівая ўвага — цэнам. Кошт пытання цэнаўтварэння — забеспячэнне сацыяльных стандартаў жыцця кожнага чалавека, а для Першага гэта пытанне нумар адзін. Адны за рынак, другія — за попыт, а Прэзідэнт — за справядлівасць.

Ва ўмовах «дзікага капіталізму» і пры рыначным падыходзе — улада гэтай тэмай нават не пэцкаецца: маўляў, мы тут прычым? Але гэта не пра нашу краіну. Беларускі падыход — гэта стварэнне краіны роўных магчымасцяў. Менавіта такую палітыку і праводзіць Прэзідэнт. А цяпер уявіце, што было б, калі б не было такога Лукашэнкі. Але ён ёсць, і дзікага рынку ў нас няма. За гэта таксама галасавалі беларусы. Такія задачы пастаўлены перад новым складам урада.

Прычым для прэм’ера блізкая не толькі пазіцыя эканамічнага блока, але і вытворцаў. Вельмі дарэчы кіраўніцкі досвед на пасадзе губернатара Мінскай вобласці. Каб топ-кіраўнікі не адрываліся ад зямлі, а ведалі праблемы рэгіёнаў — мудрая кадравая канцэпцыя ракіровак Аляксандра Лукашэнкі. Без шокавых рашэнняў. Дарэчы, ва ўрадзе прафесіяналы з рознымі поглядамі і канцэпцыямі развіцця. Галоўнае — забяспечаны баланс.

Прызначэннем двух кіраўнікоў рэгіёнаў завершана фарміраванне новай каманды Прэзідэнта. У самыя перадавыя і нават, у нейкай меры, вобласці-канкурэнты — Мінскую і Гродзенскую — прызначаны губернатары. Аляксей Кушнарэнка — чалавек з энергетыкі і... дадасць энергіі цэнтральнаму рэгіёну. Прэзідэнт прызнаўся, што калі старанна падбіраў кіраўніка Міншчыны, то ўважліва вывучыў водгукі аб асобе і прафесійных якасцях Аляксея Кушнарэнкі. Мусіць, на характар паўплывала і працоўная дзейнасць: цяперашні губернатар пачынаў з нізоў кар’ернай лесвіцы і ўжо тады прывык, што вышыня галаву не закружыць — з электраманцёра дабраўся да кіраўніцкіх вышынь. Цяпер трэба будзе браць яшчэ і новыя вышыні, у тым ліку аграрныя.

Дарэчы, такі кадравы прынцып у Прэзідэнта: глядзець на самы пачатак біяграфіі, ці пакаштаваў кіраўнік рабочага хлеба, бо Беларусь — краіна для простага чалавека.

У час прызначэння кіраўнік дзяржавы заявіў, што на прыкладзе Гродзенскай і Мінскай абласцей хоча паглядзець, што атрымаецца, калі ў рэгіёны прыйшлі не спецыялісты менавіта ў аграрнай сферы. Юрый Караеў у прадстаўленні не мае патрэбы. Ні ўвогуле ў краіне, ні ў Гродзенскай вобласці ў прыватнасці. Тут ён апошнюю пяцігодку, не ў самыя спакойныя гады ў суверэннай гісторыі, адпрацаваў памочнікам Прэзідэнта — інспектарам па Гродзенскай вобласці.

У гэтым прызначэнні і мудрае рашэнне — балансу інтарэсаў — дзяржаўнай цэнтрычнасці, тут патрэбны чалавек са стрыжнем дзяржаўніка. Другі момант — сігнал сілавікам, верным прысязе — сваіх не кідаем. А патрыятычныя і прафесійныя кадры будуць прыносіць карысць дзяржаве і пасля службы ў пагонах. Юрый Караеў — верны салдат Прэзідэнта, які здольны прыдаць імпульс для інтэнсіўнай работы кадраў. Так што ў Панямонне вярнуўся літаральна генерал-губернатар, але цяпер гэта рэаліі сучаснай выключна незалежнай беларускай дзяржаўнасці. Цікава будзе паназіраць за спаборніцтвам паміж дзвюма абласцямі, якія даўно спрачаюцца за лідарства па многіх паказчыках. Узважаны, мудры баланс інтарэсаў — «залатое правіла» жыццёвай мудрасці беларускага свету.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю