Top.Mail.Ru
0

Калі героі побач

Аўтар: Святлана Яскевіч
15.02.2025 | 16:30

Не бачу ніякай нагоды парушаць традыцыю, і першую сваю калонку ў новым годзе прысвячаю маім героям. Сёння ўспомню некалькі незабыўных сустрэч 2024 года, згадаю тых, хто не проста пакінуў светлы след у душы, але ўмацаваў веру ў людзей.


Першая такая сустрэча адбылася ў студзені мінулага года. Валянціна Андрэеўна Ігнацюк жыве ў Кобрыне, здзівіла тым, што ў 92 гады сама водзіць машыну. «Хадзіць мне цяжка, — гаварыла жанчына, — а за рулём сябе адчуваю як рыба ў вадзе». Жыве цяпер адна, але адзінокай сябе не лічыць, актыўна камунікуе з роднымі і знаёмымі. Валянціна Андрэеўна ледзь не палову жыцця змагалася за аднаўленне гістарычнай праўды адной асобна ўзятай сям’і, сваёй сям’і. І дабілася свайго. Прозвішча яе дзеда і таго вайскоўца, якога дзед ратаваў у вайну і з-за якога загінуў, накрэслілі на абелісках. Такім чынам унучка праз многа гадоў вярнула памяць пра дзеда.

Ёй было дзевяць гадоў, але яна памятае, як у адзін з першых дзён вайны праз іх вёску ішлі вайскоўцы з боку Брэста на ўсход. Адзін зусім маладзенькі, паранены, знясілены ўпаў. Было відавочна, што ён нікуды не дойдзе. Яе дзед, Улас Біч, падабраў хлопца, адвёз на свой хутар. Яны з бабуляй вылечылі Ігната Марозава і пакінулі ў сябе. Хлопец дапамагаў па гаспадарцы, дзед выдаваў Ігната за свайго пляменніка з Расіі. Але ж знайшоўся злыдзень, данёс. У 1942 годзе прыехалі паліцаі і забралі Марозава. А на трэці дзень дзед запрог каня і паехаў у Кобрын ва ўправу, думаў выручыць яго, але і сам не вярнуўся. Жонка, дочкі Уласа сталі асцярожна распытваць відавочцаў і высветлілі, што Ігната і Уласа расстралялі з іншымі вязнямі турмы — яўрэйскімі сем’ямі — на пустцы, у раёне цяперашняй другой школы. Пазней на гэтым месцы з’явіўся абеліск з прозвішчамі бязвінных ахвяраў, а ў канцы спіса стаяла... «і два невядомыя».

Валянціна на працягу некалькіх дзесяцігоддзяў шукала сведак, дакументы, звярталася ў розныя інстанцыі, пакуль гістарычная праўда не была адноўлена. Дарэчы, знайшліся сляды Ігната Марозава, лётчыка, які столькі часу лічыўся прапаўшым без вестак. І год таму на абноўленым абеліску з’явіліся прозвішчы невядомых дагэтуль герояў вайны. Імя земляка, якога катавалі ў кобрынскай турме, а затым расстралялі, накрэслілі і на помніку ў Чаравачыцах, на радзіме Уласа Біча. Валянціна Андрэеўна прыходзіць сюды з сястрой і прадстаўнікамі малодшых пакаленняў сям’і. Іншая на яе месцы апусціла б рукі, адступілася, а яна палічыла, што гэта яе абавязак перад памяццю пра вайну.

Дзеля памяці жывуць і бацькі Дзмітрыя Гвішыяні, героя нашага часу. Летась споўнілася чвэрць стагоддзя з дня яго подзвігу. Курсант Ваеннай акадэміі ехаў у цягніку на заняткі, ноччу ў саставе загарэўся цеплавоз. Яны з таварышамі спачатку выводзілі людзей, а потым Дзіма бясстрашна кінуўся тушыць пажар. Але выбухнуў паліўны бак, хлопца абдало саляркай, ён атрымаў апёкі 65% паверхні цела і праз тры дні памёр у мінскім шпіталі. Бацька Барыс Гвішыяні расказваў аўтару гэтых радкоў, як, седзячы каля ложка сына, у роспачы спытаў: «Чаго ты пайшоў у самае пекла!?» А ён у адказ: «А хто пойдзе, іншыя ж не пайшлі». «І цяпер думаю, у вагонах былі мужчыны, старэйшыя за нашых дзяцей, але ж не кожны адважыцца кінуцца туды, дзе агонь» — разважаў Барыс Рыгоравіч.

Ну і потым, праз нейкі час многія задавалі рытарычнае пытанне бацьку: «Чаму апошні ахвярны крок зрабіў яго сын, гэты зусім яшчэ юны чалавек?» Што тут скажаш? Ён пайшоў, прыкрываючы пасажыраў, не зважаючы на перасцярогу чыгуначнікаў, што там вельмі небяспечна. Ён зрабіў усё правільна — такі вердыкт вынесла камісія Міністэрства абароны, якая расследавала здарэнне. А бацька, калі праводзілі сына, скажа: «Мы з маці не гадавалі сына героем, мы выхоўвалі чалавека, мужчыну».

Пасля гібелі сына Марал і Барыс Гвішыяні вучыліся жыць наноў. І цяпер на свеце іх трымае памяць пра яго, яны прыходзяць да вучняў 30-й брэсцкай школы, якая носіць імя Дзмітрыя, бываюць у Ваеннай акадэміі, наведваюць мерапрыемствы ў гонар іх сына. І гэта — іх чалавечы подзвіг.

Часам подзвігам становіцца само жыццё. Ну як у Яўгеніі Дульскай са Столінскага раёна. Яна не так даўно атрымала ўзнагароду на адным з конкурсаў прыгажосці ў Расіі. Яўгенія займаецца сацыяльна значнымі праектамі. Яна — шматдзетная маці. «Ну і што тут асаблівага?» — нехта спытае. Асаблівае тое, што Жэня не ходзіць, яна рухаецца з дапамогай інваліднага вазка. Але ж працуе, гадуе дзяцей. А жыве ярка і цікава дзякуючы вялікай духоўнай сіле і штодзённай рабоце над сабой.

Справу служэння сям’і некалі назваў мацярынскім подзвігам уладыка Філарэт. Выказванне згадалася мне пры размове з Таццянай Арэхавай, маладой жанчынай, маці шасці дзяцей. Яна здолела напоўніць жыццё сваёй сям’і любоўю, пазітывам, узаемапавагай. Дзеці добра вучацца, займаюцца музыкай, растуць памочнікамі. А гэта — нямала.

Фота з адкрытых крыніц.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю