Top.Mail.Ru
0

Хлебны водар нашага поспеху

Аўтар: Яўген Пуставой
22.07.2026 | 19:45

Развагі пасля селектарнай нарады ў Прэзідэнта


Пісаць пра хлеб! Гэта радасна! Гэта велічна! Гэта адказна! Гэта абавязкова. Асацыіраваць хлеб толькі са смачным боханам у яркай абгортцы на прылаўках гіпермаркета — драбнавата. Успрымаць хлеб як мільёны тон залацістых зярнят — аднабока. Мне здаецца, з хлебных засекаў і пачынаецца Радзіма. А яшчэ важная дэталь. Без хлеба нельга здзяйсняць літургію ў храме. Значыць, пакуль будзе расці хлеб — будзе на зямлі чалавек.

Самая найлепшая, найсапраўднейшая беларушчына — гэта руплівая хлебная справа. Свой хлеб — гэта не толькі эканамічная катэгорыя, гэта — Незалежнасць. Свет бавіцца штучным інтэлектам і пакутуе з-за рэкорднай засухі. А Беларусь збірае хлеб. Будзе Армагедон — а беларусы будуць спакойна ўбіраць хлеб. Наш фронт — у палях. Вось і ўся наша геапалітычная стратэгія. І з любых палёў самітаў наш Прэзідэнт вяртаецца на палі роднай зямлі. Харчаванне — тая ніша, у якой мы дзейсны гулец сярод самых глабальных краін-імпарцёраў. А што для гэтага патрэбна — вырошчваць хлеб і рабіць прадукты: у большых аб’ёмах і з захаваннем цяперашняй якасці, і за прымальны кошт. А перш за ўсё, задаволіць запыты беларусаў. Вось зерне нашага поспеху, дастатку і заможнасці. Таму што мы робім стаўку не на авіяносцы і ракеты, а камбайны і трактары!

У цэлым аграпрамысловы комплекс — на прыстойным узроўні, але добрыя выніковыя лічбы расслабляюць, хоць, часам, анамальныя капрызы надвор’я вяртаюць да рэалій: мы ў зоне рызыкоўнага земляробства. Але гэта не адмяняе рашэнне Першага. Рэкордны ўраджай мінулага года — зараз база. На думку аграрыяў — віды на леташнія паказчыкі — рэальныя: валавы збор збожжа з рапсам і кукурузай у бункернай вазе крыху больш за 11 мільёнаў тон.

А вось складанасць гэтага года — трэба працаваць ва ўмовах шматзадачнасці. На адным полі ўборка азімых збожжавых, на другім — рапсу, праз дарогу — нарыхтоўка травяных кармоў. І ўжо трэба глебу рыхтаваць, азімыя культуры сеяць. Каб паспець — задача ад Першага: убіраць ураджай па 6 % ад агульных плошчаў у суткі. Інакш — страты. Для ўсёй эканомікі краіны. Гэта недароблены асфальт, фасад дзіцячага сада, недаабсталяваная паліклініка... А яшчэ гэта цана сыру ды каўбасы.

Як паспець, абмеркавалі на селектары. Гэта, мабыць, самая галоўная нарада лета. На сувязі — уся краіна. Селектар доўжыўся дзве гадзіны. Па мерках мінулых гадоў рэкорд не пабіты, але селектар быў насычаным і ёмістым. Нават хронаметраж падкрэслівае: спрасаваны не толькі час Першага. Лік ідзе не на дні — на гадзіны.

Непагадзь — гэта экзамен на выкананне даручэнняў Прэзідэнта. Першым было сказанае даўно — сапраўды, яшчэ ўзімку: гатоўнасць і захаванасць тэхнікі! У гэтым годзе — самы гарачы цэх уборачнага канвеера — гэта зернесушыльныя комплексы. Вільготнасць вялікая. План «Б» ад Лукашэнкі — плюшчэнне. Пра гэтую тэхналогію падрабязна далажыў губернатар самага паўднёвага рэгіёна. Пасяўныя плошчы — павялічваюцца, намалот збожжа — расце, і, нават калі зернетакі вытрымаюць нагрузку, дзе яго захоўваць? А корм з «рукавоў» дае і добрыя прыбаўкі ў вазе, і ўдоі.

Гэта селектар адлюстроўвае нерв часу. Тычыцца не толькі аграрыяў. Усіх. Першы прывёў прыклад, як у маладосці сам, калі ўзнікла неабходнасць, кіраваў бульдозерам. Калі чыноўнікі не забяспечаць нармальны працэс жніва, у тым ліку не вырашаць кадравае пытанне, няхай самі садзяцца за штурвалы камбайнаў, а тыя, хто прафесійную лесвіцу прайшоў экстэрнам: умеюць толькі кіраваць, але не ўмеюць вадзіць машыны — у памочнікі. Або ёсць іншы варыянт — у армію — на ахову паўднёвых граніц краіны. А што: і ў дзяржаўнай, і ў ваеннай службы адна філасофія — служэнне Айчыне. Як раней пісалі ў добрых савецкіх кнігах — самаахвярнае. І як зараз служыць Беларусі Бацька.

Не адарвацца ад сваёй зямлі і вытокаў, ад народа — вось логіка беларускай кіраўніцкай думкі. Водар жытняга поля — гэта прышчэпка ад здрады Радзіме і людзям. «Перамены», «новая Беларусь», «агратрэш», — замест гэтага лексічнага набору, у якім сутнасць здрадніцтва, — цяжкая праца дзеля дабрабыту сваёй сям’і і сваёй краіны, а цяпер яшчэ і дзеля захавання міру. Простая філасофія, зразумелая кожнаму беларусу. А нашы геапалітычныя амбіцыі — гэта ўраджайнае збожжавае поле на роднай зямлі.

Цяпер спажывец інфармацыі любіць візуалізацыю. Я часта ўзгадваю фатаграфію, дзе Першы ў коле людзей на палескім полі. Калі паглядзець прэзідэнцкую фотахроніку, падобных фота — розных гадоў, у розных лакацыях — знойдзецца нямала. У гэтым увесь Лукашэнка. Ён — сярод народа ў полі. Ды шольцы і макроны, нават калі яны возьмуць у дапамогу Рутэ і ўсю каралеўскую раць Брытаніі, такой вяршыні не дасягнуць.

Рукі беларускіх герояў пахнуць хлебам, а не трацілам, і гэта добрая нагода глядзець у будучыню з упэўненасцю. І гэта, напэўна, на генетычным узроўні: у жніво мы ўсе крыху аграрыі. Хто не ўдзельнічае — той суперажывае, пазіраючы ў неба, просячы ў яго добрага надвор’я, каб сабраць багаты ўраджай. Усе — ад камбайнера з аграгарадка Пагранічная да Прэзідэнта. У сучасным шалёным свеце гэта так важна: адпрэчыць ўсе свае асабістыя інтарэсы, клопаты, стомленасць, каб напоўніць новым збожжам засекі Радзімы. Бо, як сказаў на селектары Першы: «Будзем з хлебам — будзем жыць».

Яўген ПУСТАВОЙ

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю