А яшчэ гэта нашая гісторыя — агульная і кожнай асобнай сям’і. Гэта боль, але гэта і вера, гэта наша Перамога. Усяго савецкага народа і ўсіх беларусаў. Але Перамога для нас — гэта не толькі наступальнае «ўра», для нас гэта кожны трэці, хто не дажыў, не далюбіў, гэта скрадзеная будучыня.
Але беларусы зусім не нацыя ахвяр, беларусы — нацыя пераможцаў. Больш за тысячу партызанскіх атрадаў — гэта самы дакладны народны адказ на пытанне: якія мы, беларусы? Мірныя, але не рахманыя, прыязныя, але не баязлівыя. Назавіце мне яшчэ адзін народ, дзе ў асноўным пажылыя мужчыны, жанчыны, а таксама падлеткі (астатнія змагаліся ў рэгулярнай арміі) змаглі ператварыцца ў адзіны народны фронт. Заваёўнікі Еўропы на зямлі «другасортных» славян не адчувалі сябе ў бяспецы. Халадок па спінах адборных гвалтаўнікоў і рабаўнікоў усёй «адукаванай» Еўропы прабягаў не толькі ў вадохрышчанскія дні ў раёне Суражскіх варот, але і ў «ціхія» купальскія ночы пад Пінскам і Мазыром.
Ператварыць беларускія хаты ў хатынскія могілкі, утапіць у студнях расстраляныя вяселлі, выцягнуць з беларускіх дзяцей усю кроў, распяць беларускіх дзяўчат, выбухамі зацямніць сонца славян спрабавалі, але не атрымалася. Менавіта наш савецкі сцяг над Рэйхстагам у маі 1945-га стаў маяком для новага светаўладкавання. Гэты ўрок вывучаны, але, як бачым, не ўсімі.
Адмовіцца ад Перамогі сёння — значыць узаконіць светаўладкаванне тых, каго зрынулі і перамаглі 80 гадоў назад. А пакуль у свеце праўда аб Перамозе гучыць, каўровыя бамбардзіроўкі ніколі нельга будзе ўзаконіць. Менавіта 9 Мая 1945-га — апора для нашай планеты. Гэта Перамога дзеля міру.
Адмовіцца ад Перамогі — значыць выбіць глебу з-пад ног у саміх сябе. «Ды што мы з ёй носімся!», «гісторыя была і да Перамогі», — даводзіцца чуць. Так, была, але без Перамогі не было б будучыні. Разбурыць помнікі і памяць — гэта і ёсць сучасны генацыд супраць нас. Без Дня Перамогі лягчэй будзе схіліць галаву беларусаў перад Захадам. Мы бачым, што менавіта так ужо зрабілі з суседнімі краінамі.
Ды што там, так зрабілі і з часткай нашага грамадства. Усім, хто ўдзельнічаў у падзеях 2020-га, усім, хто не задаволены цяперашняй Беларуссю, варта задаць простае пытанне: «Што для цябе Перамога?» Гэта і ёсць пароль да нашай будучыні. Калі замест Дня Перамогі выбіраеш «лакшэры па-заходняму», то губляеш усё: і сябе, і будучыню.
Перамога ніколькі не супярэчыць тысячагадовай гісторыі Беларусі. Наадварот — адлюстроўвае наш шлях да сваёй зямлі, да імкнення людзьмі звацца. Ды і ў прынцыпе шлях барацьбы за мір.
Памяць жывая, пакуль працягваецца размова пакаленняў. З экранаў, каля мемарыялаў, на дыялогавых пляцоўках. А галоўнае — за сямейным сталом. Альбо кансалідаванай талакой на пераможных урачыстасцях.
Вялікая зала Палаца Рэспублікі ўмяшчае 2700 чалавек. Але няма такой аўдыторыі, якая б умясціла ўсю гэтую радасць перамогі і боль перажыванняў нашага народа. Урачыстая атмасфера, цёплыя пачуцці, радасныя эмоцыі. Беларусь. Вясна. Перамога. Зала Палаца Рэспублікі сустракае Прэзідэнта апладысментамі. Першы закрануў самае балючае пытанне для старэйшых пакаленняў і для сучаснай моладзі. Сказаў праўду. Не толькі пра ачарсцвелых і абыякавых да нашай Перамогі, але і пра свае да яе адносіны. Тысячы артыкулаў — публіцыстычных і навуковых, сотні ролікаў — па тэлебачанні і ў сацыяльных сетках — нішто, калі дзіцячае сэрца не страпянецца падчас пераможнага марафону. Нашто тады ўсё гэта?
На ўрачыстым сходзе, як і за некалькі дзён да яго ў Валгаградзе, Аляксандр Лукашэнка гаварыў шчыра і пранікнёна. Гэта хутчэй не выступленне першай асобы нашай дзяржавы, гэта размова па душах наконт таго, ці пакінулі мы месца ў сваіх душах для разумення Перамогі.
Выхаваць і ўзрасціць паслухмяных касмапалітаў — вось з чаго пачынаецца перамога ворагаў. З інфармацыйнай асады. Эканамічная — санкцыі — не дала вынікаў, палітычная пацярпела фіяска. У прамое ваеннае супрацьстаянне баяцца ўцягвацца...
Наперадзе — працяглая, жорсткая вайна сэнсаў. Новы паход, націск на Усход — не навіна. Гэта гісторыя. Пакуль нашы продкі будавалі храмы ў Полацку, адкуль вытокі нашай дзяржаўнасці, іх барбаросы і фюрары — план паходу на Усход. Прайшлі стагоддзі, канцэпцыя ўсё тая ж.
Перамога — сакральны элемент нашай нацыянальнай ідэі. Чаму? Бо такой Перамогі няма ў сотняў іншых краін. А дзясятак яе страціў альбо страчвае. Але не мы. Так што сёння Дзень Перамогі — гэта яшчэ і дзень кансалідацыі. Нам варта застацца Беларуссю.
Страціць Перамогу — значыць страціць сябе і ўсю нашу цудоўную краіну. Але Беларусь памятае! І спявае велічную і непаўторную мелодыю жыцця! З Днём Перамогі!
Фота БелТА