Top.Mail.Ru
0

Культура поспеху

Аўтар: Яўген Пуставой
17.11.2026 | 19:40

«Слава Оршы ўжо не горша». Гэты выраз датычыцца, як сказаў бы самы вядомы выхадзец з гэтых мясцін — наш Уладзімір Караткевіч, — сівой мінуўшчыны. Тое пра перамогу ў сутычках з суседзямі. Але цяпер таксама ідзе бойка, супрацьстаянне, геапалітычная вайна, а сярод яе складнікаў — эканоміка.



Мы шмат чаго паспрабавалі ў пошуках залатых крыніц для заробку. Але самае відавочнае і лагічнае — займацца тым, што ўмеем, што рабілі нашы продкі, што змаглі асвоіць і адрадзіць пасля страшэннай вайны і вялікай Перамогі. Сярод такога айчыннага райдару — аграрная сфера, у тым ліку і льнаводства. Памятаеце: «Свая кашуля бліжэй за ўсё». Але быў час, калі і ад сваёй кашулі адмаўляліся, і свае адвечныя справы хацелі пакінуць. Але беларусы не фінансісты, не тэхнатронікі, хоць зараз у краіне робяць усё, каб выхаваць такіх спецыялістаў сярод моладзі. На будучае. А цяпер — трэба развіваць тое, што ўмеем, можам, і, галоўнае, — тое, што патрэбна і неабходна.  І нам, і свету. Без айфонаў чалавек, няхай сабе і пасля псіхалагічнай ломкі, абыдзецца, а вось без хлеба і адзення — ніяк.

Палітра беларускага экспартнага кейса — натуральнасць. І ў сэнсе якасці, і ў больш глабальным і глыбінным сэнсе мы ствараем сапраўды самае неабходнае, нібы тое паветра. А калі разглядзець гэта яшчэ праз прызму традыцыйнага грамадства, якому пагражае сучасны свет трансгуманізму, то ўвогуле Беларусь сваімі кампетэнцыямі і таварамі — нібы вартавы разумнага падыходу да будучыні. І ў палітыцы, і ў прамысловасці. А што можа быць больш сапраўдным, як не лён? Яму — тысячагоддзі, а на нашых землях вырошчваюць больш за паўтысячы гадоў.

Гісторыя асваення льну ўплецена ў гісторыю краіны. Летапіс адносін да гэтай культуры адлюстроўвае знакавыя моманты нашай гісторыі і самыя адчувальныя моманты ў АПК. На нашым гербе лён — з 1938 года. Такім чынам дызайнеры дзяржаўнага сімвала ўвекавечылі і значнасць Аршанскага льнокамбіната, цэхі якога зарабілі крыху раней. Цяпер гэта прадпрыемства — лакаматыў усёй галіны — вяршыня піраміды льнаводства. Гэта самы буйны льнокамбінат у Еўропе і адно з самых вялікіх прадпрыемстваў лёгкай прамысловасці ў краіне: у штаце — каля 3,5 тысячы чалавек. Флагман заўсёды пад наглядам Прэзідэнта.

Гэта і сямейная гісторыя Аляксандра Лукашэнкі (на прадпрыемстве працавала маці кіраўніка дзяржавы — Кацярына Трафімаўна), і біяграфія нашай краіны.

Мяняліся сталіцы і назвы нашай тэрыторыі, а лён быў нязменнай асновай сялянскага дрэс-коду, не выцесніла яго з севазвароту і рэвалюцыйная перабудова ўсяго сельскага ўкладу. Наадварот, савецкім калгаснікам абавязкова наразалі сінявокія надзелы гэтай, колючай рукі, культуры.

Запусценне ў ільнаводства ўварвалася разам з крушэннем савецкай сістэмы. Эпоха малойчыкаў у спартыўных касцюмах з сінтэтыкі стала атрыбутам павальнага забыцця свайго роднага. Разам з чужымі ідэаламі ў краіну хлынуў заморскі шырспажыў.

У 90-я адвярнуліся і ад ільнозавода. Але Аляксандр Лукашэнка, малады Прэзідэнт, які толькі заступіў на пасаду, валявым рашэннем захаваў Аршанскі льнокамбінат і ўсю сістэму льнаводчай справы. На палітычнае поле вяртаецца герб з лёнам у вянку, на зарослыя быльнягом палі — трактары, а ў севазварот — лён. Такі вось ланцужок эпітэтаў лагістыкі развіцця.

Новы канвеер далейшага развіцця запушчаны акурат напярэдадні прафесійнага свята работнікаў АПК. І зноў сімвалізм, не ў самой даце, а ў сэнсах і пасылах. Бясспрэчна, у аграрыяў мора поспехаў: мы— малочная краіна, а беларусам заўсёды даступна самае якаснае харчаванне ў свеце. Але каб павысіць стаўкі экспартнай выручкі з сектара АПК удвая — з 10 да 20 мільярдаў, — неабходна, закасаўшы рукавы, заняцца засваеннем больш складаных культур і тэхналогій. Размова не толькі пра лён. Але на ўмоўным полі кветак яшчэ хапае пустазелля. Ва ўсіх сэнсах — трэба брацца і палоць.

У льняной галіне ўжо дасягнулі аб’ём экспарту ў 100 млн долараў. Выканалі даручэнне па асваенні глыбокай перапрацоўкі кароткага льновалакна, раней яго за бясцэнак прадавалі за мяжу, а цяпер самі выкарыстоўваем у тэкстыльнай прамысловасці. Мэта — да 2030 года перапрацоўваць 100 працэнтаў кароткага льновалакна. Для гэтага прадпрыемству могуць выдзеліць дадатковы крэдыт, але яго трэба вярнуць.

Першы правёў у Оршы лёсавызначальную нараду. Размова ўжо не пра выжыванне — пра развіццё. Замест абшарпаных станкоў — сучасныя лініі. Вось хоць бы нешта навучыліся ствараць самі. Грошы пад такія праекты знойдуцца, але зваротныя. Прэзідэнт у Оршы абазначыў шлях развіцця і для самай палітычнай з земляробчых культур — лёну, і ў цэлым палітыку для культуры аграрных адносін. Першае — інвесціраваць дзяржава будзе з улікам гарантый вяртання, другое — змяняецца падыход да субсідзіравання сельскай гаспадаркі. Рыхтуецца новы ўзор. Аб’ёмы — у мінулым, наперадзе — эфектыўнасць работы. Прэзідэнт запатрабаваў развіваць палітычную культуру і культуру для аграрнай палітыкі.

Ніхто сялян крыўдзіць не будзе. Пераналадзяць механізмы для таго, каб змянілася філасофія стаўлення да справы. Трэба атрымліваць гатовы прадукт і глядзець на яго рэнтабельнасць. Сістэма дзяржпадтрымкі будзе комплекснай — датацыі, дзяржзаказ, патанненне. Зразумела, ва ўсім свеце падтрымліваюць фермераў. Але цяпер у Беларусі будуць глядзець: што, каму і колькі. А яшчэ гэта чарговы этап развіцця. Павелічэнне самастойнасці трэніруе канкурэнтаздольнасць і павялічвае жывучасць. Прэзідэнт настройвае краіну на будучыню. Наладжвае сістэму, бо канкурэнцыя і складанасці ў свеце будуць толькі расці. Геапалітычнае супрацьстаянне.

У цэлым Беларусь у льняной «абойме». Мы ўваходзім у тройку лідараў па аб’ёмах выпуску льновалакна. Але каб стаць першымі, трэба скараціць выдаткі, нават не выдаткі — страты.

А ўсё пачынаецца з вытворцаў сыравіны. Палі для паўночнага шоўку не заўсёды лепшыя: не выконваюцца тэхналагічныя рэгламенты, перш за ўсё па падборы глеб і іх апрацоўцы. Участкі выдзяляюцца толькі на адзін год, і часта яны непрыдатныя для вырошчвання лёну па кіслотным складзе і ўтрыманні перагною. Клопатная культура, лягчэй займацца кукурузай на зерне ці нават піваварным ячменем. Цяпер па даручэнні Прэзідэнта губернатары будуць на асабістым кантролі трымаць землі, адведзеныя для вырошчвання лёну.

Працэс уборкі нялёгкі. Лён патрабуе карпатлівага догляду. У адрозненне ад іншых травяністых культур, яго не скошваюць, а цярэбяць — вырываюць з коранем, каб захаваць максімальную даўжыню і трываласць валакна. Так званы нумар валакна вельмі важны для перапрацоўшчыкаў. А значыць, патрэбна асаблівая, больш складаная тэхніка для ўборкі. Свая.

Па тэхналогіі аптымальныя тэрміны для ўборкі: памылішся на некалькі дзён — і вынік усяго працаёмкага працэсу загіне, дакладней, згніе. Прэзідэнт як вопытны гаспадар разумее гэта як ніхто. Як разумее і тое, наколькі важны тут чалавечы фактар. Таму і гучыць на нарадзе аб развіцці льнаводчай галіны: дысцыпліна — перш за ўсе. Працоўная, тэхналагічная, проста чалавечая. І спытаюць жорстка з усіх адказных, бо лён — ні больш ні менш культура палітычная.

Попыт на лён і натуральнасць рэчаў будзе толькі расці. А мы з гатовым прадуктам выязджаем на сусветны рынак. Наш Прэзідэнт умее разглядзець самыя патэнцыяльныя рашэнні, пакуль аграрыі і перапрацоўшчыкі з-за складанасцяў «мнуцца» ў паўсюдным асваенні гэтай культуры, а модніцы ў набыцці такіх рэчаў. Але стварэнне сумесевай тканіны прыкметна палепшыць ільняны вайб, а сусветны попыт і кошт — нівелюе складанасці.

Цяпер разам з Беларуссю буйнымі вытворцамі лёну ў Еўропе з’яўляюцца Францыя і Бельгія. 

У Беларусі пры гэтым ёсць увесьланцужок — ад апрацоўкі на полі да вытворчасці высакаякаснай гатовай прадукцыі. Менавіта праз працу свая льняная кашуля становіцца бліжэй да цела. Бо тут не толькі эканамічны падыход, але яшчэ і механізм справядлівасці: хто як працуе, той так і атрымлівае. Нам трэба навучыцца найперш любіць і шанаваць сваё, ткаць новыя прынты паважлівага стаўлення да «зробленага ў Беларусі». З такіх нітак і складаецца палатно патрыятызму. І свая культура поспеху: сельскагаспадарчая і палітычная.

Яўген Пуставой
Фота БелТА


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю