Варта заставацца верным свайму генетычнаму коду, памятаць і паважаць родную зямлю. Менавіта таму беларусы ніколі не былі заўважаны ў захопніцкіх ці геапалітычных амбіцыях. Замест таго, каб напаказ павучаць увесь свет, мы лепш парадак у сябе ў двары навядзём, родныя палі засеем. Праца талакой на зямлі — гэта не толькі пра заробкі, гэта пра сумленнае стаўленне да жыцця, да саміх сябе. Гэта наша ўнутраная прыгажосць.
Поспех дасягаецца толькі за кошт карпатлівай працы на карысць сваёй бацькаўшчыны, бо «дурныя» грошы у выніку ніколі не прыносяць шчасця ні асобнаму чалавеку, ні ўсёй краіне. Час расстаўляе ўсе кропкі над «і».
Нядаўні візіт Прэзідэнта на «Планар» адлюстраваў шматграннасць беларускай мадэлі развіцця і харызму Першага. Відавочна, што дзяржава моцная сваімі традыцыямі, зразумела: у Беларусі склаўся ўнікальны пратакол кіраўніцкай палітыкі. Калі гэта называюць «дыктатурай», то няхай увесь свет будзе такой «дыктатурай», як у нас.
Пры гэтым візіты кіраўніка дзяржавы на вытворчасць — зусім не проста дзяжурныя мерапрыемствы, а заўжды напоўненыя вялікімі сэнсамі. Гэта аб поспехах, якія, вядома, у нас ёсць, і аб самой асобе Першага, які выдатна ўмее задаваць трэнды і наогул фарміраваць павестку. Менавіта таму мы і не баімся знешняга ўплыву праз інтэрнэт. Мы на чужой пляцоўцы робім сваю павестку. Наведванне любога прадпрыемства Прэзідэнтам адлюстроўвае саму палітыку Аляксандра Лукашэнкі, сведчыць аб правільнасці курсу, які дазволіў захаваць прамысловасць, і захаваць яе ў руках дзяржавы. Выпрабаванне часам (самае жорсткае і бескампраміснае) сведчыць аб тым, што рыначнікі з філасофіяй імкнення да вокамгненных звышпрыбыткаў усё загубілі б. Першы заўжды імкнуўся і імкнецца паразмаўляць з простымі людзьмі. Гэта прадукцыйны дыялог грамадства і ўлады, якая не ўзвышаецца, а працуе побач.
А цяпер яшчэ і антураж выдатны. Снег, мароз, мяцеліца ў лютым — звычайныя і правільныя рэчы. Нармальныя людзі па гэтым нават засумавалі. Не трэба ніякія псіхолагі і гештальт-тэрапеўты — па адносінах да зімовага надвор’я можна вызначыць стан чалавека.
Яшчэ лапату ў рукі не ўзялі, а ўжо ныем, маўляў, спіна баліць. Між тым сапраўдная зіма — нагода для радасці. Скончылася гэта еўрапейская золь: і сярод палітычнага мэйнстрыму, і ў настроі людзей, а прырода аддзячыла прыгажосцю сапраўднай зімы. Па ўсім відаць, да ўраджаю. Дарэчы, 10 мільярдаў долараў наш АПК выручыў летась на экспарце.
Шмат хто разумее: тое, што Аляксандр Лукашэнка патрабуе ад падначаленых, ён выпрабаваў на сабе. Непарыўная сувязь са спрадвечнай народнай мудрасцю дазваляе прымаць дакладныя рашэнні, якія сведчаць аб дальнабачнасці беларускага лідара.
Гэта дазволіла і свой камбайн стварыць, і БЕЛАЗ захаваць. Ну добра, тэхніка — але ж першы Прэзідэнт Беларусі не дазволіў разбазарыць і зусім тэхналагічна складаную, і, як тады здавалася, непатрэбную для краіны, якая літаральна выжывала, мікраэлектроніку. Якая тады мікраэлектроніка? Успомніце як галодныя людзі стаялі ў чэргах па самае неабходнае і расхоплівалі амерыканскі фаст-фуд. Складана было гэта рабіць, немагчыма, але Прэзідэнт павёў нас не ў «Макдональдс», а скараць складаны і цярністы шлях высокіх тэхналогій. Сялянскі, гаспадарскі падыход да тэхналагічнага лідарства.
У гэтым і ёсць каштоўнасць і адрозненне сапраўднага палітыка ад персоны, створанай паліттэхнолагамі. Чаму ў Аляксандра Лукашэнкі няма паліттэхнолагаў? А таму што праўда, шчырасць і вернасць не мае патрэбы ў фальшывай абгортцы. На абгортку купляюцца, пакуль яна на вітрыне, а далей глядзяць на змесціва.
Прыроднае адчуванне і бачанне перспектывы Аляксандр Лукашэнка сціпла называе «сялянскай сквапнацю». І гэта насамрэч Бацька, на якога можна спадзявацца, — з размашыстым хватам касы і самым моцным поціскам рукі ў Еўропе. З гэтых рук сапраўды нічога не вырвеш, але яны здольныя дапамагчы і падтрымаць. Вось такая палітычная ўнікальнасць і дазваляе нам быць у клубе сусветных дзяржаў не толькі па вытворчасці малака. Цяпер для захавання тэхналагічнага суверэнітэту і міжнароднага аўтарытэту патрэбны і свае мікрасхемы.
Адкрыта новая старонка і ў айчыннай, і — без перабольшвання — у сусветнай мікраэлектроніцы. Вядома, мы памятаем савецкую спадчыну і ганарымся ёй. Першы не дае забываць пра тое, адкуль нашы дасягненні. Мары савецкіх навукоўцаў і прамыслоўцаў рэалізавалі ў сучаснай Беларусі, што сімвалічна і велічна. І пакуль на Захадзе папулярны палітычны лозунг «drіll, baby, drіll», у Беларусі час канкрэтных спраў.
У нас адкрыты Цэнтр спецтэхналагічнага абсталявання для вытворчасці фоташаблонаў і мікраоптыкі. Фоташаблон — гэта высокадакладны трафарэт на шкле ці плёнцы з малюнкам будучай мікрасхемы ці друкаванай платы. Калі вобразна, гэта шкарлупіна, у якой нараджаецца новая мікрасхема. Гэта адзіны на постсавецкай прасторы комплекс, які дазваляе ствараць вырабы тэхналагічнага ўзроўню 90 нм. Тых самых, крытычна неабходных для стварэння перадавых узораў абсталявання электроннага машынабудавання. Такімі ўнікальнымі кампетэнцыямі валодаюць толькі некалькі краін у свеце. А мы ідзём далей — цяпер смела пачынаем гаварыць аб памяншэнні памераў да 65 нм.
Беларусь насамрэч краіна разумных людзей і высокіх тэхналогій. Гэта наша будучыня. І хто там казаў пра рынкавыя рэформы і шокавую эканоміку?
Час тэхналогій. У кожнага свае падыходы, на жаль, далёка не заўсёды справядлівыя. Гэта сапраўды бітва на выжыванне. Што зразумела ў тым ліку і па таксічнай палітыцы Трампа, для якога Грэнландыя — гэта камора рэдказямельных металаў і планетарная цыстэрна прэснай вады. Але гэта не для нас і не пра нас. Мы сілай зброі нічога ніколі не ў каго не адбіралі, мы дзейнічаем толькі сілай розуму і ўпартай працы. І пакуль дзеляць Грэнландыю, нам трэба бегчы хутчэй. Гэта значыць, штодня развівацца, і кожнаму варта пачынаць з сябе. Іншага проста не дадзена.
Яўген ПУСТАВОЙ