Top.Mail.Ru
0

Мы разам!

18.09.2025 | 19:09
Нішто так не кансалідуе краіну, як агульныя пагрозы і агульныя ідэі. Цяпер — момант ісціны. Мы пераходзім на новы этап развіцця краіны. І тут ёсць вельмі важная сфера — сфера паразумення паміж дзяржавай і грамадскасцю.

Гаворка не пра калектыўны дагавор. Пра паразуменне. Адзінства можна забяспечыць згуртаванасцю ўлады і грамадства. Нас спрабуюць збіць з панталыку: маўляў, 17 верасня — савецкі перажытак. Так, падзеі з савецкіх часоў. Але без патэтыкі — краіна, нашы землі насамрэч былі падзелены — па-жывому. І прычына — у войнах, што, нібы страшэнныя хмары, засцілалі беларусам сонца.

Дарэчы, шмат «ідэалагічных мін» цяпер падымаецца з гістарычных пластоў. Але прыйшоў час гістарычнай праўды. Варта і надалей добраўпарадкоўваць краіну для людзей. А гэта можна рабіць толькі талакой, разам.

І Дзень народнага адзінства значна шырэйшы і глыбейшы, чым збавенне ад асаднікаў, пастарункаў, Бярозы-Картузскай і сціранне граніцы каля Негарэлага. Гэта адзінства нацыянальнага духу. Адказ захопнікам усіх часоў і ўсяму свету: мы — адзіныя. І дата 17 верасня ўмяшчае ў сябе змаганне беларусаў супраць крыжакоў, Карла XІІ, Напалеона альбо Гітлера. Так, усенародная барацьба падчас гітлераўскай акупацыі азначала толькі адно — наша адзінства, а ў адзіным гістарычным кантэксце польскі прыгнёт — не штосьці там метафарычнае, а цалкам канкрэтнае. Высякалі лясы Белавежжа, здзекаваліся з нашых людзей. Мы былі «пся крэў». Мізэрная колькасць дарог, прадпрыемстваў, школ у параўнанні з «глыбіннай Польшчай» сведчыць аб адным: «Крэсы Усходнія» — звычайная калонія.

Гэта гісторыя нашага народа. Паншчыну Пілсудкага памятаюць нават дрэвы, што растуць уздоўж нашых дарог. Здавалася б, усё, цяпер іншы час. Не. Нават нашу гісторыю, нашу культуру, нашу мову выкарыстоўваюць, каб зноў нас падзяліць. Уяўляеце, існаванне ўсёй апазіцыйнай махіны, яе прапагандысцкай хеўры мае адну місію — вярнуцца да тых самых «Крэсаў Усходніх». І праз закрыццё граніц перад 17 верасня згадваюцца гістарычныя паралелі.

Толькі наша ўнутраная стабільнасць дазволіць нам выстаяць, каб упэўнена рушыць наперад. Беларусы — нацыя хлебаробаў. І мы заўсёды разам: і падчас сяўбы, і калі збіраем багаты ўраджай, вырашчаны мазолістымі рукамі. І сваіх у бядзе не пакідаем, як было ўвосень 1939-га. Трымацца і развівацца нам дапамагае наша адзінства. Мы разам!

Яўген ПУСТАВОЙ

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю