Top.Mail.Ru
0

На што нацэльвае Прэзідэнт на кожным мерапрыемстве

Аўтар: Яўген Пуставой
08.10.2026 | 18:59

Памятаю, як у журналісцкай маладосці разам з супрацоўнікамі дзяржкантролю рыхтаваў матэрыял пра хібы ў пушчанскім калгасе «Савецкая Беларусь». Калісьці тая гаспадарка грымела на ўвесь Саюз, але замест Героя сацыялістычнай працы прыйшлі іншыя кіраўнікі, і гаспадарка, нібы гарадскі грыбнік у нетрах Белавежжа, згубілася, страціла сваю магутнасць. Дык вось. Што тады сказалі правяраючыя аб тым, як выправіць сітуацыю: «Ніякага сакрэту няма, у «Савецкай Беларусі» проста трэба працаваць».


Вось і Прэзідэнт заўжды кажа, упэўнівае ў тым людзей, а перш за ўсё ўпраўленцаў, — трэба працаваць, каб не ваяваць. Чырвонай ніткай гэты просты сакрэт праходзіць падчас, лічы, усіх мерапрыемстваў з удзелам кіраўніка дзяржавы. Міжнародная бяспека, дыпламатыя, геапалітыка — усё на плячах Першага. Нават церабленне лёну. Але ж і кіраўнікі на розных узроўнях — не павы: мала таго, што трэба варушыцца, трэба рабіць гэта вельмі хутка. Час такі.

Інспектуючы распрацоўкі для арміі ад беларускай навукі, кіраўнік дзяржавы зазначыў, што мала хутка даваць вынік, трэба гэта рабіць — неадкладна. Напрыклад, кампетэнцыі ў ракетабудаванні — гэта важкі аргумент заможнасці дзяржавы. Беларусь дабілася тут пэўных вышынь. Але патрэбны яшчэ большая дакладнасць, кіравальнасць і патаненне ўзораў, якія прайшлі выпрабаванне.


Навукова-вытворчы патэнцыял Беларусі павінен выканаць усе запыты нашых вайскоўцаў. То была шчырая размова. Таму сярод удзельнікаў мілітары-паказу два міністры: абароны і ўнутраных спраў. А таксама — новы намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта — носьбіт альтэрнатыўнай пазіцыі па ваенным будаўніцтве — Павел Муравейка. Для гэтага кіраўнік дзяржавы і паклікаў генерала ў АП.

Калі ўважліва прыгледзецца да пасылаў Першага, то беларускі лідар у гэты працоўны фронт залучае ўсіх. Сустракаючыся з распрацоўшчыкамі «абаронкі», так і сказаў: «Калі б у вас так балела сэрца!» Аднолькавая задача стаіць перад прамыслоўцамі і аграрыямі: не хутка, а неадкладна. Тое прагучала і падчас працоўнай паездкі на «Амкадор-Лесмаш», і на чарговым кадравым дні.

Ідэі заўсёды кансалідуюць грамадства, задаюць кірункі, кіруюць. Моцныя і самадастатковыя дзяржавы самі задаюць ідэі, залежныя — рэалізуюць чужыя наратывы, слабыя — проста існуюць з хаосам ідэй. Калі ідэі супадаюць з нацыянальным характарам і падмацаваныя подпісам першай асобы дзяржавы на афіцыйным дакуменце — гэта, можна сказаць, грамадска-дзяржаўная сімфонія.

Адзіны ключ да беларускага дабрабыту — працавітасць. Мы — тэрыторыя гаспадароў зямлі. Гэта класіка паспяховага сучаснага беларускага шляху. І гэта шлях не толькі эканамічны. Цывілізацыйны і сакральны. Страцім прагу да працы — страцім краіну і сябе.


Пакуль адны краіны пакараюць свет крылатымі ракетамі, іншыя — джынсамі, мы «заваёўваем» сусветныя рынкітрактарамі. Гэта вобразна. Бо трактар тут не проста адзінка тэхнікі, трактар — гэта сэнс. Араты, які пераворвае зямлю. Іх «абрамсы» таксама «пераворваюць» зямлю, але менавіта за нашымі «беларусамі» цягнецца шлейф жыцця. Ураджай — залог сытага жыцця.

Трактар стаў адным з сімвалаў нашай краіны. І пасляваеннага адраджэння, і інтэнсіўнай індустрыялізацыі. Цяпер і ў будучыню мы заязджаем на трактары. Беспілотным. Можна шмат казаць аб перспектыўных пунктах росту, але самы, праз які адчуваецца развіццё эканомікі, — у прамысловасці.

Прамысловасць — гэта твар Беларусі. Менавіта індустрыялізацыя нашай краіны ўзвысіла нас ад хат з саламянымі дахамі да вышынь космасу, менавіта індустрыялізацыя  з хатынскага попелу падняла нас да планетарных трыбун. 

Прамысловасць — гэта лакаматыў развіцця краіны. Гэта — апора сацыяльна-арыентаванай дзяржавы — нашай геапалітычнай «фішкі». Захаванне індустрыяльных кампетэнцый дазволіла застацца незалежнай дзяржавай у рэгіёне, якому заходнія палітыкі адводзілі месца буфернай тэрыторыі і шэрай зоны сферы паслуг. Прамысловая палітыка вызначыла і развіццё эканомікі, і нашага ўкладу. Таму самаадчуванне прамысловасці адбіваецца на стане ўсёй Беларусі.

Дзясяткі тысяч працуючых, горадаўтваральныя прадпрыемствы, імідж краіны і нашы кампетэнцыі... Занадта шмат паказчыкаў, каб быць проста складальнікам эканомікі. У 90-я, калі мянялі свядомасць людзей, падманам заклікалі да дзікага рынку, з малатка маглі сысці цэлыя галіны. Краіна патрапіла б пад знешняе кіраванне, закрыццё заводаў пацягнула б рост злачыннасці і сацыяльных хвароб, скарачэнне даброт, гарантаваных дзяржавай. Але ў 1994-м мы зрабілі правільны выбар. І менавіта таму засталіся індустрыяльнай краінай, прычым экспартнаарыентаванай.

І сёння мы сапраўды не пляцёмся «ў хвасце» і не блытаемся пад нагамі. Вось галоўная эканамічная падаплёка санкцый. І якраз санкцыі і паказалі, што можам яшчэ больш. А трэба яшчэ. У прамысловасці — як у спорце. Трэба ставіць планку вышэй. І расслабляцца няма калі: сёння прагуляеш — заўтра ўжо будзе позна. Добра, што ёсць Прэзідэнт, які ўмее стымуляваць, выкарыстоўваючы розныя метады.

Прамысловасць, сельская гаспадарка і будаўніцтва — тры паласы далейшага развіцця беларускага шляху. 


І кіраўнік дзяржавы — глыбінна ў тэме. Ад постсавецкай стагнацыі і мораку рынку мы прачыналіся пад будаўнічы шум, а рост эканомікі быў звязаны са шчыльнасцю вежавых кранаў у гарадах краіны. Ад эфектыўнасці работы будаўнічага комплексу шмат у чым залежыць эканамічны рост краіны. На яго долю ў розныя гады прыпадала ад 6 да 10 працэнтаў ВУП. Сучасная Беларусь — тэрыторыя маштабных будоўляў. А ў цэлым будаўнічая галіна Беларусі ўключае больш за 10 тысяч арганізацый. Кампетэнцыі — захаваны, падрыхтоўка будаўнічых кадраў — на ўзроўні. Прычым датычыцца гэта ўсёй сістэмы сярэдне-спецыяльнай адукацыі. Прэзідэнт Такаеў на ўзроўні еўразійскага парадку дня ўзняў пытанне вяртання да жыцця ПТВ і тэхнікумаў. У нас гэта захавана, пад шыльдай ліцэяў і каледжаў. Сацыяльная лесвіца для працоўнага люду. Усё правільна вырашыў Бацька, клапоцячыся і пра будучы лёс будаўнічага комплексу, заводаў, фабрык і моладзі. Інакш бы не «палявалі» за беларускімі мулярамі і зваршчыкамі ў суседніх краінах.

Кампетэнцыі прамысловасці захаваны, і перспектыўныя галіны вытворчасці, напрыклад электратранспарт, абраныя дзякуючы Лукашэнку. На «Белкамунмаш» Прэзідэнт хутка, як сказаў кіраўнік яго Адміністрацыі, прыедзе. Чакаюць. Мабыць, гэта будзе стартам чарговага этапу развіцця, і не толькі аднаго холдынга. Справа дзяржаўнага стратэгічнага падыходу. Кірунак па тэхніцы на электрычнай цязе з’яўляецца вельмі перспектыўным. Вялікі запыт у тым ліку і расійскага рынку, інакш кажучы, гэта сур’ёзныя экспартныя магчымасці. Да таго ж, усё гэта завязана з энергетычнай сістэмай краіны — з улікам выхаду на праектныя магутнасці Беларускай АЭС і яе інтэграцыі ў энергасістэму краіны. Калі аб’яднаць усе гэтыя мэты ў адзіную сетку задач — выходзіць экалогія разам з эканомікай.

«Кантрольны зрэз» ад Першага чакае і турыстычную сферу. Яшчэ раз Прэзідэнт вернецца і да лёну — да ўсёй галіны. І зябліва аграрыям трэба падняць своечасова. 
Не хутка, а неадкладна. Бо ў снежні экзамен для ўсіх — трэцяе пасяджэнне VІІ Усебеларускага народнага сходу — сёлета 30 гадоў пасля першага, калі краіна стала на свой суверэнны шлях. А сакрэт яго поспеху ўсё той жа, як у гады маёй журналісцкай маладосці, той, які пастаянна паўтарае нам Першы, — трэба працаваць. Кожнаму з нас і ўсёй беларускай талакой.

Яўген ПУСТАВОЙ

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю