Канец года, заканчэнне чарговай пяцігодкі — час падвядзення вынікаў, выпрацоўкі планаў і стратэгій. Няма нічога больш дэмакратычнага, чым зрабіць гэта ўсёй краінай. У нашай абноўленай палітычнай сістэме выпрацаваны самы дзейсны і прымальны механізм — агульнадзяржаўны дыялог у фармаце УНС. Гэта насамрэч Беларусь у мініяцюры. Рознагалоссяў па павестцы не здарылася. Толькі абмеркаванні. Як вядома, агульнанародны форум пройдзе праз тыдзень — 18–19 снежня. У першы дзень — Пасланне кіраўніка дзяржавы да беларускага народа і парламента, гэта і канстытуцыйна, і ўжо, можна сказаць, традыцыйна. Адбудзецца шырокае абмеркаванне глабальных і глыбінных пасылаў Першага.
Парадак другога дня і па сутнасці, і па форме плюралістычны. Абмеркаванне і прыняцце праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны. Гэта самы дакладны і абгрунтаваны сцэнарый развіцця дзяржавы да 2030 года.
Праграма — люстэрка развіцця. Эканамічнага — на будучыя пяць гадоў. І нашай мадэрнізаванай палітычнай сістэмы. Нягледзячы на ўсе знешнія пагрозы, сфарміравана моцная мадэль дзяржаўнага кіравання. Яна дазваляе прытрымлівацца прынцыпаў плюралізму і сапраўднага народаўладдзя. Яшчэ летам урад распрацаваў канцэпцыю, пачулі кожнага. Падчас работы над дакументам былі ўлічаны ўсе запыты грамадства: па-першае, прыйшло больш за 70 тысяч водгукаў, па-другое, уплецены перадвыбарныя наратывы Прэзідэнта. Гэта радуе: у беларусаў актыўная палітычная пазіцыя і давер да ўлады. А вось зацвярджаць праграму будзе УНС — канстытуцыйны орган, які з’яўляецца самым паспяховым варыянтам народаўладдзя.
Тон адносін паміж рознымі інстытутамі ўлады зададзены Першым. Ніхто нікога не замяшчае. Але рознасць меркаванняў карысная. Погляд урада, якому рэалізоўваць планы. І канцэпцыя ад групы аналітыкаў і экспертаў на чале з экс-прэм’ерам, цяперашнім кіраўніком Нацбанка Раманам Галоўчанкам.
Бясспрэчным прагнозным паказчыкам у двух варыянтах з’яўляецца прыярытэт па ўмацаванні абараназдольнасці. Гэта рэаліі сучаснасці, без гэтага немагчымы рух наперад і стабільнасць у грамадстве. Таксама Першы адзначыў і яшчэ адзін элемент бяспекі — разумны падыход да развіцця лічбавага грамадства і эканомікі даных.
Безумоўны прыярытэт — будаўніцтва жылля і ў асноўным — арэнднага, бо зразумела: менавіта яно з’яўляецца трыгерам для размеркавання працоўных рэсурсаў. Мэта Першага — абудзіць правінцыю: трэба варушыцца, каб насамрэч адбыўся ўсплёск развіцця рэгіёнаў.
Змянілася місія самой праграмы. Прэзідэнт задаў выразны сцэнарый — задачы павінны быць максімальна напружанымі, але выканальнымі. Сама філасофія праграмнага дакумента ўшчыльную набліжана да чалавека. Любы беларус можа даведацца, дзе і колькі пабудуюць жылля, дарог, бальніц і школ. Такая інфармацыя вельмі важная і для бізнесменаў — адразу зразумела, куды лепш інвесціраваць.
Краіна загадзя пачала падрыхтоўку да самага плюралістычнага форуму народаўладдзя. Абмеркаванне праграмы развіцця прайшло ў працоўных калектывах, на сустрэчах грамадскіх арганізацый сярод кіраўнікоў і грамадзянскай супольнасці. Гэты працэс кансалідаваў усю Беларусь. Дакумент абмяркоўвалі, дапрацоўвалі і перапрацоўвалі. У выніку засталося абмеркаваць ужо дэлегатам УНС. Гэта самы маштабны інстытут дзяржаўнай улады. І сярод гэтага мноства розумаў беларускага грамадства ніводная рацыянальная прапанова не павінна згубіцца, працэс павінен быць адрэгуляваны — таксама задача ад Першага.
У цэлым жа Праграма сацыяльна-эканамічнага развіцця дэманструе адкрытасць і павінна не толькі стаць навігатарам беларускага шляху на пяць гадоў, але і задаць стратэгічныя арыенціры надалей. Толькі ўсім варта мець на ўвазе: каб дасягнуць вызначанай геалакацыі якаснага развіцця, трэба рухацца наперад кожнаму з нас. Паказчыкі без уцягнутасці людзей так і застануцца прагнознымі лічбамі. А стратэгічная мэта — каб рахунак развіцця Беларусі заўжды заставаўся на нашу карысць. Гэта наша найважнейшая задача.
Яўген ПУСТАВОЙ.