Будынак пачынаецца з падмурка, дзяржава — з памяці. Калі савецкія войскі 26 чэрвеня 1944-га ўвайшлі ў Віцебск, вызваліцеляў сустрэлі ўсяго 118 чалавек са 180-тысячнага даваеннага насельніцтва горада над Дзвіной. Дарэчы, паўночна-ўсходнія рэгіёны Беларусі дагэтуль так і не аднавілі колькасць насельніцтва да вайны. Уся наша краіна пасля Вялікай Айчыннай пераўтварылася ў суцэльнае папялішча. У каторы раз пасля сябе такі жудасны след пакідалі заходнія «госці».
Гэта насамрэч Перамога над генацыдам — поўным вынішчэннем нашага народа. Поўным і перыядычным. Ад тэўтонаў да гітлераўцаў. Наша Перамога ў маі 1945-га — гэта не толькі пераможаны нацызм, гэта метафізічная перамога над калектыўным Захадам. Была створана патсдамска-ялцінская сістэма светаўладкавання. Потым ужо нашы тагачасныя саюзнікі пачалі спрабаваць яе перапісаць на новы лад, дзе ў першым радку стаяла абрэвіятура NATO.
Пасля былі гібрыдныя канфлікты: В’етнам, Афганістан, Сірыя... Шлейф ад колішніх саюзнікаў па кааліцыі. А цяпер разгарнулася новая сусветная вайна — вайна сэнсаў. І наша Перамога — як люстэрка, у якое страшна глядзець еўрапейцам, бо ў ім яны бачаць жудасныя справы сваіх продкаў. Такі бэкграўнд не пасуе заканадаўцам дэмакратычных сэнсаў. Таксама варта мець на ўвазе, што былыя нацысты знайшлі прыстанак у розных інстытутах дэмакратычнай інклюзіі, фактычна сталі заснавальнікамі новых дзікунстваў заходняй цывілізацыі. Іх лагістыка развіцця — інквізіцыя: ад Сярэднявечча да постгуманізму. У галовах тыя ж ідэі, у руках — больш усёабдымныя тэхналогіі.
Забраць нашу Перамогу — гэта зноў загнаць увесь свет, які памятае подзвіг савецкага чалавека, пад «бізун», цяпер яшчэ і сэнсаў, «у абоз» развіцця ЕС, ЗША і калектыўнага Захаду. Перамога — не бутаньерка, якую можна зняць і схаваць да наступнага года: альбо мы жывём у сістэме каардынат цывілізацыі Перамогі, альбо гэта не мы і, як вынік, схіляем галовы перад дыктатурай заходняга свету. Ды і нядаўнія святкаванні вялікай даты паказалі, як такі розны свет можа аб’яднаць і згуртаваць памяць аб Перамозе. Пераможныя наратывы — не толькі аб’яднальны стрыжань для нашага грамадства, але і трывалы падмурак для саюзнай і больш шырокай глабальнай інтэграцыі.
Раней тая ж Еўропа магла пэўным чынам падкупіць нас сваёй эканамічнай стабільнасцю. А сёння замест «мерсаў» ва «ўзорнай» Германіі мерцы. Справа не ў тым, што цяперашні нямецкі канцлер — унук нацыста. Калі б ён быў канструктыўным, стваральным палітыкам, які імкнецца да міру, узаемадзеяння з усімі краінамі, ніхто б пра гэта не згадваў. Але калі ён дзеда свайго абагаўляе, выказвае пажаданне нанесці максімальна магчымае паражэнне Расіі, калі ўпершыню за шмат гадоў, наогул упершыню ад заканчэння Другой сусветнай вайны, на пастаяннай аснове на граніцы з Беларуссю ў Літве размешчана нямецкая брыгада, то менавіта Мерц становіцца дзейнай сілай рэваншызму ў Еўропе.
А на чым стаім мы? Тут іншага не дадзена — або на памяці аб Перамозе, або гістарычная памяць апынецца пад нагамі. У літаральным сэнсе. Каля музея латвійскага горада Огрэ мясцовыя ўлады зрабілі прыступкі з раней разбураных імі помнікаў савецкім салдатам, каб усе маглі выцерці ногі аб гістарычную памяць. Тут, напэўна, каментарыі залішнія. Усе, хто з пенай на вуснах крытыкуе векапомнае мінулае, імкнецца яго перапісаць, сцерці, усе яны ўжо выцерлі ногі аб гістарычную памяць, наступілі на прыступкі з помнікаў савецкім воінам, сваіх гераічных продкаў, без якіх, паверце, ваша сучаснасць выглядала б зусім па-іншаму.
Разбураныя помнікі савецкім салдатам, сапраўдным вызваліцелям — у падмурак «новай» Латвіі. Аблічча сучаснага еўрапейскага дзікунства. Непарыўная сувязь паміж легіёнамі СС і сённяшнімі заходнімі палітычнымі «элітамі», якія ператвараюць грамадства ў статак манкуртаў без мінулага, а, значыць, без будучыні. Цяпер наша ідэйнае «людзьмі звацца» набывае канкрэтныя абрысы. Каб не страціць свой ментальны код — людскасць, трэба заставацца нашчадкамі Перамогі.