Top.Mail.Ru
0

Подых дабрабыту

Аўтар: Яўген Пуставой
23.07.2025 | 20:31

У Беларусі — жніво. Асаблівы, вельмі адказны час, бо хлеб — вяршыня доўгай працы, разуменне гэтага ў Беларусі не страцілі. Нават у заходнім свеце з яго схільнасцю да штучнага інтэлекту харчаванне становіцца атрыбутам якаснага жыцця. Кліматычныя катаклізмы і антыфермерская палітыка там толькі пагаршаюць сітуацыю. Няма былога багацця, а ежа ўвесь час даражэе. Таму навіны з палёў уплываюць на эканамічную сітуацыю ў любой краіне.


У нас АПК — адна з бюджэтаўтваральных галін. Як вядома, адзін аграрый забяспечвае работай 5-7 гараджан. Так што і сапраўды ў Палацы Незалежнасці адбыўся бадай што найважнейшы селектар лета. Ён быў закліканы, па-першае, вызначыць праблемы, па-другое — намеціць іх рашэнне. У Палацы сабраўся кіраўніцкі штаб краіны, на сувязі — аграрны пул усіх рэгіёнаў Беларусі.

Хлеб як зборная назва — вынік працы не толькі АПК. Бо гэта нацыянальная бяспека і артыкул даходаў. Важкі артыкул. Па 7-8 мільярдаў долараў за год. Запыт на беларускае харчаванне ва ўсім свеце велізарны. Толькі забяспечвай.

Зямля не проста ўрадлівы слой глебы. Праца ў сельскай гаспадарцы — жыццёвая філасофія. Але гэта яшчэ і бізнес у зоне рызыкоўнага земляробства. Гэта аксіёма. Яе трэба ведаць, але не ў якім разе не спісваць на яе свае няўдачы.

Каб вырасціць ураджай, патрэбны год, а страціць яго можна літаральна за некалькі дзён. Асабліва сёлета. Метралагічныя зводкі нагадваюць франтавыя — залевы, шквалісты вецер — небяспечнае спалучэнне. У выніку паляганне пасеваў, вегетацыя пустазелля, прарастанне зерня. Прэзідэнт сітуацыю прагназаваў і патрабуе варушыцца без аглядкі на надвор’е.

Збожжа трэба «лавіць» да таго, як яно ляжа на зямлю. Няхай нават і з большай вільготнасцю. Вось у гэтым сэнсе жніво і з’яўляецца бітвай за ўраджай. Але, як вядома, лепш убіраць ураджай, чым ваяваць.

За гады незалежнасці АПК у Беларусі паднялі з каленяў. Паставілі на крыло. Цяпер трэба варушыцца. Роля дзяржавы — стратэгічныя праекты. А задачы аграрыяў — не адрывацца ад зямлі. Як бы пафасна не гучала, але для беларусаў зямля — аснова дабрабыту. А беражлівыя адносіны да яе — захаванне нацыянальнага кода. Так было заўжды. А зараз харчовая бяспека —яшчэ і гарантыя міру. Для таго каб нашу зямлю не пераворвалі гусеніцы танкаў, мы павінны ваяваць на самым мірным полі — аграрным.

Галоўнае, што ёсць такое разуменне, калі мы ўбіраем хлеб. Зараз гэта насамрэч ідэя кансалідацыі для ўсёй краіны. Нездарма Прэзідэнт яшчэ раз нагадаў: жніво лепш, чым вайна. Калі над залацістай рунню, абдымаючы сваімі промнямі наваколле, за неабсяжную сцяну зялёнага лесу хаваецца сонца, мы адчуваем той подых дабрабыту — ён у паху калосся. Таму гучыць спрадвечнае, гаспадарскае — «у бой!» — гэта пра хлеб. 

І гэта галоўнае.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю