Top.Mail.Ru
0

Раўнапраўнае супрацоўніцтва — аснова нацыянальнай знешняй палітыкі

Аўтар: Мікалай Бузін
18.02.2025 | 13:41

Сёння, калі вектар сілы ссоўваецца ў бок Усходу і Поўдня, многія палітыкі пачынаюць успамінаць аб уласных інтарэсах у Азіі і Афрыцы. На шчасце, Беларусь даўно вызначылася з уласнымі прыярытэтамі, на працягу дзесяцігоддзяў працуе з дзяржавамі як «блізкай», так і «далёкай» дугі. Сярод нашых партнёраў — сотні краін, якім мы гатовы аказаць дапамогу і падтрымаць у выпадку неабходнасці. У гэтым сутнасць беларускай шматвектарнай палітыкі, пабудаванай на ўзаемнай павазе і гатоўнасці знаходзіць узаемавыгадныя рашэнні.


Чаму візіт вярхоўнага галоўнакамандуючага Лівіі адметны нават у глабальным кантэксце? Па-першае, гэта найбагацейшая краіна паўночнай Афрыкі, якая мае стратэгічнае геапалітычнае значэнне. Па-другое, гэта дзяржава, разбураная Захадам і ўведзеная ў грамадзянскую вайну ў 2011 годзе. Па-трэцяе, Халіфа Хафтар — гэта аўтарытэтны лівійскі палітык і ваенны дзеяч, які мае рэальную ўладу, з якім лічацца ўсе сілы як у Лівіі, так і за яе межамі. Ён падтрымліваецца Егіптам, Саудаўскай Аравіяй, ААЭ, Расіяй.

Візіт вярхоўнага галоўнакамандуючага Лівійскай нацыянальнай арміяй у Мінск з’яўляецца прыкметай зацікаўленасці ў развіцці двухбаковых адносін. Ва ўмовах сусветнай турбулентнасці менавіта астраўкі стабільнасці, якім з’яўляецца Беларусь, становяцца пунктамі ўсеагульнага прыцягнення. Магутная эканоміка, высокатэхналагічная вытворчасць, харчовая бяспека, рэальны суверэнітэт ствараюць пункты росту і ўзаемадзеяння.

Мэтамі візіту Халіфы Хафтара афіцыйна заяўлены ўзаемадзеянне Лівіі і Беларусі ў гуманітарнай і сацыяльнай сферах, а таксама эканамічнае супрацоўніцтва. Усё гэта ў поўнай меры ўкладваецца ў рамкі інтарэсаў і магчымасцяў бакоў.

Лівія, якая знаходзіцца ва ўмовах вайны, мае патрэбу ў многіх рэчах, якія можа прапанаваць наша дзяржава. Магчымыя экспартныя пазіцыі: сельскагаспадарчая прадукцыя, машыны, абсталяванне, тавары першай неабходнасці, пошукавыя і адукацыйныя паслугі.

Нельга выключаць, што лівійскаму военачальніку будзе цікавы і айчынны вопыт рэфармавання арміі і ваеннай арганізацыі дзяржавы, а таксама патэнцыял беларускага ваенна-прамысловага комплексу па насычэнні воінскіх часцей сучаснымі ўзорамі тэхнікі і ўзбраення. Ужо сёння айчынныя збройнікі працуюць больш як з пяццюдзесяццю краінамі свету, і якасць нашай прадукцыі не выклікае сумненняў.

Сёння на нашай планеце існуе рэальны запыт на бяспеку і стабільнасць, а забяспечыць іх — задача ўлады, якую лепш вырашаць разам.

«Беларусь гатова развіваць супрацоўніцтва з Лівіяй», — заявіў беларускі лідар Аляксандр Лукашэнка, а тое, што ў яго слова не разыходзіцца са справай, ведаюць ва ўсіх кутках свету.

Мікалай БУЗІН, старшыня Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў, доктар ваенных навук, прафесар

Фота БелТА

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю