Астана — мабыць, самая футурыстычная са сталіц ЕАЭС. А Казахстан з’яўляецца правадніком філасофіі лічбавізацыі і ШІ. У год свайго старшынства наогул перастаў саромецца. Прапанаваў увязацца ў гонку лічбавізацыі і тым самым перагнаць іншыя цэнтры сіл. Гэтай ідэі прысвяцілі першы дзень саміту. Ключавым дакументам стала сумесная заява аб адказным развіцці штучнага інтэлекту ў рамках ЕАЭС. Можна сказаць, ЕАЭС заявіў аб глабальнай адказнасці.
Няўжо ШІ — гэта прарыў, ідэя, дзеля якой варта жыць? Да гэтых дзвюх літар ёсць некалькі асноўных падыходаў. Алармісты лічаць гэта спосабам глабальных эліт замясціць чалавека, з пункту гледжання тэолагаў і філасофіі, бяздушная лічба выцясняе Слова. Рамантыкі-тэхнатронікі называюць ШІ ледзь не адзіным прарыўным рашэннем далейшага развіцця чалавецтва глабальнага лёсу. Прычым футурысты пераконваюць, што лічбавы розум — гэта новая форма жыцця ў бясконцасці. Для лічбы, а не для чалавека. Скептыкі называюць гэта моднай дурнотай, а традыцыяналісты хочуць падпарадкаваць глабальны лічбавы розум чалавеку.
«А што скажа Лукашэнка?» — чакалі на саміце. Беларуская пазіцыя вельмі прагматычная: калі штучны інтэлект — еўразійскі прыярытэт, тады ён павінен прыносіць карысць. Кіраўнік дзяржавы абазначыў пазіцыю Мінска: ШІ для нас — гэта толькі інструмент павышэння ККД чалавечага патэнцыялу.
Наш Прэзідэнт, што называецца, расставіў кропкі над ШІ. Не трэба рабіць кумірам тое, што павінна быць толькі інструментам, і падыходзіць не для ўсяго. Інакш гэтым кумірам і будзеш зрынуты. Гэта як з захапленнем чужой мадэллю жыцця. Прыніжаючы сваё спрадвечнае, трапіш у яму. Украінцы сербанулі гэтага перафарматавання. Малдаване на чарзе.
Як толькі кіраўніцтва постсавецкіх краін накрадзе шмат ці проста недзеяздольнае, адразу пачынаюць карміць свой народ еўрапейскай казкай. І гэта казка прыходзіць. Чым далей, тым страшней. У Астане Ерэван прадстаўляў толькі віцэ-прэм’ер Мгер Грыгаран. Пашынян спаслаўся на перадвыбарную занятасць. У выніку трэба зрабіць выбар не толькі армянам, але і самому Пашыняну. У ЕАЭС, у адрозненне ад ЕС, кіраванне дзяржавамі не перададзена наднацыянальным органам. Наша Еўразійская эканамічная камісія — не іх брусельская штаб-кватэра. Усё вырашаюць нацыянальныя лідары.
Наш Прэзідэнт, лідар краіны без імперскіх амбіцый, але з паспяховымі вынікамі, якая ідзе свае сацыяльным курсам, выступае своеасаблівым мадэратарам еўразійскай інтэграцыі постсавецкіх дзяржаў. Для Беларусі ўдзел у ЕАЭС — гэта не іміджавы інтэграцыйны праект. Гэта рэальная магчымасць гарантаваць бяспеку краіны і прадаць нашу прадукцыю — 80 % таго, што вырабляем.
У ЕАЭС імкнуцца многія краіны. Калі палічыць усіх у розных статусах, то набіраецца 25 дзяржаў. ЕАЭС — гэта і саюз іміджу, і такая зона вольнага гандлю з прэферэнцыямі для сваіх.
І дакументы, якія падтрымліваюць імідж інтэграцыі, прымаюць адразу. ЕАЭС — саюз амбіцыйных задач, але цяпер павінен стаць і саюзам сур’ёзных кампрамісаў. Будзем сталець.
Яўген ПУСТАВОЙ