Не адпачывае і наш Першы. Няўрымслівы палітык. Здавалася, час адпачыць — вобразна кажучы, краіна з хлебам, а калі ўспомніць Палессе, як людзі хлеба прасілі, то і ў літаральным сэнсе. Прэзідэнт успамінае і гэту сустрэчу, і фатаграфію. Менавіта тады там і здарылася народная ініцыяцыя Першага Прэзідэнта краіны. З водарам хлеба.
Так, у Беларусі лунае водар хлеба! Гэта проста, але не прымітыўна, гэта прыземлена, але пра вышыню, гэта веліч, але не пра фанабэрыстасць. Гэта пра паэзію любові да працы і роднай зямлі. Гэта ода нашай мадэлі развіцця. Што можа быць больш гарманічна і праўдзіва, чым вырошчваць хлеб на роднай зямлі. Што можа больш правільным, чым пакінуць зямлю ў руках сваіх сялян. Мы не прыватызавалі, не «разбазарылі» родныя абшары, не адвярнуліся ад класічнага ідэалу беларускай мары — быць гаспадарамі на сваёй зямлі. Здавалася б звычайныя словы, але якая глыбінная думка, узаемазвязаная і з нашым месцам у геапалітыцы. У іх існасць нашай сілы і патэнцыял развіцця. Не за кошт багатых нетраў, не за кошт інвестыцый вялізных амбіцый у рабаванне іншых краін. Наша аснова — не станок, які ператварае паперу ў багацці, не маніпуляванне ідэямі і запалохванне ваенным арсеналам. Наша аснова — зямля. Мы паставілі не на гульню каціровак ф’ючарсамі, мы выбралі працу, палітую ўласным потам — свой хлеб. Толькі тое насенне можа даць ураджай, што пусціла карані ў роднай зямлі.
Наш шлях — разора ад трактара, а не танка. Тады, спачатку, ён многім здаваўся памылковым, але менавіта па ім павёў беларусаў Першы Прэзідэнт. Кіруючыся ўласным разуменнем, запытамі свайго народа і глыбіннай інтуіцыяй. Калі б родная ніва зарасла, што было б з Беларуссю? Прыбалтыйскі прыклад знішчанай нацыянальнай эканомікі, украінскі сцэнарый знішчанай краіны. Беларусь — цывілізацыя хлеба. У гэтым сутнасць павагі да простага чалавека.

У гэтым сутнасць нашай самадастатковай эканомікі вытворчасці, а не паслужлівай эканомікі паслуг, працы, а не канфармізму, патрыятычнай справы, а не бадзяжніцтва і жабравання па чужых лакацыях.
Палітыка Лукашэнкі, калі зноў жа казаць вобразна, — гэта палітыка ўраджаяў. У радзільных дамах і на палях. А яшчэ ўраджаю палітычных сэнсаў. Краіна, якая выбрала шлях хлеба — заўсёды мудрая. Мінскія ініцыятывы прымаюць СНД і ЕАЭС, ім апладыруюць у ШАС і на кліматычных самітах. Але ўсё пачынаецца з прыхільнасці да роднай зямлі. І на гэтым трымаецца.
Высокія ўраджаі на беларускіх палях — гэта драйвер росту для ўсёй краіны. Адзін селянін забяспечвае працай дзесяць гараджан. А сяло — гэта не толькі эканоміка. Гэта наратывы беларускай нацыянальнай думкі. Сярод палітычных тэхналогій, навамодных тэорый ліберальнага рынку і лічбавай эканомікі кіраўнік дзяржавы ўсё-такі заклікае ісці ад зямлі. Звычайная філасофія развіцця. Раўнамернае развіццё краіны. Рэгіёнам патрэбна «сацыялка». «Сацыялка» залежыць ад эканомікі. Базіс для эканомікі — прадуманае выкарыстанне зямельных рэсурсаў. Мы, вядома, і касмічнымі кампетэнцыямі валодаем, але «космас» у АПК — больш дасягальны.
Аб гэтым і семінар, што днямі адбыўся на Шклоўшчыне. Гэта была рабочая, але, у нейкай меры, гістарычная нарада. Менавіта са Шклоўскага раёна пачалі ратаваць беларускую вёску і развіваць рэгіёны. Спачатку Аляксандр Лукашэнка як дырэктар падняў саўгас-аўтсайдар да паспяховай гаспадаркі. Менавіта з парога праўлення «Гарадца» Прэзідэнт пайшоў у вялікую палітыку. Ужо тады наш Першы ішоў супраць мэйнстрыму і свае смелыя ідэі агучваў першаму прэзідэнту СССР — Гарбачову. А сёння — адкрыты дыялог з усёй краінай. І справа не ў настальгіі, а ў будучыні. Не ў тым, што гэта месца сілы Лукашэнкі і што дарогі станаўлення пралеглі праз кожны куток развіцця. А ў тым, што гэта — тыповы раён для краіны.

Гады два таму Прэзідэнт запатрабаваў вярнуць да жыцця аб’екты, якія ажывяць райцэнтр: гэта будуць новыя працоўныя месцы і пункты эканамічнага развіцця рэгіёна. Базавы набор: райаграсэрвіс, камбікормавы завод, малочны і міні-пякарня. Прэзідэнт яшчэ раз на семінары казаў аб важнасці вёскі і аб адказнасці гарадоў. Без шэфскай дапамогі ніяк. Па-першае, урбанізацыя вымыла працоўныя рэсурсы, па-другое, беларуская культура знітавана з вёскай. Загіне — знікнем мы як народ, як суцэльная нацыя.
Хоць патэнцыял не толькі ў інвестыцыях, але і ва ўменні размяркоўваць рэсурсы. І выкарыстоўваць іх. Вялізныя грошы ўкладаем у меліярацыю. А ўрадлівыя землі губляем на кожным развароце. Безгаспадарлівасць і нядбайнасць — вось дрыгва, з якой цяжэй за ўсё выбірацца. Зноў гэтым займаецца Прэзідэнт. Вядзе па новых сцежках развіцця. Але ўжо не каб адвесці ад бездані. А да новых вяршынь. Да 20 мільярдаў экпарту за кошт прадуктаў харчавання.
А зараз новая сверхзадача — зрабіць задзел моладзі. Для новага пакалення патрэбен вельмі моцны падмурак. Дзеці гаджэтаў да выгод і дастатку прызвычаіліся, а вось да працы яшчэ не. Але, напэўна, калі ўраджай, пасеяны папярэднікамі, будзе добры, то сабраць яго здолеюць. Вось Лукашэнка, нібы той сейбіт, ідзе наперад, засявае нашу ніву сапраўднымі зярнятамі беларускай ідэі і паўнаважнай дзейснай справай для беларусаў. Бо заняпад культуры, традыцыйных арыенціраў, чытай, заняпад народа, пачынаецца з забыцця і адмовы ад сваёй справы, бацькоўскіх палеткаў, эканамічнай аўтэнтыкі...
Нястомна ідзе той сейбіт, цягне нас, сённяшніх і заўтрашніх, далей ад геаплітычнай багны з дрыгвы самазабыцця. І няма яму адпачынку... Бо трэба ісці далей. А нам жыццёва важна ісці за ім.
Яўген ПУСТАВОЙ
Даслоўна
Уся паўната адказнасці — на месцах
Дзмітрый Захарчук, член Савета Рэспублікі, старшыня Ваўкавыскага райвыканкама:
— Семінар у Магілёўскай вобласці стаў не проста планавай сустрэчай, а прадметным аўдытам работы. Выбар Шклоўскага раёна для такой размовы — абсалютна дакладны і стратэгічны ход. Прэзідэнт узяў не ўзорную, а тыповую, сярэднюю тэрыторыю, каб задаць новую, аб’ектыўную планку: калі сярэдні раён здольны на такую дынаміку, значыць, рэсурс для росту ёсць у кожнага.
Галоўны сігнал нарады — пераход ад агульных слоў да жорсткіх эканамічных механізмаў.
У сельскай гаспадарцы ўзяты курс на павышэнне эканамічнай эфектыўнасці. У жывёлагадоўлі акцэнт змяшчаецца на мясны кірунак, таму што гэта самы хуткі спосаб атрымаць фінансавую аддачу пры захаванні дысцыпліны і тэхналогій. Асаблівая ўвага ўдзелена лагістыцы рэсурсаў. Грошы, тэхніка, запчасткі, угнаенні павінны ісці напрамую ў гаспадаркі праз аграсэрвісы, абыходзячы шэрыя схемы і пасярэднікаў, якія вымываюць абаротныя сродкі неабгрунтаванымі нацэнкамі.
Задачы гранічна ясныя, патрабаванні да іх выканання кратна ўзрастаюць. Але я гляджу на гэтыя ўстаноўкі не як на ўзмацненне кантролю. Гэта, перш за ўсё, крэдыт даверу і перадача ўсёй паўнаты адказнасці. Нам даюць паўнамоцтвы для прыняцця самастойных, хуткіх і эфектыўных рашэнняў на месцах.