Top.Mail.Ru
0

Сімфонія адзінства

Аўтар: Яўген Пуставой
16.09.2026 | 20:06
Пра сэнсы свята і не толькі пра іх

«А хто там ідзе?» — Памятаеце, як літаратурны геній задаў галоўнае калісьці для саміх нас пытанне. Адказ на якое, як і яго ж «людзьмі звацца» стаў адным з сімвалаў нашага нацыянальнага адраджэння...

Цяпер тая адвечная мара спраўдзілася. І сёння жаданні беларусаў датычацца больш зямных запытаў. Сацыялагічнае даследаванне перад Днём народнага адзінства — як барометр грамадскага настрою. Чым мы жывём, на што накіраваны нашы позіркі.

Умовы жыцця ацаніліся так: больш за 82 % апытаных свайму матэрыяльнаму становішчу паставілі «добра», столькі ж рэспандэнтаў задаволены сваім месцам працы. А чым жа ганарацца беларусы? Перш за ўсё — мірным небам над галавой, далей — таксама зразумелыя і прывычныя для нас рэчы — высокая якасць прадуктаў харчавання, чысціня і добраўпарадкаванне населеных пунктаў, захаванне гістарычнай памяці.

Галоўнае і важнае — глядзім у адным кірунку. Каля 98 % рэспандэнтаў выказалі жаданне жыць на Радзіме. Гэта, мабыць, і адзнака матэрыяльнаму развіццю краіны, і сацыяльнай раўнавазе, і бяспецы. Але яшчэ вельмі важкая акалічнасць — мы любім сваю краіну не за штосьці, а таму што! У гэтым галоўны стрыжань нацыянальнай годнасці. Раней, памятаеце, апантана захапляліся амерыканскім патрыятызмам, альбо нават палякамі, што з маленства ведаюць гімн сваёй краіны. А мы што? Зноў — «А хто там ідзе?»

Сёння — упэўнены адказ: БЕЛАРУСЫ. Грамадзяне незалежнай прыгожай краіны. 

Не саромеемся — паўсюдна вісяць дзяржаўныя сцягі, людзі ад шчырага сэрца спяваюць гімн, і нават на шкле грузавікоў, што снуюць па Еўропе, — наклейкі-стужкі з выявай нашага дзяржаўнага сцяга. Працаваць можна ў розных краінах, а любіць патрэбна сваю краіну. І гэта адчуванне сваёй Радзімы, любоў да яе — тое, што называюць патрыятызмам, — і аб’ядноўвае нас. Праз усе выпрабаванні і нягоды на пакручастым гістарычным шляху. «Гісторыя не раз даказвала: што б ні адбывалася, беларусаў купіць немагчыма, іх немагчыма запалохаць і раз’яднаць», — трапна скажа Прэзідэнт на цырымоніі ўручэння дзяржаўных узнагарод напярэдадні Дня народнага адзінства.

Люстэркам адзінства ўлады і грамадства з’яўляюцца святы. Гэта не проста даты з дзяржаўнага календара, а дні нацыянальнай кансалідацыі. Дзень Незалежнасці, Дзень Перамогі, а цяпер вось і Дзень народнага адзінства. У самага маладога свята дзяржаўнасці — глыбокія гістарычныя карані, яно яшчэ ўкараняецца і сучаснымі традыцыямі. Адна з іх — уручэнне дзяржаўных узнагарод у Палацы Незалежнасці. І ў моманты выпрабаванняў, і ў хвіліны ўрачыстасці — з намі наш Прэзідэнт. І як гэта важна пачуць у сённяшні няпросты час: «Хачу вас запэўніць, што як Прэзідэнт, якому вы давяраеце, зраблю ўсё, каб на нас ніколі не паказвалі пальцам. А калі і паказвалі, то як зараз, — з зайздрасцю».

Палітра беларускіх дзяржаўных свят — гэта не даты наменклатурных дэкларацый або кан’юктурных рашэнняў, а даты знакавых падзей, якія прайшлі праз сэрцы і лёсы нашага народа. Гэта і ёсць вехі станаўлення, сталення нашай дзяржаўнасці.

Дзень народнага адзінства, як і Дзень Незалежнасці і Дзень Перамогі, у нас звязаныя з гістарычнай памяццю барацьбы з замежным прыгнётам. Адвечнае жаданне вырошчваць хлеб на сваёй зямлі мы былі вымушаны абараняць з мячом у руках. За такое становішча на карце свету беларусы заўсёды плацілі дарагую цану. Канвеер войнаў не раз падзяляў сем’і і нашы спрадвечныя тэрыторыі.

Ад часоў рознага кшталту магістраў фон юнгенаў да гітлераў і начальнікаў Польшчы — пілсудскіх: малых і вялікіх. Амаль палова мінулага стагоддзя была барацьбой за магчымасць «людзьмі звацца». Перамаглі. А што, раней ад часоў старажытнага Полацка альбо Турава было лягчэй? Ды не. 

Мірную і прыгожую зямлю часта пакідалі ў папялішчах і бязлюддзі — гэта і ёсць гістарычная праўда. Але прыходзіла вясна росквіту і зноў ажывала Беларусь. Восень 39-га — адна з такіх вёсен. Актам гістарычнай справядлівасці стала ўз’яднанне дзвюх частак адной краіны.

Нашы продкі — у асобе коласаўскага Міхала: зямелькі, ды сіл у рукі каб саху трымаць... А яны на нас з веку ў век — з мячамі, агнямётамі, бізунамі. Пад сцягамі крыжакоў, нацысцкіх лозунгаў і паспалітых амбіцый «Polska od morza do morza»... Але «суагрэсарамі» сёння абвяшчаюць нас. Як нічога не мяняецца ў стратэгічнай дактрыне еўрапейскай дыпламатыі — ад Барбаросы да Барэля — «Drang nach Osten», — так ніколі не мяняліся падыходы варшаўскіх палітыкаў да нашых земляў. І цяпер на картах, па якіх рыхтуюць польскіх разведчыкаў, — мяжа пад Мінскам.

Вельмі вобразна і трапна пра тое, чым заканчваецца гэта непераадольнае імкненне на Усход, апісаў Караткевіч: «Археолагі выкапалі ў скарбе другога стагоддзя наканечнік дзіды з рунічным надпісам: «Наперад!» А на такім жа наканечніку чацвёртага стагоддзя, тыя ж вуглаватыя суровыя руны: «Назад!»

У пошуках свайго шляху мы маглі зайсці не туды — адразу пасля абвяшчэння дэкларацыі аб незалежнасці з Авальнай залы: некаторыя тагачасныя палітыкі гатовы былі ісці на Захад, бліжэй да Польшчы. Але народ зрабіў правільны выбар, і прыйшоў лідар, для якога словы «незалежнасць» і «людзьмі звацца» былі не проста дэкларацыяй.

Сённяшні сэнс Дня народнага адзінства — значна шырэйшы і глыбейшы, чым проста збавенне ад акупантаў, паліцэйскіх «пастарункаў», Бярозы-Картузскай і сціранне мяжы праз Негарэлае. Гэта яднанне народнага духу. Адказ захопнікам усіх часоў і ўсяго свету — мы адзіныя. І гэта дата, 

17 верасня, — гэта перамогі беларусаў над Тэўтонскім ордэнам, Карлам XІІ, Напалеонам і Гітлерам. Над усімі, хто прыходзіў спальваць нашы хаты і забіваць нашых немаўлят, забараняць нашу мову і нашы песні.

Дату 17 верасня мы дасталі з ужо крыху пажоўклага ад часу летапісу савецкіх свят, «апранулі» ў годны і светлы дрэс-код сучаснасці. Але адчуць усю глыбіню і каштоўнасць 17-га верасня яшчэ трэба будзе. І не аднаму пакаленню. Як заўсёды сумленна і ёміста аб гэтым сказаў Прэзідэнт: «Мы, можа, не зусім усведамляем, што гэта за свята, дасягненне і веліч. Бо для ацэнкі такіх падзей з гістарычнага пункту гледжання неабходны больш працяглы перыяд. Каб усё гэта ўсвядоміць па-сапраўднаму, народы праходзяць праз найцяжэйшыя выпрабаванні. Нам не трэба пра гэта расказваць, таму што ў нас каля парога нашы родныя людзі праходзяць такія выпрабаванні. Я не хацеў бы, каб гэта адбылося. Найлепш ціха, спакойна, але так, як ёсць. Пройдзе час, і мы па-сапраўднаму, кожны ў сваёй душы, сэрцы ацэнім веліч таго, што здарылася ў сярэдзіне мінулага стагоддзя».

Нашы землі — гэта нерв Еўропы, а значыць свету. А яшчэ геапалітычны разлом паміж Усходам і Захадам. Не абстрактных полюсных паняццяў, а розных светапоглядных паняццяў з ашаламляльна адрознымі каштоўнасцямі. А цяпер дыяметральна супрацьлеглыя мэты: у нас сям’я — у іх палігендарнасць, у нас класіка літаратуры і мастацтва, у іх — бунтарства новых нармальнасцяў, у нас — рухі шматдзетных мам, у іх — усплёск фемінізму. І гэта толькі ў сферы сэнсаў. Менавіта агульная еднасць сэнсаў і каштоўнасцяў аб’ядноўвае нас, беларусаў (тое ж паказала і сацыялагічнае даследаванне). Што падчас палітычнай філасофіі глабальнага касмапалітызму толькі ўзмацняе і ўмацоўвае адзінства дзяржаўных атрыбутаў.

Дзень народнага адзінства — гэта не толькі захаванне гістарычнай памяці аб перамозе над экспансіяй. Мы і гэта яшчэ не да канца зразумелі і адчулі. Гэта яшчэ і сцвярджэнне рэальнага імкнення да самасці дзяржаўнай, эканамічнай, культурнай. А яшчэ гэта адказ на жаданне захаваць грамадскую згоду.

Адзінства — не толькі ў згуртаваным чытанні гісторыі, але і ў кансалідаваных поглядах на будучыню. Ідэя, сэнсы, каштоўнасці. Гэта як прэзідэнцкі аркестр, які заўжды гучыць на самых галоўных урачыстых мерапрыемствах. У кожнага свая партытура, а ў выніку — адзінае і гарманічнае гучанне — мелодыя нацыянальнага яднання. А высокія ноты заўсёды задае першакласны дырыжор.

Яўген ПУСТАВОЙ

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю