Аднак маюцца і іншыя прыклады, дзякуючы якім ёсць надзея на будучыню. Адной з навін з пасяджэння нядаўняга дзяржсавета Саюзнай дзяржавы стала ўтварэнне адметнага наднацыянальнага органа. Увогуле, пачуты і рэалізаваны дзве асноўныя прапановы беларускага лідара і адна ўлічана. Прынята рашэнне аб стварэнні Камітэта па стандартызацыі і якасці Саюзнай дзяржавы, які павінен забяспечыць кантроль за якасцю прадукцыі на агульным рынку і садзейнічаць устараненню тэхнічных перашкод ва ўзаемным гандлі. Новая міждзяржаўная структура накіравана на прадухіленне бар’ераў, абарону правоў спажыўцоў і рынку ад небяспечнай і няякаснай прадукцыі. І можна толькі здагадвацца, які шлях трэба было пераадолець, каб прыйсці да гэтага рашэння. Размова не аб дзяльбе суверэнітэту, а аб перашкодах лабістаў. Камусьці было выгадна карміць расіян дармавым па сабекошце пальмавым алеем замест беларускага масла. Аднак жа не ўсё нядобрасумленным імпарцёрам масленіца.
Другі ахоўны бар’ер агульнага рынку — таксама з саюзнага райдара Лукашэнкі. Сёлета юрыдычнае афармленне атрымаў «тавар Саюзнай дзяржавы». Важна, каб за прыгожым афіцыйным знакам рушылі ўслед рэальная падтрымка і абарона інтарэсаў беларускіх і расійскіх вытворцаў агульнага прадукту.
Трэцяя заўвага ад Мінска ўлічана ў асноўным напрамку сумеснай работы на наступныя тры гады: забеспячэнне тэхналагічнага суверэнітэту Саюзнай дзяржавы і тэхнічнага парытэту з іншымі краінамі. Вось гэта рэальная звязка ў інтарэсах нашых вытворцаў і простых спажыўцоў. Ужо хутка запусцяць прыгранічныя чыгуначныя перавозкі па маршрутах Віцебск — Смаленск і Орша — Смаленск. Гаворка ідзе аб інтэграцыі новых хуткасцяў. «У саюзным будаўніцтве мы ідзём „ад жыцця“, пачынаючы больш высокі ўзровень інтэграцыі і стварэнне міждзяржаўных структур там, дзе гэта наспела», — рэзюмаваў Першы.
Так, гэты Вышэйшы дзяржсавет быў накіраваны на эканоміку. Кіраўнікі дзяржаў працавалі 5 гадзін. Поруч увесь час. Таймінг самой сустрэчы сведчыць аб шырокасці тэм і цвёрдай пазіцыі кожнага з бакоў. Неабходны тэхналагічны суверэнітэт, стаўка на ўласныя рэсурсы і кампетэнцыі, прыярытэт саюзнага прадукту і абарона агульнага рынку Саюзнай дзяржавы — галоўныя эканамічныя задачы. Здаецца, усё ёсць. І галоўнае — ёсць цвёрдая і непахісная палітычная воля.
У фокусе ўвагі перш за ўсё — эканоміка. Умацаванне гэтага базісу нашага Саюза і дабрабыту грамадзян. Не палітыкі. Вядома, няма тут палітыкі. Суцэльная геапалітыка. Відавочна ж: камусьці мы замінаем. Прычын некалькі: наша прастора размешчана паміж Еўрасаюзам і Кітаем, тут жа хоць неяк спрабуе прысутнічаць ЗША. А з пачаткам СВА гэтая тэрыторыя стала кропкай біфуркацыі для далейшага светаўладкавання.
Сяброўства з Расіяй не накіравана супраць кагосьці, але нас пастаянна спрабуюць пасварыць. Сляпыя, з году ў год адно і тое ж. І асабліва перад самітам Саюзнай дзяржавы. Зразумела, патрэбна калі не перамога, дык хаця б сенсацыя. Не толькі еўрафункцыянеры ЕС, але і пэўныя транскарпарацыі ў гэтым зацікаўленыя.
Яно і нядзіўна, бо саюзны працэс унікальны і мае рэальны вынік. Адна Айчына — дзве дзяржавы, прадаваць будзем усюды, дзе купляюць. Можа, калі раней і саромеліся так казаць прама, то цяпер зразумела, што няма чаго саромецца. І ўсё зразумела. Відавочна ж, што пры цяперашніх лідарах не здрадзім адзін аднаму. Хоць наш Прэзідэнт пра «спіна да спіны» папярэджваў яшчэ падчас усялякага роду «малочных войнаў».
Краіны — дзве, Айчына — адна. Гэта тоесна адной цывілізацыі. Усходнеславянскай. Таму не варта драбніць наконт дзяржаўных граніц або тэрытарыяльнага пытання. Час пашырыць межы ўспрымання да ўсходнееўрапейскай цывілізацыі. І гэта будзе самае ёмістае і дакладнае азначэнне.
Калі ў эканоміцы ды і ў некаторых палітычных момантах спрабуюць раздзьмуць супрацьстаянне паміж Мінскам і Масквой, то нас заўсёды аб’ядноўвае (і будзе аб’ядноўваць) выразная пазіцыя тысячагадовых узаемаадносін і самых што ні на ёсць спрадвечных цывілізацыйных аксіём — павагі да інстытута традыцыйнай сям’і, пажылых людзей, пераемнасці пакаленняў. Згадайце 9 Мая! Гэта прызнаюць нават тыя, хто спрабуе купіць нас айфонамі і тэсламі. Такой сумеснай Перамогі ні ў аднаго народа не было, і яе ніхто не зможа адабраць і зменшыць. Інтэграцыя Мінска і Масквы, як бы ні гучала пафасна, павінна стаць саюзам няўхільных ісцін, інтэграцыяй Перамогі, саюзам сапраўднай якасці. І, зразумела, не толькі ў спажывецкім сэнсе. Так што — спіна да спіны. І толькі наперад!
Яўген ПУСТАВОЙ