Саюзная дзяржава ўяўляе сабой наддзяржаўнае ўтварэнне Расіі і Беларусі, створанае згодна з двухбаковым дагаворам 8 снежня 1999 года. Яно прадугледжвае паэтапную арганізацыю адзінай палітычнай, эканамічнай, ваеннай, мытнай, валютнай, юрыдычнай, гуманітарнай, рыначнай і культурнай прасторы.
Асаблівасць інстытуцыйнай сістэмы Саюзнай дзяржавы заключаецца ў спалучэнні прынцыпаў пабудовы федэратыўнай дзяржавы і прынцыпаў міжнароднай арганізацыі, таму што першыя працуюць на базе раздзялення ўлад, а другія на аснове размеркавання прадметных кампетэнцый паміж дзяржаўнымі органамі і міжнароднай арганізацыяй.
На жаль, з моманту свайго ўтварэння Саюзная дзяржава разглядалася ЗША і Еўропай у якасці варожага для іх альянсу. Больш за тое, на працягу дзесяцігоддзяў адзначалася пашырэнне спектра пагроз у адносінах як да Расіі, так і да Беларусі. Нялішнім будзе нагадаць, што заходнія дзяржавы ўвесь час парушалі дамоўленасці, актыўна выкарыстоўвалі сілавы кампанент і санкцыі ў якасці аргументаў міжнароднай палітыкі.
Яскравыя таму прыклады Будапешцкія пагадненні 1994 года аб гарантыях Беларусі ўзамен на вывад ядзернай зброі і СССР (Расіі) аб непашырэнні НАТА на Усход. У першым выпадку гаворка ішла аб: павазе незалежнасці, суверэнітэту і існуючых меж; непрымяненні ўласнага ўзбраення супраць краіны; устрыманні ад эканамічнага прымусу, накіраванага на падпарадкаванне ўласным інтарэсам. У другім даваліся абяцанні ў рамках вырашэння пытання аб’яднання Германіі і фарміравання еўрапейскай «сістэмы бяспекі».
Разам з тым ужо ў 1997 годзе санкцыі супраць Беларусі ўвёў Еўрасаюз і яго член Вялікабрытанія, а з 2006-га — ЗША. Як толькі Расія выканала ўсе свае абавязацельствы і вывела войскі з Еўропы, усе дамоўленасці былі забыты і пачалося паслядоўнае пашырэнне НАТА ва ўсходнім кірунку (1999, 2004 і далей). Па сутнасці, само стварэнне Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расіі стала вынікам зневажання Захадам міжнароднага заканадаўства.
Бяспека — запыт часу
З высокай доляй верагоднасці можна сцвярджаць, што Саюзная дзяржава — вынік палітычнага працэсу па пошуку балансу паміж нацыянальнымі інтарэсамі дзяржаў і аб’яднання намаганняў для далейшага развіцця, пераадолення сучасных выклікаў і пагроз у розных сферах жыццядзейнасці (уключаючы ваенную) у мэтах павышэння якасці жыцця нашых народаў.
Прыбліжэнне НАТА да межаў Расіі і Беларусі, удасканаленне ваеннай інфраструктуры на сумежных тэрыторыях, нагнятанне мілітарысцкай рыторыкі і ігнараванне дамоўленасцяў прымусілі звярнуць самую пільную ўвагу на ваенную сферу. Мінск і Масква ўсвядомілі, што толькі разам здольныя супрацьстаяць ваенным пагрозам. Вынікам гэтага стаў падпісаны 19 снежня 1997 года двухбаковы Дагавор аб ваенным супрацоўніцтве, які меў стратэгічны характар. Ён прадугледжваў узаемадзеянне ў ваеннай і ваенна-тэхнічнай сферах, якое ажыццяўляецца ў інтарэсах забеспячэння ваеннай бяспекі Саюзнай дзяржавы і накіравана на падтрыманне неабходнага ваеннага патэнцыялу, якасную падрыхтоўку Узброеных Сіл, планаванне сумесных мер па прадухіленні ваеннай пагрозы і адбіцці агрэсіі на агульнай абароннай прасторы.
Гэты своечасовы ваенна-палітычны крок садзейнічаў стабілізацыі абстаноўкі і з’явіўся эфектыўным крокам стратэгічнага стрымлівання, аднак не змяніў агрэсіўнай ваенна-палітычнай рыторыкі Захаду. Усё ХХI стагоддзе характарызавалася ростам напружанасці і пашырэннем спектра пагроз у адносінах да Беларусі і Расіі. Пастаянны эканамічны, фінансавы і інфармацыйна-псіхалагічны націск ажыццяўляўся шляхам узмацнення санкцый у розных сферах, стварэння неспрыяльных умоў гандлёва-гаспадарчай дзейнасці, палітызацыі міжнародных інстытутаў і разбурэння саюзаў. Вядучыя дзяржавы ўключыліся ў бескампрамісную барацьбу за геапалітычнае дамінаванне, а планета знаходзіцца ў стадыі фарміравання шматпалярнага светаўладкавання.
На Лонданскім саміце Паўночнаатлантычнага саюза 2019 года запушчаны працэс рэфармавання і далейшага пашырэння НАТА. У гэты ж час выйшаў у свет аналітычны даклад карпарацыі RAND, выкананы па заказе ўрада ЗША, пад назвай Extending Russia. Competing from advantageous ground («Расцягваючы Расію. Супрацьстаянне з выгадных пазіцый»). У яго рамках, яшчэ ў маі 2019 года, планавалася шляхам эскалацыі ўнутранага пратэснага патэнцыялу пазбавіць Расію саюзнікаў, стварыць уздоўж яе заходніх меж «санітарны кардон» і ўключыць Беларусь у сферу ўплыву Захаду. Як вынік, у жніўні 2020 года аб’ектам дэструктыўнага ўздзеяння стала Рэспубліка Беларусь.
У даследаванні RAND 2021 года, выкананым па заказе Вашынгтона, «Канкурыраваць з Расіяй па-ваеннаму. Наступствы звычайнага і ядзернага канфліктаў» гаворка ішла аб «разлажэнні саперніка знутры», падрыве эканомікі за кошт палітыкі ізаляцыі і санкцый, а таксама прамым ваенным супрацьстаянні «чужымі рукамі».
Усведамляючы верагоднасць далейшай эскалацыі, 4 лістапада 2021 года Беларусь і Расія прынялі Ваенную дактрыну Саюзнай дзяржавы. У канцы 2021-га Расія сфарміравала прапановы па забеспячэнні гарантый уласнай бяспекі з боку ЗША і НАТА. У прыватнасці дэкларавалася неабходнасць юрыдычнага замацавання адмовы ад далейшага пашырэння альянсу на ўсход, ад далучэння да блока Украіны і ад стварэння вайсковых баз у постсавецкіх краінах. Акрамя таго, прапаноўвалася не размяшчаць ударныя ўзбраенні НАТА каля меж Расіі і адвесці сілы на пазіцыі 1997 года.
Тры этапы перагавораў, якія прайшлі ў студзені 2022 года, паказалі, што пазіцыя альянсу па пытанні пашырэння застаецца нязменнай, а Захад цалкам ігнаруе расійскія інтарэсы. На словах дэкларуючы прынцыпы міралюбнасці, Паўночнаатлантычны саюз даўно стаў інструментам аперыравання ЗША і ўсе яго памкненні злучаны з аслабленнем Расіі. Калектыўнае нашпігоўванне Украіны зброяй і ігнараванне Мінскіх пагадненняў, падтрымка прафашысцкай палітыкі Кіева і заахвочванне генацыду ўласнага народа на Данбасе, адмова ад замацавання гарантый бяспекі — паслужылі прычынамі пачатку Расіяй спецыяльнай ваеннай аперацыі (СВА) у лютым 2022 года.
Спіна да спіны супраць агульнай бяды
Упэўненасць Захаду ва ўласнай здольнасці перамагчы Расію і яе саюзнікаў на полі бою прывяла да поўнага разрыву палітычных адносін. Беларусь, нараўне з Масквой, была абвешчана «агрэсарам», а на Мінск абрынуліся ўсе магчымыя санкцыі. Пры гэтым зусім не ўлічвалася тое, што беларускія вайскоўцы не ўдзельнічалі ні ў якіх баявых дзеяннях.
Наша краіна, верная саюзніцкім абавязацельствам, надзейна прыкрыла заходні аператыўны напрамак, выключыўшы магчымасць удару па Расіі праз уласную тэрыторыю. Акрамя таго, Беларусь задзейнічала ўвесь свой эканамічны, прамысловы, навуковы патэнцыял для мінімізацыі ўрону саюзнікам ад санкцый, разгортвання імпартазамяшчэння і ўсебаковай падтрымкі Масквы. Гэта выклікала лавіну негатыву і спроб палітычнай ізаляцыі Мінска з боку ЗША і ЕС.
Па сутнасці, з 2022 года ЗША і іх сатэліты запусцілі працэс знішчэння Саюза Расіі і Беларусі з дапамогай эканамічнага ўдушэння і «гібрыднай» вайны рукамі ўкраінскага рэжыму. Захаванне ўласнага дамінавання стала галоўнай ідэяй Захаду і спарадзіла новую хвалю гвалту, а сіла ператварылася ў галоўны міждзяржаўны аргумент.
Абноўленыя ў 2022 годзе Стратэгія нацыянальнай бяспекі ЗША і Стратэгічная канцэпцыя НАТА проста заклікалі да «глабальнай барацьбы» супраць Расіі і яе саюзнікаў. Захад, аб’яднаны страхам страты ўласнага дамінавання і прывідам рэсурснага дэфіцыту, вызначыў ворага, удакладніў цэль і прадэманстраваў гатоўнасць абараняць «дэмакратыю і свабоду», рабаваць іншых. У лік галоўных ворагаў заходняга свету былі ўнесены Беларусь і наш саюзнік Расія, а мілітарыстычная рыторыка стала асновай іх палітыкі.
ЗША і Еўрасаюз на практыцы рэалізоўвалі свае стратэгіі, эканамічна душылі Расійскую Федэрацыю і Беларусь, уводзілі загадзя падрыхтаваныя санкцыйныя пакеты, замарожвалі дзяржаўныя актывы, ірвалі лагістычныя сувязі, знішчалі стратэгічныя камунікацыі, нарошчвалі ваенныя бюджэты. НАТА, заяўляючы аб сваім няўдзеле ў канфлікце, стала стратэгічным тылам кіеўскага рэжыму, які забяспечвае яго рэсурсамі, узбраеннем, базамі для падрыхтоўкі войскаў, дарадцамі і фінансамі для вярбоўкі наёмнікаў. Альянс аб’яднаў свае шэрагі перад «пагрозай дэмакратычным прынцыпам» і ўпэўненасцю ў хуткай перамозе.
У гэтых умовах Саюзная дзяржава была вымушана прымаць адэкватныя абстаноўцы рашэнні і аператыўна рэалізоўваць меры стрымлівання, мэтанакіравана выконваючы двухбаковыя абавязацельствы.
Мір — галоўны прыярытэт Саюзнай дзяржавы
Ваенная аперацыя на Украіне, размяшчэнне паблізу нашых меж тысяч адзінак наступальнай зброі, функцыянаванне на сумежных тэрыторыях цэнтраў падрыхтоўкі баевікоў, рэваншысцкія планы асобных суседзяў сталі прычынай удакладнення асобных пытанняў у галіне абароны.
Адказам на празмерную актыўнасць НАТА стала заява, якая прагучала на сустрэчы Аляксандра Лукашэнкі і Уладзіміра Пуціна 23 ліпеня 2023 года ў Санкт-Пецярбургу: «Агрэсія супраць Беларусі — гэта агрэсія супраць Расіі. На гэта мы будзем адказваць усімі наяўнымі ў нас сродкамі». Выразна і гранічна ясна, без рэверансаў і недамовак.
У працяг тэмы перапрацаваны ў адпаведнасці з сучаснымі рэаліямі Канцэпцыя нацыянальнай бяспекі і Ваенная дактрына Рэспублікі Беларусь, прынятыя Усебеларускім народным сходам у красавіку 2024 года. Знакавым стала рэалізаванае ў рамках Саюзнай дзяржавы рашэнне па размяшчэнні на тэрыторыі Беларусі тактычнай ядзернай зброі. Гэты крок — асіметрычны адказ на мілітарысцкую рыторыку заходніх краін і магутны элемент стратэгічнага стрымлівання, які дазволіў мінімізаваць абарончыя выдаткі дзяржавы.
19 лістапада 2024 года быў зацверджаны і апублікаваны дактрынальны дакумент «Асновы дзяржаўнай палітыкі Расійскай Федэрацыі ў галіне ядзернага стрымлівання», названы таксама ядзернай дактрынай. Уладзімір Пуцін анансаваў унясенне змяненняў у яе на нарадзе 25 верасня. Пры гэтым было абвешчана, што канцэптуальна расійская ядзерная дактрына з’яўляецца адаптыўным дакументам, які можа рэагаваць на змены абстаноўкі.
Сярод асноўных дапаўненняў: Масква разглядае як сумесны напад агрэсію з боку няядзернай дзяржавы пры падтрымцы ядзернай і гатова прымяніць ядзерную зброю ў выпадку агрэсіі супраць Беларусі як удзельніка Саюзнай дзяржавы.
Наступнай мерай па разрадцы ваеннай напружанасці стала зацвярджэнне 6 снежня 2024 года на пасяджэнні Вышэйшага дзяржсавета Саюзнай дзяржавы ў Мінску адзінай Канцэпцыі бяспекі і падпісанне дагавора аб гарантыях бяспекі. Менавіта ратыфікацыя апошняга ў сакавіку 2025 года стала прычынай чарговай інфармацыйнай хвалі ў СМІ. Акрамя таго Прэзідэнты Беларусі і Расіі ўзгаднілі размяшчэнне на беларускай зямлі найноўшай ракетнай сістэмы «Арэшнік», здольнай забяспечыць баланс сіл у Еўрапейскім рэгіёне без уцягвання саюзнікаў у новую гонку ўзбраенняў.
Гэта яшчэ раз пацвярджае, што Саюзная дзяржава — прыклад паважлівых адносін краін адна да адной, узаемнай падтрымкі ў цяжкія часы, кансалідацыі намаганняў, знаходжання кампрамісаў на нялёгкім шляху стварэння і забеспячэння міру насуперак знешняму негатыўнаму ўздзеянню.
Узаемныя гарантыі бяспекі
Лічу мэтазгодным больш дэталёва спыніцца на змесце «Дагавора паміж Рэспублікай Беларусь і Расійскай Федэрацыяй аб гарантыях бяспекі ў рамках Саюзнай дзяржавы».
Дакумент ужо ў прэамбуле канстатуе, што бакі «прызнаюць неабходнасць нарошчвання сумесных намаганняў для эфектыўнага рэагавання на сучасныя выклікі і пагрозы ў мэтах умацавання бяспекі бакоў у рамках агульнай абароннай прасторы Саюзнай дзяржавы».
У артыкуле 1 адзначаецца: «Бакі пацвярджаюць, што развіццё іх двухбаковых адносін у сферы забеспячэння бяспекі не накіравана супраць іншых дзяржаў... яны процідзейнічаюць любым спробам нядобрасумленнага і адвольнага тлумачэння агульнапрызнаных прынцыпаў і нормаў міжнароднага права, у тым ліку замацаваных у Статуце Арганізацыі Аб’яднаных Нацый».
Асаблівае непрыманне ў апанентаў выклікаюць артыкулы 2, 4 і 6. Першы замацоўвае, што «Бакі абавязваюцца падтрымліваць адзін аднаго ўсімі ўзгодненымі і дапушчальнымі міжнародным правам спосабамі і сродкамі і прымаць адпаведныя дзеянні ў палітычнай, ваеннай і іншых сферах у выпадках замахаў на бяспеку любога з бакоў і Саюзнай дзяржавы ў цэлым».
Другі тлумачыць «Бакі разглядаюць узброены напад на дзяржаву — удзельніцу Саюзнай дзяржавы як акт агрэсіі супраць Саюзнай дзяржавы ў цэлым і будуць прымаць адпаведныя меры ў адказ з выкарыстаннем усіх сіл і сродкаў, якія знаходзяцца ў іх распараджэнні...». І нарэшце трэці канстатуе «ядзерная зброя Расійскай Федэрацыі можа быць прыменена ў адказ на прымяненне супраць любога з бакоў ядзернай зброі або іншых відаў зброі масавага паражэння, а таксама ў выпадку агрэсіі супраць любога з бакоў з прымяненнем звычайнай зброі, якая стварае крытычную пагрозу яго суверэнітэту або тэрытарыяльнай цэласнасці».
Па сутнасці, дакумент, які ўключае ўсяго 9 артыкулаў, аб’ядноўвае і канкрэтызуе ўсе папярэднія двухбаковыя абавязацельствы Беларусі і Расіі. Ён з’яўляецца лагічным вынікам працяглага шляху станаўлення Саюзнай дзяржавы ў галіне ваеннай бяспекі, які адпавядае сучасным умовам абстаноўкі.
Саюзная дзяржава Беларусі і Расіі выстаяла перад нябачаным кансалідаваным ударам Захаду на чале з ЗША. Яна прадэманстравала жыццяздольнасць, гатоўнасць адстойваць інтарэсы сваіх народаў і прыклад для пераймання дзяржавам, якія імкнуцца да шматпалярнага свету. Аб нашу стойкасць разбілася адзінства «заходняга» лагера, заснаванае на рабаванні, падмане і тэхналагічнай перавазе. Мы даказалі, што «жыць разам, паважаючы адно аднаго, — больш надзейна і бяспечна».
На змену сілавому дыктату павінны прыйсці дыялог і кансэнсус інтарэсаў, а гэтую геапалітычную рэальнасць пара ўсвядоміць усім дзяржавам планеты.
Мікалай БУЗІН, старшыня Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў, доктар ваенных навук, прафесар