Top.Mail.Ru
0

Справа для талакі

Аўтар: Яўген Пуставой
16.07.2025 | 19:31
Выпрабаванні заўжды аб’ядноўваюць. У цяжкасцях выяўляюцца сапраўдныя рысы народа. Нездарма ж кажуць: сябры пазнаюцца ў бядзе. Спрадвеку нашым продкам больш падабалася разам працаваць на роднай зямлі, паліваць яе потам, а не крывёй. І талакой усе нягоды адолелі. Хіба не адсюль нават назва райцэнтра — Талачын. Талакой асушалі дрыгву, асвойвалі непралазнае Белавежжа, разам будавалі цяперашнія аб’екты сусветнай спадчыны, краіну, будучыню.

А ці не гэта калектыўнае адчуванне талакі дапамагло нам не знікнуць на перакрыжаванні цывілізацый і эпох, перамагчы бясконцую зграю акупантаў-еўрапейцаў. Прычым неаднойчы тая хеўра прыходзіла па нас. Талакой партызанілі, а пасля аднаўлялі зруйнаваную Беларусь, чарнобыльскую навалу таксама перажывалі талакой. Таму і суботнікі — гэта не савецкі перажытак, а фармалізацыя нацыянальнай рысы.

Разам мы так хораша ўмеем не толькі адпачываць, адзначаць святы — ад Дня Незалежнасці да «Купалля» і «Славянскага базару». Сапраўдны марафон адзінства здараецца і падчас выпрабаванняў. Так адбылося і сёлетнім ліпенем — пры ліквідацыі наступстваў прыроднай стыхіі. Як вядома, у выніку навальнічнага фронту з парывамі вятроў пацярпелі 27 населеных пунктаў у трох абласцях краіны: Магілёўскай, Віцебскай і Мінскай. Больш за ўсё дасталася Магілёўшчыне — там было пашкоджана амаль 380 аб’ектаў, а ў цэлым трэба аднавіць 460 збудаванняў.

У Гарадоцкім, Магілёўскім, Шклоўскім раёнах і ў самім Магілёве быў уведзены надзвычайны рэжым функцыянавання рэгіянальных падраздзяленняў МНС. На дапамогу прыйшла дзяржава. Задзейнічалі амаль паўтысячы адзінак тэхнікі і 1500 чалавек. Усе зацікаўленыя службы працавалі не пакладаючы рук і ў поўным узаемадзеянні. Аднаўленчыя работы працягваліся і ўначы. Супрацоўнікі МНС зрабілі ўсё, што павінны і абяцалі. Пацярпелым ад непагадзі акажуць належную матэрыяльную дапамогу.

Такія выпрабаванні — яшчэ і экзамен функцыявання ўсёй дзяражаўнай вертыкалі. Мясцовая ўлада, людзі ў пагонах, грамадзяне — усе разам аднаўлялі парушанае стыхіяй. Увесь гэты час сітуацыю маніторыў кіраўнік дзяржавы. І пакуль уся краіна спявала «Купалінку», пад асабістым кантролем Першага адказныя асобы ліквідавалі наступствы ўрагану. Такая вось дыктатура парадку.

Так, мы ўмеем арганізоўваць святы, фестывалі, міжнародныя саміты. Але моц дзяржавы праяўляецца якраз у складаныя часы, падчас іспытаў — палітычных, тэхнагенных, прыродных. І мы ўсё талакой выстаялі. Вось ён — сакрэт беларускай мадэлі. Перакананы, што і надалей мы вытрымаем любыя ўраганы. І ніякія паўночнаатлантычныя вятры не пашкодзяць наш свет і не разбураць беларускі мір. Мы разам, і ў кожнага ў сэрцы любімая Беларусь. А любімых не аддаюць!

Фота БелТА

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю