Часам дэмакратыя ператвараецца ў палітычную дэмагогію. Каб не разводзіць яе, варта выкарыстоўваць выключна факты. Аб гэтым сведчыць геапалітычны досвед менеджменту з выбаркай планетарнага маштабу. Антычная полісаманія скончылася Фермапіламі. Шляхецкія вольнасці імперыі еўрапейскага міжрэчча — Рэчы Паспалітай — «пецярбургскімі канвенцыямі»: «фанабэрыстае крулеўства» было падзелена на такія лапікі, што нават чыншавая шляхта калядныя пірагі не рэзала.
А зараз як? А цяпер замест тусоўкі скамечанага Давоса, закрытага цяжкімі цёмнымі шпалерамі Більдэрберга і замшэлага Рымскага клуба, які «пазелянеў» ад запалу да экалогіі, ёсць асобныя апартаменты. За асобны столік лорды ў фраках, сэры ў авечых кажухах запрасілі лічбавых мільярдэраў у касцюмах пад макасіны. Постмадэрнізм. Ва ўсім. У філасофскай думцы таксама. Цэлыя філасофскія школы спрабуюць абгрунтаваць «новыя нармальнасці». А марыянетачныя байдэны, агрэсіўныя мерцы і выкрутлівыя макроны — кіраваць народамі і краінамі.
Калектыўны Сорас зросся з калектыўным Ротшыльдам, у іх жа кампаніі — калектыўны Цукерберг. Залаты тандэм. «Сусветная эліта» вызначаецца не толькі па блакіце крыві, але і па валоданні інфармацыяй, часам самай цікавай і загадкавай, яны зрасліся з уладальнікамі сусветных грошай і лічбавых сетак. Насамрэч «пачвара».
У нас усё інакш. І аб’яднанне дзвюх частак адзінай Беларусі таксама прайшло «з блаславення» народнага сходу. Такая гістарычная сутнасць цяперашняга УНС. Свой міралюбівы фон сход беларусаў узмацніў у 1996-м. У найцяжэйшыя гады станаўлення краіны ініцыятарам народнага веча стаў Прэзідэнт. Параіцца з беларусамі па самых складаных пытаннях, выпрацаваць стратэгію развіцця. Ды проста без сацыялагічных хібнасцяў — пачуць грамадства. Цяпер УНС — ва ўмовах адкрытай знешняй канфрантацыі і геапалітычнай турбулентнасці — найвышэйшы прадстаўнічы орган з канстытуцыйным статусам і дадатковымі паўнамоцтвамі.
Якой па змесце быць форме народаўладдзя, прапанавалі заканадаўцы. А потым з тлумачэннямі афіцыйныя асобы паехалі «ў народ». Узор народаўладдзя. Сцяжынка пракладзена — гэтак жа збіралі канстытуцыйныя папраўкі. У выніку ідэі кожнага будуць увасоблены ў агульным дакуменце. Зразумела, усе ініцыятывы перагледзяць, прааналізуюць, каб улічыць інтарэсы ўсіх і перш за ўсё дзяржавы.
УНС ставіць выразную кропку ва ўсіх спрэчках. Каб перамены, грамадскі дыялог адбываліся не па інструкцыях дэструктыўных і чужаземных ТГ, краіна павінна развівацца па беларускім сцэнарыі. Без мардабою і «батлаў» з сілавікамі. Прадумана, размерана, памяркоўна, як мы любім казаць.
Падчас канстытуцыйных змен такая форма народаўладдзя здала іспыт на падтрымку грамадства. Цяпер модна казаць — «грамадзянская супольнасць». Прэзідэнт на кожнай нарадзе па некалькі разоў падкрэсліваў: УНС — гэта не элітарны пленум; гэта пляцоўка, на якой сустракаецца ўся Беларусь. Зрэз усяго грамадства.
Гэта самая што ні на ёсць стратэгічная планёрка дзяржаўнага маштабу. У адным месцы штогод збіраюцца ўсе: вышэйшыя службовыя асобы, адказныя за развіццё ўсіх галін і сфер; давераныя асобы ад народа; тыя, хто прымае законы і тыя, хто сочыць за выкананнем законаў. А галоўнае — усе мы: настаўнікі, урачы, аграрыі, завадчане, айцішнікі, навукоўцы, журналісты, актывісты грамадска-палітычнага жыцця, эксперты.
Без таксічных пастоў у сацыяльных сетках, прама ў вочы адзін аднаму — аб набалелым, важным, галоўным. Што яшчэ можа быць больш дэмакратычным? Я нават не ўяўляю, каб кангрэсмены ЗША абмяркоўвалі важныя рашэнні з фермерам з Ілінойса ці слесарам з Дэтройта. Або, напрыклад, каб у Вестмінстэрскім палацы разам з лордамі і пэрамі сядзела б шматдзетная маці або малочніца з Уэльса. У нашым УНС так і будзе. Вось — Прэзідэнт, а вось — камбайнер. Раз у год — абавязкова (а калі спатрэбіцца, то і часцей) — сабраліся, дамовіліся, раз’ехаліся ўвасабляць у жыццё.
Каб не было ў краіне майданных пажарышчаў «васільковых рэвалюцый», ад уплыву заморскіх пачвар у нас ёсць прылада палітычнага экзарцызму. УНС — орган стратэгічных рашэнняў. Бацькам Сходу як стратэгічнага інструмента дзяржаўнага кіравання стаў Прэзідэнт. Гістарычна і палітычна да гэтага трэба было пасталець, дайсці. Ад адзінаначалля — да такога калегіяльнага органа. Прычым без адчувальных узрушэнняў, а спакойна, менавіта па-беларуску. За апошнія дзесяцігоддзі такі сур’ёзны апгрэйд палітычнага ўкладу краіны невядомы свету.
Сёння ў вялікай зале ўбачым кожны сябе. Гэта і будзе Беларусь у мініяцюры, кансалідаваная адказнасць за краіну. УНС — тры літары, у якіх тры прычыны для нацыянальнага гонару. Першая — уласна ўнікальная ідэя рэалізацыі вялікага народаўладдзя, другая — шлях увасаблення, ён філігранны, трэцяя — выпрабаванне. Здавалася б, у складаны перыяд самы час узмацніць жорсткасць персаніфікаванай цэнтралізацыі, але ў нас поўным ходам ідзе рэалізацыя ўнікальнага праекта народаўладдзя. Гэта сведчыць толькі аб адным: аб моцнай мадэлі нашай дзяржавы, якая прайшла (і праходзіць) самую жорсткую і бескампрамісную праверку часам. Нездарма ж з падачы Першага пайшло крылатае: час выбраў нас!
Яўген ПУСТАВОЙ, дэлегат УНС.