Top.Mail.Ru
0

Свой хлеб

Аўтар: Яўген Пуставой
31.07.2025 | 10:03

Лета — час натхнення, узнёслых і амбіцыйных задач. Час ужо не дзяцінства, а юнацтва. Нібы тыя птушаняты, на крыло становіцца наша моладзь. І так кожны год, дзесяцігоддзі запар. Такі кругазварот у прыродзе — энергія жыцця, законы часу. Такі і сярод нас — людзей. Пакаленні за пакаленнямі набываюць веды, выходзяць у дарослае жыццё, робяць нашу краіну лепшай, прыгажэйшай, мацнейшай. А ўсё пачынаецца з авалодання прафесіяй. І насамрэч інтарэс моладзі да той або іншай спецыяльнасці — люстэрка развіцця грамадства. Адказ на пытанне «У якім напрамку рухаецца наша Беларусь?»



Калі ў моладзі ёсць інтарэс да навукі, прага да ведаў, жаданне авалодаць прафесіяй, кампетэнцыямі, то гэта прыкмета здаровага грамадства. У сучасным свеце адзначаецца тэндэнцыя — стомленасць ад жыцця. Не ад працы, не ад цяжкасцяў — ад жыцця. Прычым стомленасць тая адзначаецца не ў людзей «сярэбранага» альбо сярэдняга ўзросту, а ў моладзі. І хтосьці нябачнай рукой знарок накручвае такія тэндэнцыі ў грамадстве. Мэта — відавочная: «стомленая» моладзь не адстаіць будучыню сваёй краіны.

А ў нас іншая сітуацыя. Актыўнасць падчас уступнай кампаніі сведчыць аб ініцыятыўнай жыццёвай пазіцыі новага пакалення, якое імкнецца да развіцця. Не пасіўнага жыцця, не «па цячэнні», а наперад — у будучыню. У гэтым значны рэзерв для развіцця краіны. Сёлетняя адметнасць — вялікі попыт на рабочыя спецыяльнасці. Гуманітарыі, палітолагі, гісторыкі, сацыяльныя камунікатары — усё гэта добра. І на гэтыя спецыяльнасці заўсёды вялікі конкурс. Але ж дзяржава існуе не толькі дзякуючы эканоміцы ведаў. Якія б зрухі ні анансавалі ў недалёкай будучыні — маўляў, штучны інтэлект, тэхналогіі, сфера паслуг, але без рэальнага ў эканоміцы не зможа існаваць ні грамадства, ні краіна.

У наш час глабальных перамен, пошуку далейшага развіцця, барацьбы за сусветнае лідарства дзьмуць не вятры, а нават ураганы і тарнада перамен. Аснова, фундамент — ежа, адзенне, тэхніка, будоўля, лекі... У гэтым чалавецтва заўжды будзе мець патрэбу. Без смартфонаў і софтаў пражыць можна, а без хлеба... Як некалі трапна заўважыў Першы: «Айфон на лусту хлеба не намажаш».

Віртуальныя кампетэнцыі заходнія «гаспадары» не аддадуць. Дык у нас ёсць свае нішы — спрадвечныя. А іх віртуальныя кампетэнцыі адлюстроўваюць і віртуальнасць унутранага валавога прадукту, і самой фінансавай сістэмы. Дарэчы, без звычайнай энергетыкі ўся тая сфера проста знікне — праверана досведам.

А яшчэ адна акалічнасць. «Тавары будучыні» — гэта асаблівая філасофія жыцця. Смарт-светапогляд. Дзе ні грамадзянства, ні якасці чалавека, ні яго перажыванні нікому не важныя, нават сам чалавек знаходзіцца ўбаку. Бессардэчная і прагматычная праграма алгарытмаў.

І тут галоўнае слова за новымі пакаленнямі. І вось наша моладзь зрабіла свой выбар. У Беларусі адзначаецца значная цікавасць да паступлення ў каледжы, асабліва пасля 9-га класа. Гэта звязана з жаданнем моладзі атрымаць прафесійную адукацыю і пачаць працоўную дзейнасць раней, а таксама з магчымасцю навучання на бюджэтнай аснове ў каледжах. Вельмі вялікія конкурсы і прахадныя балы менавіта ў сярэднія спецыяльныя навучальныя ўстановы. Напрыклад, нават падчас падачы дакументаў у Мінскі дзяржаўны тэхналагічны каледж, Мінскі дзяржаўны архітэктурна-будаўнічы каледж і Беларускі дзяржаўны медыцынскі каледж чарга была — не праціснуцца. А гэта сведчыць адразу пра некалькі станоўчых тэндэнцый.

Па-першае, мы не паддаліся таму глабальнаму ціску «заходніх сэнсаў». І не страцілі адну з адметных рыс нацыянальнага характару — захавалі працавітасць. Не перакадзіравалі нас ні ў нацыю «чаўнакоў», ні ў нацыю афіцыянтаў, ні ў нацыю смарт-менеджараў. Мы засталіся нацыяй хлебаробаў і будаўнікоў, урачоў і настаўнікаў, навукоўцаў. Гэта ўдалося дзякуючы ўзважанай дзяржаўнай палітыцы і запыту самога грамадства. Бо працавітасць народа — інвестыцыя не толькі ў эканоміку, гэта наратыў традыцыйнага грамадства.

А яшчэ важней, што інфармацыйныя, ментальныя тэхналогіі не перакадзіравалі нашых дзяцей. Яны шануюць спрадвечную працавітасць продкаў. Канешне, тут прысутнічае і прагматызм, але і ў гэтым вялікі сэнс. Дзеці імкнуцца дапамагчы бацькам, беларуская моладзь мэтанакіравана выбірае карацейшы шлях да свайго заробку. А пасля можна і вышэйшую адукацыю атрымаць.

У краіне старанна створана практычная вертыкаль атрымання ведаў. Прычым кажуць, што менавіта студэнты з ведамі з каледжаў больш матываваныя і дасягаюць найлепшых поспехаў. 

І заробкаў. Бо ў нашай краіне няма запыту на фэйкавых герояў, у цэнтры ўвагі не кіношны прадстаўнік офіснага планктону, а чалавек працы, работнік рэальнага сектара эканомікі. І справа тут не толькі і не столькі ў фінансавых паказчыках, а ў здаровай жыццёвай філасофіі грамадства, якая супадае з дзяржаўнай палітыкай. І вельмі радасна, што наша моладзь выбірае спрадвечную дарогу да шчасця — шлях стваральнай працы.

Яўген ПУСТАВОЙ.


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю