Ёсць легенда, як залежы соляў з’явіліся ў нашай зямлі. Занадта часта нашым продкам даводзілася пакутаваць ад акупантаў і араць, гнуць спіны на чужых паноў — ліць слёзы і пот, якія, як вядома, салёныя. Вось і ўзнагародзіў Гасподзь нас такімі залежамі. Міф, які пераклікаецца з гістарычнай праўдай. Сапраўды, па запасах і аб’ёме вытворчасці калійных солей мы на трэцім месцы ў свеце (пасля Канады і Расіі), а на долю дзяржаўнага прадпрыемства «Беларуськалій» прыпадае каля адной пятай часткі сусветнай вытворчасці калійных угнаенняў. Але мы не раскідваемся сваімі запасамі. І па-гаспадарску вырашылі падысці нават да солевых адвалаў.
На не тыповы для Беларусі «горны» ландшафт каля калійных шахт Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу яшчэ за савецкім часам. Калі стаў Прэзідэнтам, даручаў падумаць над вырашэннем гэтага пытання, бо жыхарам навакольных вёсак нясоладка даводзіцца, калі вецер падымае саляны пыл, але кіраўніку дзяржавы адказалі тады: не, гэта складана, няхай будзе як ёсць. Але не з энергетыкай
Лукашэнкі спыняцца на паўдарозе. Сёлета кіраўнік дзяржавы ўзяў пытанне магчымасці выкарыстання саляных шламаў на кантроль. Сказана — зроблена. Адно з палёў «Дзяржынскага» ператварылі ў эксперыментальны ўчастак. Плошчу 20 га падзялілі на шэсць частак, а перад тым, як пасеяць кукурузу, глебу апрацавалі рознымі спосабамі — без унясення ўгнаенняў і з імі. Выкарыстоўвалася некалькі відаў угнаенняў, як арганічныя і мінеральныя, так і доследныя партыі з торфам і глініста-солевымі шламамі. Кукуруза расла пад наглядам вучоных. Пасля — зроблены назіранні і пэўныя высновы.
Сапраўды, глініста-солевыя шламы — гэта адходы ад здабычы калійных угнаенняў. Важна, што ў іх захоўваецца пэўны працэнт карысных рэчываў, якія нельга тэхнічна аддзяліць, але глеба здольная сама выцягнуць патрэбныя элементы. Прэзідэнт даручыў і ў далейшым праводзіць эксперымент, без дабаўлення арганікі і мінералаў. Чым не варыянт па павышэнні ўрадлівасці пясчаных глеб і складаных зямель? Асабліва на Палессі, ды і ў самім Салігорскім раёне. Шламы будуць аддаваць гаспадаркам бясплатна. Спецыялісты таксама пацвярджаюць, што эксперымент і даследаванні мэтазгодна прадоўжыць, у тым ліку на збожжавых культурах. Можа, зможам з саляных залатыя горы зрабіць.
Аграхолдынг «Дзяржынскі» на вуснах. І на самых складаных участках. Кампанія са сталічнага рэгіёна займаецца вырашэннем праблем Аршанскага мясакансервавага камбіната. Сярод планаў: вытворчасць кармоў для хатніх гадаванцаў у паўч-пакетах. А пакуль штогод у Беларусь увозяцца кармы для хатніх жывёл на 150-200 млн долараў. А колькі яшчэ такіх ніш, якія можна замясціць! Нават пры багацці прадукцыі неабходна павялічваць яе вытворчасць. У Еўропе цяжкасці на харчовым рынку з-за анамалій у прыродзе. «Трэба з суседзямі нам супрацоўнічаць. І з палякамі, і з літоўцамі, латышамі, — падкрэсліў Прэзідэнт. — У гэтай сітуацыі, калі ў Еўропе з прадуктамі харчавання бяда ў сувязі з гэтай засухай, трэба паціху з імі супрацоўнічаць. Суседзі ёсць суседзі. Калі мы не толькі глядзім праз прыцэл адзін на аднаго, але пачынаем эканамічна супрацоўнічаць, гэта сведчыць аб тым, што нам, можа, і вайны пазбегнуць удасца».
Прычын для прэтэнзій да Беларусі — няма. У нас няма геапалітычных амбіцый. Мінску не даруюць блізкія адносіны з Масквой і суверэнную палітыку на міжнароднай арэне. Але мы не крыўдлівыя. Прэзідэнт яшчэ раз даў зразумець: Беларусі неабходна захоўваць дзелавыя сувязі з заходнімі суседзямі, нягледзячы на складаную палітычную абстаноўку. Кіпенне канфлікту можна сублімаваць у супрацоўніцтва ў ацяпляльнай сферы. Напрыклад, дровы ў Літве падаражэлі прыкладна на 40 % у параўнанні з папярэднімі ацяпляльнымі сезонамі. Жыхары краіны ўсё часцей вяртаюцца да ацяплення прыватных дамоў дрывамі.
Але суседзі (дакладней, іхнія эліты) замест таго, каб гандляваць, будаваць масты, сумесныя прадпрыемствы, турыстычныя дыстанцыі, гасцінна сустракаць адзін аднаго, ды і ўвогуле — стварыць трансгранічны шлях дарогамі таго ж ВКЛ альбо Рэчы Паспалітай, бяздумна ўцягваюцца ў шалёную мілітарызацыю рэгіёна... Таму і ў графіку Першага адразу пасля гаспадарчых спраў — нарада Галоўнакамандуючага з сілавікамі.
Эканамічнае супрацоўніцтва, хартыі, сустрэчы на экспертным узроўні і нават прыязныя сустрэчы на палях ААН не гарантуюць бяспекі. Чым мацнейшымі мы становімся, тым больш пільна на нас глядзяць праз біноклі. Праверана на справе: знешнепалітычныя інструменты і міралюбівыя довады дыпламатаў яшчэ выразней гучаць і больш прэзентабельна глядзяцца на фоне моцнай пазіцыі арміі. Дыпламатычны фасад нашай краіны грунтуецца на падмурку моцнай сістэмы нацыянальнай абароны. Таму армія і «абаронка» — заўжды ў цэнтры ўвагі Прэзідэнта.
Кажуць, адзін з самых дзейсных метадаў маніпулявання — страх. Некалі еўрапейцаў палохалі Саюзам. А зараз ужо жыхароў нашых суседніх краін іх палітыкі палохаюць беларусамі. Мэты відавочныя — адцягнуць увагу людзей ад сапраўды значных праблем у сваіх краінах або выгандляваць у старых еўрапейскіх краін грошы ў свае дзіравыя бюджэты. Добра такі «заробак» — на вайну, якой не будзе. Сувалкаўскі калідор для нашых суседзяў — нібы прывід Барбары Радзівіл: ніхто не бачыў, але ўсе гатовы купіць білет, каб сустрэцца. Пагрозай прарыву Сувалак і Польшча, і Літва заўжды трасуць перад палітыкамі Бруселя — каб выбіць грошай. Але Мінск ужо даўно адказаў: неймавернае глупства. Мы ніколі і ні на каго не нападалі за ўсю гісторыю існавання нашай дзяржаўнасці, да таго ж, у адрозненне ад суседніх дзяржаў, у нас няма пагранічных амбіцый. І наш Прэзідэнт тамтэйшым палітыкам, як малому ці хвораму, не стамляецца каторы раз паўтараць: «Ні на каго мы нападаць не збіраемся». І пры гэтым для тых жа ашчэраных у мілітарысцкім запале суседзяў удакладняе: «Мы рыхтуемся да вайны, каб яе пазбегнуць».
Наш Першы, у адрозненне ад суседніх палітыкаў-аднадзёнак, глядзіць у сумесную будучыню. Дзе трэба не фэйкавыя сцэнарыі імітаваць, а супрацоўнічаць. Каб вырашыць міграцыйнае пытанне, каб заняцца забеспячэннем агульнай бяспекі, каб у насельніцтва хапала грошай на бензін і на дровы. Карацей, каб не наламаць такіх дроў, што ўжо не выправіць...
Яўген ПУСТАВОЙ